Педагагічны калектыў Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі горада Дзятлава надае шмат увагі развіццю талентаў навучэнцаў.

Ні адно дзіця, якое наведвае Цэнтр, не застаецца па-за ўвагай педагогаў дадатковай адукацыі, наадварот, яны стараюцца ўключаць сваіх выхаванцаў у розныя віды дзейнасці, заахвоціць да ўдзелу ў конкурсах і выставах.

Адметным талентам прырода надзяліла навучэнца Цэнтра творчасці Аляксандра Радзецкага. Паміж сабой педагогі ўжо празвалі Сашу “другім Левітанам” за прыгожы голас і ўменне выбраць патрэбную інтанацыю. Вось што пра хлопца гаворыць дырэктар Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі горада Дзятлава Таццяна Ваніслаўчык:

– У нас ёсць розныя навучэнцы. Адны ўдзельнічаюць у конкурсах і займаюць прызавыя месцы, а другія месцаў не займаюць, аднак задзейнічаны ў шматлікіх мерапрыемствах уласна нашых, раённых, абласных і нават рэспубліканскіх. Адзін з іх, Саша Радзецкі, нязменны вядучы і актыўны валанцёр. Вельмі хочацца, каб жыхары раёна пазнаёміліся з ім бліжэй.

Што ж, знаёмцеся. Аляксандр Радзецкі навучэнец 10 класа сярэдняй школы №1 горада Дзятлава. Саша прызнаецца, што паспяховасць у яго сярэдняя, і не вельмі падабаюцца дакладныя навукі, затое ён любіць пісаць сачыненні, разважаць на розныя тэмы. Згадзіцеся, у наш час даволі рэдкія якасці для маладога чалавека. Не так даўно Аляксандр цэлы год вучыўся іграць на гітары і крыху асвоіў гэты інструмент, праўда, занятасць перашкодзіла далейшаму ўдасканаленню навыкаў. Хадзіў юнак і ў трэнажорную залу, цяпер пераважна робіць фізічныя практыкаванні.

Асноўную частку дня Саша праводзіць за вучобай. Калі выдаецца вольная гадзіна, любіць пагуляць з сябрамі, захапляецца чытаннем кніг, перавагу аддае гістарычнай літаратуры. Як ні дзіўна, але Аляксандр Радзецкі лічыць сябе сціплым чалавекам, аматарам хатняга адпачынку і прызнаецца, што, каб выступаць на сцэне, яму даводзіцца “выходзіць з зоны камфорту”. Тым не менш, гэта не перашкаджае хлопцу быць запатрабаваным, ды і памяць у яго амаль універсальная: хутка запамінаюцца вялікія аб’ёмы інфармацыі.

На працягу апошніх гадоў Сашу Радзецкага ставяць у ганаровы каравул у час гарадскіх мерапрыемстваў, ён уваходзіць у склад групы сцяганосцаў гарадскога піянерскага штаба раённай арганізацыі ГА “БРПА”, з’яўляецца актыўным удзельнікам раённага валанцёрскага клуба “Мы разам”, раённага клуба “Лідар”, піянерскіх злётаў і пленумаў. Сярод апошніх мерапрыемстваў, дзе выступаў Аляксандр, – раённая ўрачыстасць да 100-годдзя камсамолу “Слаўныя традыцыі – новаму пакаленню”, раённы злёт студэнцкіх атрадаў, абласны семінар “Мадэль арганізацыі дзейнасці ўстановаў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі ў шосты школьны дзень, або Фестываль шосты элемент”, рэспубліканскі семінар установаў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі ў Лідзе, які праводзіў Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, дзе Саша выступаў у складзе каманды раённага клуба “Лідар”, прэзентуючы работу клуба па прафілактыцы супрацьпраўных паводзінаў сярод моладзі.

Цікаўлюся, калі хлопец упершыню выйшаў на сцэну, і даведваюся, што адбылося гэта ў далёкім Рымска-Корсакаве – паселішчы, якое ўваходзіць у склад Саратаўскай вобласці Расійскай Федэрацыі. Гэты сцяпны край – малая радзіма Сашы, дзе ён наведваў пачатковую школу і разам з іншымі навучэнцамі ўпершыню праспяваў прыпеўкі са школьнай сцэны. У суседняй Беларусі Аляксандр упершыню пабыў у дзесяцігадовым узросце, бо тут жылі яго родныя. У 2012 годзе сям’я Радзецкіх канчаткова пераехала на Дзятлаўшчыну.

Перамены ў жыцці Аляксандр успрыняў з лёгкім сэрцам: займеў сяброў сярод дзятлаўчан, ходзіць у мясцовую школу. Кім быць пасля яе заканчэння, малады чалавек пакуль канчаткова не вырашыў, хаця разглядае варыянт паступаць у акадэмію МУС. У бліжэйшых яго планах – старанна вучыцца. Педагогі Цэнтра творчасці таксама робяць прагнозы наконт падзеяў жыцця Аляксандра: кажуць, што ў хуткім часе ён прыме ўдзел у чарговым этапе рэспубліканскага конкурсу “Прывітанне, свет!”, дзе выступіць як чытач мастацкага слова.

Сваіх равеснікаў Аляксандр Радзецкі заклікае імкнуцца да зор, быць актыўнымі, старанна вучыцца, удзельнічаць у грамадскіх справах, смела ажыццяўляць мары.

Ірына КАЎКЕЛЬ

About Author
administrator
View All Articles
Проверьте последнюю статью от этого автора!
Дзятлаўшчына святкуе Дзень Перамогі
Як дружна пырснулі сады…
Паважаныя жыхары Дзятлаўскага раёна!

Похожие публикации