У Мінску ў Палацы Рэспублікі 10 кастрычніка прайшла ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання лепшых работнікаў розных галінаў нашай краіны.

Па даручэнні Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды людзям, чые дасягненні справядліва заўважаны дзяржавай. У іх ліку наша зямлячка, купажыст ААТ “Дзятлаўскі лікёра-гарэлачны завод “Алгонь” Таццяна Яраш, якая ўдастоена медаля “За працоўныя заслугі”.

– Вы тыя, хто не баіцца прымаць рашэнні, хто сваім майстэрствам і талентам робіць нашу краіну мацнейшай і прыгажэйшай. А вашы дасягненні – гэта не толькі асабістыя поспехі, але і ўклад у агульную справу, якая аб’ядноўвае нас усіх. Вы сапраўдная апора і гонар нашай краіны, – адзначыў Раман Галоўчанка ў час цырымоніі ўшанавання.

Калектыў прадпрыемства таксама сустрэў Таццяну Яраш з віншаваннямі.

– У сталіцы на рэспубліканскай цырымоніі Дзятлаўшчыну прадстаўлялі супрацоўнікі двух прадпрыемстваў – КСУП “Жукоўшчына” і нашага, – адзначыў начальнік аддзела кадрава-прававой і ідэалагічнай работы ААТ “Дзятлаўскі лікёра-гарэлачны завод “Алгонь” Андрэй Дзенісенка. – Медаль “За працоўныя заслугі” – гэта прафесіяналізм Таццяны Іосіфаўны і пацвярджэнне ўклада ў агульную справу развіцця прадпрыемства, а для Дзятлаўскага лікёра-гарэлачнага завода вялікі гонар, што наш работнік удастоены такой высокай узнагароды. Кіраўніцтва і калектыў жадае Таццяне Іосіфаўне моцнага здароўя, міру, поспехаў, дабрабыту, а ўсім нам – раўняцца на яе.

Яркі букет кветак з найлепшымі пажаданнямі Таццяне Яраш падарыў яе непасрэдны кіраўнік – начальнік участка разліву Андрэй Нікіпорчык.

– Атрыманы медаль – гэта заслуга кожнага з нас, бо мы ўкладваем у працу сваю часцінку, сваю душу, – падзякавала калегам Таццяна Яраш. – У нас на заводзе працуюць дастойныя людзі, сапраўдныя прафесіяналы. У сваю чаргу я жадаю вам здароўя, сямейнага шчасця і каб у наступным годзе мы зноў убачылі аднаго з нашых работнікаў на рэспубліканскай цырымоніі.   

З падарункам і пажаданнямі далейшых поспехаў у працоўнай дзейнасці да цёплых словаў віншавання далучылася старшыня прафсаюзнай пярвічкі завода Наталля Гародка.

Напрыканцы Таццяна Яраш падзялілася ўражаннямі ад паездкі ў сталіцу і расказала аб сваёй рабоце:

– Было вельмі хвалююча пачэсна стаць удзельніцай мерапрыемства такога ўзроўню, эмоцыі зашкальвалі. Упершыню пабывала ў Палацы Рэспублікі і прымала віншаванні ад прэм’ер-міністра Рамана Галоўчанкі. Мяне перапаўняў гонар за Беларусь, за тое, як шмат дастойных людзей працуе ў розных галінах эканомікі краіны.

Я ўраджэнка вёскі Дзянісава, скончыла Ашмянскі сельскагаспадарчы тэхнікум па спецыяльнасці “бухгалтар”. Прафесійную дзейнасць пачынала ў 1992 годзе тут жа, на заводзе, спачатку па спецыяльнасці, а пасля выхаду з водпуску па доглядзе дзіцяці ўжо больш за тры дзесяцігоддзі працую ў цэху фільтрацыі купажыстам. Работу сваю лічу вельмі цікавай, але і адказнай, бо ад яе залежыць далейшая якасць прадукцыі прадпрыемства. Да справы заўсёды адношуся адказна.

У скарбонцы Таццяны Яраш нямала ўзнагародаў, аднак дзяржаўная сярод іх – першая. Жанчына ўпэўнена, што медаль “За працоўныя заслугі” не проста яе асабісты поспех. На сёння ААТ “Дзятлаўскі лікёра-гарэлачны завод “Алгонь” – сучаснае прадпрыемства, дзе працуюць 438 работнікаў. Завод выпускае шырокую лінейку прадукцыі: каньякі, настойкі, віно, гарэлку – каля 90 найменняў, якасць якіх дастойна ацэнена не толькі на рэспубліканскіх, але і міжнародных пляцоўках. У ліку сёлетніх дасягненняў працоўнага калектыву – залаты медаль выставы-конкурсу прадуктаў харчавання, напояў і сыравіны для іх вытворчасці “Прадэкспа” ў горадзе Маскве, у чэрвені прадпрыемства з дэгустацыяй прадукцыі пабывала на міжнароднай спецыялізаванай выставе “Белагра” на пляцоўцы кітайска-беларускага індустрыяльнага парка “Вялікі Камень”, а ў верасні на V Міжнародным дэгустацыйным конкурсе “Залаты келiх” яго прадукцыя адзначана двума гран-пры і двума залатымі медалямі. У планах завода – у чацвёртым квартале 2024 года пачаць яшчэ і разліў купажыраваных віскі, вырабленых на аснове сыравіны кукурузы, ячменю, пшаніцы.

Ірына СТЫРНІК 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации