Рашэннем Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта 27 чэрвеня  2024 года дзяржаўная ўстанова адукацыі “Сярэдняя школа № 3 г. Дзятлава” перайменавана ў ДУА “Сярэдняя школа № 3 г. Дзятлава імя Іосіфа Юр’евіча Філідовіча”.

Іосіф Філідовіч – удзельнік партызанскага руху на тэрыторыі Дзятлаўскага раёна ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Навучэнцамі і педагогамі школы праведзена вялікая работа па даследаванні жыцця і ўвекавечанні яго памяці. Першапачаткова даследавалі гераічны шлях: вывучалі матэрыялы школьнага музея, Беларускага дзяржаўнага музея Вялікай Айчыннай вайны, архіўныя дакументы, сямейныя фотаархівы, матэрыялы інтэрнэт-рэсурсаў.

Важна, каб моладзь адчувала дачыненне да гісторыі краіны праз веданне сваёй сям’і, роду, таму ў 2022 годзе распачалі інтэрнэт-праект “Ліпічанскі Сусанін”, які дапамог аднавіць гістарычныя старонкі жыцця Іосіфа Філідовіча. У час рэалізацыі вызначылі, што ў школе працуюць праўнукі героя Анатоль Філідовіч, Ала Івашэвіч, вучыўся тут праўнук Данііл Івашэвіч, навучаюцца прапраўнукі Ігнат і Інэса Івашэвічы, якія дзеляцца цікавымі фактамі з жыцця вядомага сваяка.

Іосіф Філідовіч нарадзіўся ў 1874 го­дзе ў вёсцы Шаршні Дзятлаўскага раёна. У 1941 годзе на тэрыторыі раёна пачаў актыўна развівацца партызанскі рух, у якім Іосіфу Юр’евічу адвялі ролю сувязнога Ленінскай брыгады. З яго дапамогай на востраве ў Ліпічанскай пушчы абсталявалі партызанскі шпіталь. У снежні 1942 года Іосіф Юр’евіч коштам свайго жыцця не даў загінуць амаль 500 цяжкапараненым партызанам. Ён завёў нямецка-фашысцкіх захопнікаў у балота. І толькі вясной 1943 года, калі растаяў снег, яго цела знайшлі партызаны. Ён ляжаў у лясных нетрах за дзесяць кіламетраў у супрацьлеглым баку ад шпіталя. За мужнасць і патрыятызм пасмяротна ўзнагароджаны медалём “За адвагу”, у 1980 годзе яму ўсталяваны помнік у Дзятлаве.

У музеі “Вытокі” стварылі тэматычную экспазіцыю “Востраў выратавання”, інтэрактыўную экскурсію “Партызанская быль”, распрацавалі тэматычныя туры “Подзвіг І. Ю. Філідовіча”, “Дзятлаўскі раён у дні вайны”.

Пад кіраўніцтвам педагога дадатковай адукацыі Фёдара Бойкі зрабілі дыяраму “Ліпічанскі Сусанін”, якая з’яўляецца пераможцай раённага этапу абласнога конкурсу дыярам.

З’явілася ідэя аднавіць гісторыю партызанскага шпіталя, які размяшчаўся на тэрыторыі Ліпічанскай пушчы ў гады Вялікай Айчыннай вайны, таму рэалізавалі праект “3Dшпіталь: #Ведаем! #Памятаем! #Ганарымся!”.

Перапіска з Нацыянальным архівам Рэспублікі Беларусь, сумесная праца з Міхаілам Лук’янчыкам дазволілі ўстанавіць і дакументальна пац­вер­дзіць састаў медыцынскага і абслугоўваючага персаналу партызанскага шпіталя. За мужнасць і гераізм пры выкананні сваіх прафесійных абавязкаў атрад медыкаў узнагароджаны ордэнамі і медалямі.

Каб прыцягнуць увагу як мага большай колькасці навучэнцаў правялі тэатралізаваную пастаноўку “Адзін дзень з жыцця партызанскага шпіталя”. Вынікам стала ўключэнне партызанскага шпіталя ў турыстычны маршрут № 469 “Партызанскай сцяжынкай па Ліпічанскай пушчы”, а таксама ў рэестр турыстычных аб’ектаў Дзятлаўскага раёна.

У школе была праведзена ўсебаковая работа па стварэніі 3D-рэканструкцыі партызанскага шпіталя, 3D-мадэляванні шахмат, дзе шахматнымі фігурамі сталі правобразы медыцынскага і абслугоўваючага персаналу.

Імя Іосіфа Філідовіча ўстанова адукацыі актыўна папулярызуе праз выкарыстанне інтэрнэт-тэхналогій. Створаны сайт “Дыялог пакаленняў, або я-прапраўнук Ліпічанскага Сусаніна”, блог “3Dшпіталь: #Ведаем! #Памятаем! #Ганарымся!”.

Актыўна дзелімся сваім вопытам на розным узроўні, напрыклад, на пасяджэнні абласной калегіі ідэалагічнага актыву Гродзенскага аблвыканкама, пасяджэнні камісіі архіўна-даследчай работы Дзятлаўскага райвыканкама, старонках “Настаўніцкай газеты” і раённай газеты “Перамога”. Гонарам для нас стала прымаць карэспандэнтаў тэлеканала “Беларусь 1”, якія зацікавіліся нашай працай і прапанавалі зняцца ў  рэпартажы для тэлепраграмы “Краіна”. Прыемна, што пра сваю работу расказваем не толькі мы, але і нашы вучні. Выпускнік Данііл Івашэвіч – на сустрэчы з міністрам адукацыі Андрэем Іванцом у Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку, навучэнцы Анастасія Шавель і Станіслаў Якаўчык у 2023 і 2024 гадах – у час Міжнароднага праекта “Цягнік Памяці”.

Сабраны матэрыял актыўна выкарыстоўваем пры падрыхтоўцы конкурсаў. Так у 2022 годзе Данііл Івашэвіч узнагароджаны па выніках рэспубліканскіх конкурсаў “Медыясфера-2022” дыпломам І ступені, “Патрыёт.by” – дыпломам  ІІ ступені. У 2023 годзе па выніках ХХ выставы педагагічнага вопыту вопыт педагогаў Марыі Шавель, Кацярыны Латушка адзначаны двума дыпломамі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. У 2024 годзе Анастасія Шавель, Станіслаў Якаўчык узнагароджаны дыпломамі І і ІІ ступені па выніках VII форуму навучэнцаў установаў агульнай сярэдняй адукацыі, якія ўзаемадзейнічаюць з Акадэміяй Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь. На працягу двух гадоў установа адукацыі прызнана лепшай па патрыятычным выхаванні і ўзнагароджана сертыфікатамі Дзятлаўскага райвыканкама.

Зараз вядзецца работа па стварэнні мемарыяльнай дошкі, якая будзе размешчана на фасадзе ўстановы адукацыі. Таксама ў планах рэалізацыя не менш цікавага праекта “Цыфравая Zорка”, асноўнай ідэяй якога стала стварэнне трохмерных макетаў помнікаў Вялікай Айчыннай вайны, размешчаных на тэрыторыі горада, раёна, стварэнне аднайменнага інтэрнэт-сайта.

Марыя ШАВЕЛЬ,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце СШ № 3 г. Дзятлава імя І. Ю. Філідовіча

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации