У наш бурны час жыццё прад’яўляе велізарныя патрабаванні да маральных і прафесійных якасцяў чалавека. І чым раней мы ўсведамляем гэта, тым прасцей знайсці сябе ў жыцці і прафесіі, годна сфарміравацца як асоба, авалодаць неабходнымі ведамі і стаць карыснымі грамадству і дзяржаве.
Навучэнцы Казлоўшчынскай, Дварэцкай сярэдніх школ, Новаяльнянскай сярэдняй школы імя А.А. Шаўчук, сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава імя А. М. Чурылы ў рамках акцыі “Вучылішча сустракае гасцей” пабывалі ў Гродзенскім абласным кадэцкім вучылішчы.

Кадэты пазнаёмілі гасцей з экспазіцыяй музея вучылішча “Гісторыя арміі”, прадэманстравалі дамашнюю ўтульнасць і армейскі парадак кадэцкага інтэрната, клас агнявой стральбы, сталовую, правялі майстар-клас па стральбе на электронным трэнажоры і паказалі займальны відэаматэрыял пра будні і святы кадэцкага жыцця, прадэманстравалі свае поспехі ў спорце і вучобе, страявых аглядах, стральбе і ваенна-спартыўных спаборніцтвах.

З Дзятлаўскім раёнам тут знаёмыя не па чутках. Гонарам вучылішча ўсе гады вучобы і пасля яе заканчэння з’яўляцца Андрэй Губко, былы вучань Дварэцкай сярэдняй школы. За поспехі ў вучобе і грамадскім жыцці, выніковы ўдзел у творчых конкурсах і актыўную жыццёвую пазіцыю Андрэй занесены ў Кнігу пашаны вучылішча і ўдастоены ў 2024 годзе прэміі імя Аляксандра Дубко. Ён неаднаразова быў адзначаны ўзнагародамі розных сілавых структур і іншых ведамстваў. Устаноўлены ім рэкорд вучылішча ў падцягванні пакуль яшчэ нікім не пабіты, а выступленне ў Гродзенскай абласной філармоніі стала візітнай карткай вучылішча.
На дадзены момант, працягваючы слаўны шлях свайго земляка, кадэтам вучылішча з’яўляецца Мілана Падліпская з Круцілавіцкай базавай школы. Яна член вакальна-інструментальнага ансамбля “Нёманскія рубяжы”, выніковая удзельніца алімпіяд па вучэбных прадметах.

Прыемна было назіраць, як у некаторых навучэнцаў, асабліва ў дзяўчынак, напаўняліся добрай зайздрасцю вочы, пачынаючы ззяць вядомай толькі ім марай і надзеяй на неаддаленую перспектыву – стаць адным з членаў гэтай дружнай сям’і. І калі ў хлопчыкаў верагоднасць паступлення ў вучылішча досыць рэальная, то ў дзяўчынак конкурс складаў 3-4 чалавекі на месца. Але ў 2026 годзе ў іх з’явіцца дадатковы шанц рэалізаваць сваю мару – у вучылішчы плануюць адкрыць два восьмыя класы. І хто ведае, можа, слаўную традыцыю сваіх землякоў-кадэтаў прадоўжыць яшчэ не адно пакаленне дзятлаўчан.
Сяргей КАСКО,
настаўнік Дварэцкай сярэдняй школы
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае