Старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына раіць на мясцовых выбарах вылучацца шляхам збору подпісаў. Аб гэтым яна паведаміла сёння ў эфіры праграмы “Актуальны мікрафон” Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё.
Паводле слоў Лідзіі Ярмошынай, для вылучэння шляхам збору подпісаў неабходна падаць заяву аб рэгістрацыі ініцыятыўных груп, дзе пазначаны грамадзяне – ад трох да дзесяці чалавек. “Гэта самы просты спосаб. Больш таго, калі мяне пытаюцца знакомыя людзі, як ім вылучыцца (а яны кіраўнікі, могуць і ад працоўнага калектыву), я заўсёды рэкамендую гэты спосаб”, – заўважыла старшыня ЦВК.
Яна звярнула ўвагу: каб вылучыцца ад працоўнага калектыву, неабходна прысутнасць на сходзе не менш як 50 працэнтаў працоўных плюс адзін чалавек. “А іншым разам, увогуле, не ўсе людзі ўлічваюцца, нехта можа быць у дэкрэтным водпуску, і дастаткова невялікай памылкі, каб потым сход прызналі неправамерным”, – сказала Лідзія Ярмошына.
Старшыня Цэнтрвыбаркама таксама нагадала, што пры вылучэнні ў абласны і Мінскі гарадскі Савет дэпутатаў неабходна сабраць не менш як 150 подпісаў, у раённы, гарадскі (гарады абласнога падпарадкавання) Савет дэпутатаў – не менш за 75 подпісаў, у гарадскі (гарады раённага падпарадкавання), пасялковы і сельскі Савет дэпутатаў – не менш за 20. Пры гэтым у падпісным лісце павінны быць толькі подпісы выбаршчыкаў, якія пражываюць на тэрыторыі акругі, па якой вылучаецца кандыдат. Подпісы, сабраныя на тэрыторыі іншай акругі, улічвацца не будуць.
Збор подпісаў можа ажыццяўляцца толькі членамі ініцыятыўных груп, якія павінны абавязкова мець пры сабе пасведчанне, выдадзенае адпаведнай выбарчай камісіяй, і дакумент, што засведчвае іх асобу. Выбаршчыкі ў падтрымку асоб, якія прапануюцца да вылучэння кандыдатамі ў дэпутаты, ставяць подпісы ў падпісных лістах, якія выраблены Цэнтрвыбаркамам ва ўстаноўленай форме.
Законам прадугледжаны і пэўныя патрабаванні да запаўнення падпісных лістоў. Перш за ўсё, у кожны падпісны ліст яшчэ да пачатку збору подпісаў павінны быць унесены без скарачэння звесткі аб асобах, якія вылучаюцца кандыдатамі (прозвішча, імя, імя па бацьку, дата нараджэння, месца работы або занятак, займаемая пасада, месца жыхарства, партыйнасць). Збор подпісаў у лістах, у якіх гэтыя звесткі адсутнічаюць, не дапускаецца. Невыкананне гэтага патрабавання прывядзе да негатыўных прававых наступстваў аж да адміністрацыйнай адказнасці.
Ставіць у падпісных лістах свае подпісы ў падтрымку асобы, якая прапануецца для вылучэння кандыдатам у дэпутаты мясцовага Савета, маюць права грамадзяне Беларусі, якія дасягнулі 18 гадоў, а таксама грамадзяне Расіі, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі Беларусі і маюць пасведчанне на права жыхарства.
Як паведамлялася, у Беларусі вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты мясцовых Саветаў праводзіцца традыцыйнымі спосабамі: ад палітычных партый, ад працоўных калектываў і ад грамадзян шляхам збору подпісаў. Дэпутатам мясцовага Савета можа быць выбраны грамадзянін Беларусі, які дасягнуў 18 гадоў, калі ён не мае судзімасці і пражывае на тэрыторыі адпаведнай адміністрацыйнай адзінкі або звязаны з ёю па прычыне прафесійнай дзейнасці. Таксама маюць права вылучацца грамадзяне Расіі, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі Беларусі.
Выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў пройдуць 18 лютага 2018 года.