Ужо зусім хутка пачнецца гарачая пара ў аграрыяў – вясновыя пасяўныя работы. Іх правядзенне напрамую залежыць ад гатоўнасці і спраўнасці тэхнікі. Усе гаспадаркі раёна цяпер сур’ёзна гэтым займаюцца, а наколькі паспяхова, расказаў загадчык сектара механізацыі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Аляксандр Мазоль:

– Для правядзення вясновых палявых работ 2025 года ў сельскагаспадарчых арганізацыях раёна і ААТ “Дварэцкі льнозавод” ёсць 299 трактароў, у тым ліку энерганасычаных – 52 адзінкі, 150 плугоў і глебаапрацоўчых машын, 47 камбінаваных глебаапрацоўчых і глебаапрацоўча-пасяўных агрэгатаў, 45 сеялак і бульбасаджалак, 67 машын для ўнясення ўгнаенняў, 39 апырсквальнікаў. На дадзены момант гатоўнасць тэхнікі – каля 90 %.

Рамонт трактароў і сельскагаспадарчай тэхнікі праводзіцца ў рамонтных майстэрнях сельскагаспадарчых арганізацый, а складаны рамонт вузлоў і агрэгатаў, поўнакамплектнай тэхнікі – на спецыялізаваных рамонтных прадпрыемствах у Слоніме, Шчучыне, Мастах, Лідзе.

Са станоўчага боку  варта адзначыць актыўную работу па падрыхтоўцы тэхнікі да правядзення вясновых палявых работ у КСУП “Войневічы” і ААТ “Дварэц-Агра”.

Разам з галоўным спецыялістам сектара механізацыі Аляксандрам Камаровым выехалі ў гэтыя гаспадаркі.

Інжынер КСУП “Войневічы” Сяргей Пятліцкі адзначыў, штоў іх падрыхтоўка да пасяўной набліжаецца да завяршэння. Заканчваюць рамонт культыватараў – засталося дарабіць адзін з шасці, АКШ-6 таксама падрыхтавалі, па плугах работа завяршаецца, адзін плуг здадзены ў “Лідатэхсервіс” на рамонт, адна сеялка зроблена, на гэтым тыдні заканчваюць другую. Рыхтуюцца да тэхагляду трактары, першы пройдзе ўжо на наступным тыдні.

– Думаю, да першага сакавіка ўся лінейка будзе пастаўлена, – упэўнены спецыяліст. – На плугах ставім рабочыя дэталі, калі можна адрамантаваць, мы іх пакідаем. Падыходзім рацыянальна: навошта выкідваць жалеза і грошы на вецер. Дарэчы, мы аралі амаль усю зіму, бо дазваляла надвор’е, затое вясной нам будзе намнога прасцей.

Як спраўляюцца з рамонтам і падрыхтоўкай тэхнікі да вясновых работ, падзяліліся механізатары гаспадаркі.

Мікалай Макарчук:

– Цяпер мяняю навясное абсталяванне на пасяўным агрэгаце. Запчастак хапае, таму праца ідзе без затрымак, упэўнены, што хутка спраўлюся. Работы шмат увесь год, яна адказная, але мне падабаецца, люблю сельскую гаспадарку. Добра працаваць на свежым паветры, для мяне гэта лепш, чым цэлы дзень знаходзіцца ў кабінеце.

Павел Сухецкі:

– Рыхтуем да работы пасяўны плуг, сеялку, таксама кормаўборачную тэхніку. Да першага сакавіка справімся. Работа падабаецца, умовы ў нас добрыя, гараж ацяпляецца, запчасткі паступаюць своечасова, а гэта вельмі важна. Добра адрамантуеш – прыемна будзе працаваць. Тэхніку люблю, таму і працую ў сельскай гаспадарцы ўжо 22 гады.

У ААТ “Дварэц-Агра” таксама кіпіць работа. Загадчык майстэрняў Андрэй Спасюк расказаў, што цяпер рамантуюцца два пасяўныя агрэгаты, заканчваюць рамантаваць апошні культыватар, раскідвальнікі мінеральных угнаенняў ужо гатовыя. На ўсю тэхніку ёсць запчасткі. Галоўнае – своечасова адрамантаваць, бо ад гэтага залежыць кожны этап работы ў полі. Да пасяўной практычна на 90 % гатовы.

– Варта адзначыць, што паступае нам і новая тэхніка, – радуецца Андрэй Яўгенавіч. – Наш дырэктар садзейнічае аператыўнай і своечасовай закупцы новых запчастак, што мае вялікае значэнне. Аднаго хочацца, каб прыходзіла да нас на работу больш моладзі.

Паглядзелі, як працуе механізатар гаспадаркі Вячаслаў Кастусік. Ён пахваліўся сеялкай, якую атрымаў чатыры гады таму. Не толькі рамантуе яе, але і ўдасканальвае, каб спраўлялася са сваімі задачамі яшчэ лепш.

– Каб тэхніка не падводзіла, яе трэба даглядаць: як парамантуеш, так і будзеш працаваць. Яна адказвае табе тым жа, калі ўкладваеш у яе душу, – заўважыў мужчына.

Святлана ГРЫШЫНА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации