Лічаныя дні застаюцца да святкавання Калядаў і Новага года, а ў школах хутка пачнуцца зімовыя канікулы. Як правесці святы весела і з задавальненнем? Што цікавае чакае дзятлаўчан і жыхароў раёна на Новы год і Каляды? Пра гэта карэспандэнтцы газеты “Перамога” расказала начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Наталля Калодка.

— Наталля Яўгенаўна, з чаго пачнуцца навагоднія святы ў нашым раёне?

На Дзятлаўшчыне ўжо стартавала рэспубліканская дабрачынная акцыя “Нашы дзеці”: 11 снежня ў раённым цэнтры культуры і народнай творчасці адбылося яе ўрачыстае адкрыццё. Яна прадаўжаецца і абяцае падарыць шмат радасці і добрага настрою юным жыхарам раёна.

22 снежня ў 17.30 на плошчы 17 Верасня ў Дзятлаве запаліць агні галоўная ёлка раёна. Адбудзецца ўрачыстае шэсце казачных герояў, дзятлаўчане сустрэнуцца з Дзедам Марозам і Снягуркай.

З гэтага дня будуць запальвацца ёлкі у сельскіх саветах, калектыўных сельскагаспадарчых унітарных прадпрыемствах, паселішчах.

З 23 снежня ў дзіцячых садах, школах раёна, працоўных калектывах будуць ладзіцца ранішнікі.

— Якіх навагодніх сюрпрызаў чакаць дзецям?

Пры жаданні дарослыя змогуць падарыць дзецям казачнае падарожжа: з 23 снежня па 7 студзеня будзе працаваць навагодні аўтобус. Яго маршрут пачынаецца ад Дзятлаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці і ўключае прыпынкі: “Галоўная ёлка” (на плошчы), “Казачны свет кнігі” (бібліятэка), “Навагодняя гісторыя” (музей), “Навагодняе мастацтва” (Дзятлаўская дзіцячая школа мастацтваў). Каб накіравацца ў падарожжа, можна падаваць групавыя заяўкі ў Цэнтр культуры ці індывідуальна патэлефанаваць на нумары 2-11-48 або 2-15-48 і запісацца (калі сфарміруецца група — жадаючым паведамяць пра гэта). Усю дадатковую інфармацыю таксама можна атрымаць па гэтых тэлефонах.

У рамках рэспубліканскай акцыі “Нашы дзеці” пройдуць тры навагоднія дабрачынныя ранішнікі: 26 снежня ў Цэнтры культуры — для дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, дзяцей, змешчаных у прыёмныя сем’і і пад апеку;

27 снежня ў сярэдняй школе №1 горада Дзятлава — для дзяцей-інвалідаў; 28 снежня ў гімназіі №1 — для адораных дзяцей.

30 снежня юных жыхароў Дзятлаўшчыны чакае навагодняе музычнае інтэрактыўнае шоу з Машай і Мядзведзем “Але-оп у Новы год”. А 1 студзеня ў 13 гадзін у Цэнтры культуры пройдзе дзіцячы гарадскі ранішнік.

— Што работнікі культуры падрыхтавалі для дарослых?

Цэнтр культуры прымае заказы на віншаванні ад Дзеда Мароза і Снягуркі. Казачныя героі прыедуць да жадаючых дахаты або ў працоўныя калектывы. З 1 снежня па пятніцах і суботах з 20.00 да 2.00 у рэстаране “Ліпічанка” ладзяцца вечары жывой музыкі. Тут можна правесці свята ці навагодні карпаратыў у вясёлай кампаніі з сябрамі.

31 снежня у 21.00 на плошчы райцэнтра пачынаецца святочная навагодняя праграма. Яе ўдзельнікаў чакаюць казачныя героі, жартоўная латарэя, песні, а ў 1.00 стартуе танцавальная праграма.

Дарэчы, з 15 па 30 снежня праводзіцца раённы агляд-конкурс на лепшае афармленне фасадаў будынкаў і прылягаючых тэрыторый прадпрыемстваў і арганізацый раёна, а таксама ўласных падворкаў жыхароў горада Дзятлава. Пераможцаў чакаюць грашовыя прэміі.

— Што цікавае чакаць на Каляды?

25 снежня ў аграгарадку Раклевічы будзе ладзіцца калядны абрад, да жыхароў завітаюць калядоўшчыкі. У гэты ж дзень у Дзятлаўскім раённым цэнтры культуры і народнай творчасці пройдзе музычна-каляднае шоу.

7 студзеня на праваслаўныя Каляды дзятлаўчан таксама чакае святочны канцэрт у Цэнтры культуры. У раёне будуць ладзіцца калядныя абрады, гучаць песні калядоўшчыкаў.

Ірына КАЎКЕЛЬ

About Author
administrator
View All Articles
Проверьте последнюю статью от этого автора!
На працоўнай хвалі

На працоўнай хвалі

18 апреля, 2026
Депутаты едут в округа!
Моладзевыя навіны. Як запаліць іскрынку краўдфандынгу ў сэрцах юных валанцёраў?

Оставить ответ

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Похожие публикации