31 мая на Дзятлаўшчыне праходзяць абласныя выязныя практычныя заняткі па тэме “Аб практыцы работы з кадрамі і іх рэзервам у раёне”.

Удзел у пасяджэнні прымаюць начальнік галоўнага ўпраўлення арганізацыйна-кадравай работы Гродзенскага аблвыканкама Валерый Клімовіч, начальнікі ўпраўленняў і аддзелаў арганізацыйна-кадравай работы райвыканкамаў вобласці і адміністрацый раёнаў горада Гродна, работнікі галоўнага ўпраўлення арганізацыйна-кадравай работы абласнога выканаўчага камітэта, старшыня Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта Андрэй Садоўскі, старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі, намеснік старшыні райвыканкама Вольга Жэлезоўская.

З асаблівасцямі Дзятлаўскага раёна і перспектывамі яго развіцця гасцей азнаёміў старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі.

Андрэй Уладзіміравіч адзначыў, што раён дастаткова дынамічна развіваецца, у яго прыцягваюцца інвестыцыі, у тым ліку ў выглядзе новага абсталявання, машын, механізмаў. Безумоўна, адчуваецца патрэба ў працоўных рэсурсах, аднак яна змяншаецца за кошт інтэнсіфікацыі і мадэрнізацыі вытворчасці, прыцягнення новай тэхнікі, якая дазваляе з максімальным прыбыткам абыходзіцца меншай колькасцю работнікаў. Узгадаў Андрэй Уладзіміравіч і тое, што за апошнія гады на Дзятлаўшчыне на кіруючыя пасады прыйшла значная колькасць спецыялістаў ва ўзросце каля 30 гадоў, і выказаў упэўненасць, што маладым сапраўды трэба даваць расці і развівацца ў прафесіі.

На важнасці вынесенага для абмеркавання пытання ўвагу прысутных на пачатку сустрэчы акцэнтаваў Валерый Клімовіч.

Асноўныя сацыяльна-эканамічныя паказчыкі агучыла намеснік старшыні райвыканкама Вольга Жэлезоўская.

Вольга Антонаўна расказала, што ў няпростых санкцыйных умовах дзяржавай прыняты неабходныя меры, каб падтрымаць устойлівую работу ўсіх галінаў эканомікі і яна сапраўды дэманструе аднаўленчую дынаміку. Па выніках апошніх 3-х гадоў і І квартала сёлетняга адзначаецца ўстойлівая тэндэнцыя росту асноўных раённых паказчыкаў. У 2022 годзе ўсе прадпрыемствы Дзятлаўшчыны спрацавалі з вялікім тэмпам росту прыбытку, парадавалі і іншыя сферы, таму раён занесены на Рэспубліканскую дошку гонару. Побач з дзяржаўнымі паспяхова працуюць прадпрыемствы прыватнай формы ўласнасці, адчуваецца, што бізнес змог “перанастроіцца”, знайсці новыя рынкі збыту. Станоўчая дынаміка адзначаецца ў рабоце сельгасарганізацый. Нарошчваецца аб’ём інвестыцый па такіх кірунках, як будаўніцтва жылля, інфраструктуры да яго, стварэнне інфраструктуры рэгіёна, тэхнічнае перааснашчэнне. Раён у лідарах вобласці па экспарце турыстычных паслугаў за кошт работы санаторыяў “Радон” і “Альфа Радон”. Сярэднеспісачная колькасць работнікаў раёна за І квартал гэтага года склала 7427 чалавек, большасць з якіх заняты ў прамысловасці і сельскай гаспадарцы. Сітуацыя на раённым рынку працы стабільная.

Больш дэталёва аб кадравым забеспячэнні і рабоце з кіруючымі кадрамі ў раёне расказаў начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама Сяргей Багдановіч.

Ён падкрэсліў, што назначэнне на кіруючыя пасады пераважна ажыццяўляецца за кошт рэзерву кадраў, з якім праводзіцца мэтанакіраваная работа райвыканкама. У 2023 годзе на 31 пасаду зацверджана 99 кандыдатаў, сярод якіх 14 кіраўнікоў, 18 намеснікаў кіраўнікоў, астатнія – спецыяліты. У сярэднім састаў рэзерву штогод абнаўляецца на 18 %, на пасады праходзяць каля 10-12 % рэзервістаў. Закранаючы пытанне падрыхтоўкі і замацавання спецыялістаў, Сяргей Пятровіч адзначыў, што ў асноўным жыць і працаваць у раёне застаюцца менавіта яго ўраджэнцы, а таму важна “вырасціць” свае кадры і пастарацца, каб у далейшым яны замацаваліся.

Цікава было даведацца і аб адным з папулярных і актуальных у сённяшніх рэаліях кірункаў работы: як на Дзятлаўшчыне развіваюць турыстычны патэнцыял і захоўваюць гістарычную спадчыну. Пра гэта прысутным расказаў загадчык сектара спорту і турызму райвыканкама Дзмітрый Ёда.

Каб не толькі пачуць, але і пабачыць работу ў гэтым напрамку, удзельнікаў практыкуму запрасілі на аглядавую экскурсію па горадзе з інструктарам-метадыстам па турызме Дзятлаўскага ФСК Аленай Абрамчык.

Аб арганізацыі працы ў сучасных умовах, матывацыі работнікаў і забяспечанасці спецыялістамі ішла размова пры наведванні прадпрыемстваў райцэнтра. Стан справаў у сваіх калектывах ахарактарызавалі, расказалі аб вытворчасці, падрыхтоўцы кадраў і іх замацаванасці намеснік дырэктара ДЛГУ “Дзятлаўскі лясгас” па ідэалагічнай рабоце Аляксей Урбановіч, дырэктар Дзятлаўскага РУП ЖКГ Васілій Пяцюк, камерцыйны дырэктар ТАА “Белтэрміз” Валерый Манчук, дырэктар ТАА “ІзакамПласт” Сяргей Голуб.

Наступным прыпынкам для ўдзельнікаў мерапрыемства стаў аграгарадок Дварэц, дзе аб рабоце мясцовага дома культуры па захаванні і папулярызацыі народных традыцый і элементаў народнай творчасці расказала яго дырэктар Людміла Баклушына. Не абышлося без вясёлых беларускіх песень і найгрышаў, вялікую цікавасць у гасцей выклікаў і аповед мясцовага майстра па лозапляценні Сяргея Балыкова, які прадставіў багатую выставу сваіх работ з традыцыйнага на Беларусі прыроднага матэрыялу – лазы.

З працэсам апрацоўкі “беларускага шоўку” ўдзельнікі практыкуму пазнаёміліся на ААТ “Дварэцкі льнозавод”. Экскурсію па вытворчых цэхах для іх правяла і расказала аб перспектывах развіцця вытворчасці і работы з кадрамі намеснік дырэктара прадпрыемства па ідэалагічнай рабоце Ала Хамко. На заводзе наладжаны працэс ад вырошчвання да перапрацоўкі лёну, а на адходах вытворчасці працуе кацельня прадпрыемства. Адметна, што ў саставе працоўнага калектыву нямала работнікаў з важкім стажам, працуюць тут і некалькі сямейных дынастый.

На вопыце дзейнасці Новаяльнянскага сельскага выканаўчага камітэта з практыкай работы па вырашэнні пытанняў жыццезабеспячэння насельніцтва ўдзельнікаў сустрэчы азнаёміла старшыня сельвыканкама Людміла Радзевіч. Акцэнтавала ўвагу на тым, што ў гарпасёлку ёсць свае дзіцячы сад, сярэдняя школа і школа мастацтваў, пасёлак славіцца духавым аркестрам, тут працуе шэраг прадпрыемстваў, у тым ліку прыватнай формы ўласнасці, функцыянуюць 15 магазінаў, таму ёсць спрыяльныя ўмовы і забяспечанасць працоўнымі месцамі, многае робіцца для далейшага павышэння камфорту жыцця насельніцтва.

Як працаваць з кадрамі ва ўстанове адукацыі, захоўваць, папулярызаваць і даносіць да падрастаючага пакалення гістарычную праўду, расказала дырэктар Новаяльнянскай сярэдняй школы Алена Круглова, а таксама запрасіла гасцей на экскурсію ў народны школьны музей “Дзеці ліхалецця”, з экспазіцыямі і гісторыяй стварэння якога азнаёміла нязменны музейны кіраўнік Тамара Крывеня.

Праграму практыкуму прадоўжыла вандроўка ў філіял ААТ “Белаграздраўніца” санаторый “Радон”, дзе ўдзельнікі сустрэчы даведаліся аб рэалізацыі турыстычнага патэнцыялу рэгіёна і экспарце паслугаў на прыкладзе работы санаторыя.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации