Імя на Дошцы гонару. Вераніка Фабішэўская: “Заўсёды бачыла сябе толькі настаўнікам”

Залатая восень прыйшла з цэлым букетам выдатных святаў, пачэснае месца сярод якіх займае Дзень настаўніка – свята тых, хто нясе святло ведаў, аберагае, выхоўвае, развівае будучыню нашай краіны.

У Год беларускай жанчыны напярэдадні прафесійнага свята выпала цудоўная магчымасць пагутарыць з прыгожай, абаяльнай, добрай жанчынай і ў той жа час моцным кіраўніком, лідарам каманды прафесіяналаў – дырэктарам гімназіі № 1 горада Дзятлава Веранікай Фабішэўскай.

– Вераніка Пятроўна, чаму сярод мноства прывабных прафесій вы выбралі педагагічную?

– Гэта з дзяцінства, заўсёды бачыла сябе толькі настаўнікам і нікім іншым. Добра помню родную Раготнаўскую сярэднюю школу, пачатковыя класы, дзе я кожны дзень з задавальненнем і захапленнем пагружалася ў свет ведаў. Я вельмі ўдзячная сваёй бабулі, якая падтрымлівала мяне ў імкненні да вучобы, збірала ў школу, нават пашыла мне сумачку для буквара і падушку, каб я з невялікім ростам даставала да парты. Нават праз дзясяткі гадоў я бачу да дробязяў атмасферу ў класе, педагогаў, асабліва сваіх любімых настаўніцу рускай мовы і літаратуры Ганну Сямёнаўну Драб, дырэктара школы, настаўніцу беларускай мовы і літаратуры Ніну Аляксандраўну Нічыпар. Пасля заканчэння школы я пайшла на настаўніцу пачатковых класаў, бо вельмі любіла маленькіх дзяцей. Мне здавалася, што менавіта іх трэба вучыць пісаць, чытаць, спасцігаць свет, а старэйшыя ўжо ўсё ўмеюць. І потым, калі ўжо вучылася ў Лідскім педагагічным вучылішчы, упэўнілася, што мой выбар правільны.

– Як сустрэла вас прафесія мары?

– Калі ішла працаваць, была пераканана, што я буду самым добрым настаўнікам, сябрам для ўсіх дзяцей. Вядома, жыццё ўнесла свае карэктывы і навучыла трымаць баланс паміж дабрынёй і дысцыплінай. Помню свой першы зборны клас у вёсцы Горка, як перад навучальным годам аб’язджала сем’і вяскоўцаў на веласіпедзе, знаёмілася з будучымі вучнямі. Хапіла ўсяго – і прыемнага, і складанага. Была і штодзённая дарога на працу за некалькі кіламетраў: калі на аўтобусе, калі на папутным транспарце, а зімой – нават з рыдлёўкай, якой пасыпалі слізкую дарогу, каб праехаць. Былі ўзлёты і слёзы бяссілля, але расчаравання – ніколі. Праз некаторы час мне прапанавалі работу ў маёй роднай Раготнаўскай школе, дзе яшчэ працавалі мае настаўнікі, яны мякка і па-бацькоўску накіроўвалі і падтрымлівалі ва ўсім. Калі вызвалілася месца намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце, я пагадзілася яго заняць, аб чым потым шкадавала і сама папрасіла пакінуць яго і потым доўга адмаўлялася ад кіруючых пасад, бо баялася не справіцца. Толькі праз час, прайшоўшы такі самы шлях у Дварэцкай сярэдняй школе настаўнікам, а затым і кіраўніком, я зразумела, што проста раней быў не мой час, я не была гатова. У гэтай сувязі з удзячнасцю хачу ўзгадаць імя свайго можна сказаць настаўніка, старэйшага таварыша Алены Іванаўны Жадзейка, якая не давала мне спыніцца на месцы, заўсёды падтрымлівала, падштурхоўвала пераадольваць новыя гарызонты, адшуквала тыя самыя правільныя словы для матывацыі.

– З якімі пачуццямі вы прыйшлі працаваць у гімназію № 1 горада Дзятлава?

– З вялікім перажываннем за калектыў Дварэцкай сярэдняй школы, які стаў як сям’я, за новае месца, дзе шмат чаго цяпер залежала ад мяне, за тое, як прыме мяне калектыў і ці змагу я выканаць усе пастаўленыя задачы. Разам з намеснікамі дырэктара мы правялі экскурсію па навучальнай установе, і я зразумела, што працаваць трэба будзе шмат… І я змагла, мы змаглі. Шчыра прызнаюся, вельмі рада, што здолела ўпісацца ў гэтую моцную каманду, з якой сталі аднадумцамі. Ганаруся тым, як пры вялікай падтрымцы раённага бюджэту, са спонсарскай дапамогай, энтузіязмам настаўнікаў і тэхнічнага персаналу мы змаглі пераўвасобіць навучальную ўстанову да непазнавальнасці. Быў заменены дах на будынку, усе вокны на сучасныя, абноўлены фасад, зроблены комплексныя рамонты ў некалькіх кабінетах, настаўніцкай, поўнасцю змянілі інтэр’ер актавай залы. Нарэшце, гэтым летам гаспадарчым спосабам адрамантавалі лесвіцу, на чарзе – рамонт другой. Дзякуй кіраўніцтву раёна за тое, што дапамаглі нам за некалькі гадоў “узброіцца” сучасным абсталяваннем – камп’ютарамі, мульцібордамі, праектарамі і многім іншым, што неабходна для сучаснага вучэбнага працэсу. Я радуюся ад душы таму, як цяпер выглядае гімназія, таксама прыношу ў навучальную ўстанову часцінку сябе ў выглядзе кветак, якія вельмі люблю. Наша праца ацэнена на раённым узроўні: кожны год мы становімся пераможцамі або прызёрамі конкурсу па падрыхтоўцы ўстановы да новага навучальнага года.

– Якая ўзнагарода за працу самая дарагая для вас?

– Сёлета споўнілася 28 гадоў, як я працую ў школе, шмат было каштоўных і важных узнагарод, але самая дарагая – першая. На досвітку сваёй педагагічнай дзейнасці я ўдзельнічала ў раённым конкурсе “Настаўнік года”, дзе стала чацвёртай, хоць урок правяла на 99 балаў са 100. І тады кіраўніцтва Раготнаўскай школы вырашыла ўзнагародзіць мяне граматай за добрую работу, якую я дагэтуль захоўваю і ганаруся. Нехта скажа, што гэта проста паперы, але я лічу іначай: і сёння ёсць добрая традыцыя, па якой усе важкія ўзнагароды гімназіі ўпрыгожваюць сцены ўстановы, каб яе вучні і госці бачылі вынік вялікай калектыўнай працы, ганарыліся і раўняліся на дасягненні папярэднікаў. Занясенне майго імя на Дошку гонару раёна – таксама падзея, якая запомніцца на ўсё жыццё. Удзячная за давер і ацэнку работы не толькі маёй, але і ўсяго калектыву. Тым больш прыемна, што ў ліку выдатных навучальных установаў раёна на Дошцы гонару – наша гімназія, і яна цалкам гэта заслугоўвае.  

– Гонар любой навучальнай установы – гэта яе вучні. Чым можаце пахваліцца?

– У гімназіі працуюць выдатныя, вопытныя, натхнёныя сваёй справай педагогі, і, вядома, гэта адлюстроўваецца на выніках і дасягненнях навучэнцаў. Высокія вынікі на алімпіядах па хіміі, інфарматыцы, рускай мове, фізічнай культуры, стабальнікі, перамогі ў разнастайных навуковых і творчых праектах – ад “Крыштальнай Альфы” да “100 ідэй для Беларусі”. Гэта праца настаўнікаў, бацькоў і саміх матываваных дзяцей. Мы разам шчыра перажываем за кожны вынік, радуемся, як адна сям’я.

– Намалюйце партрэт сучаснага настаўніка.

– Па-першае, гэта сапраўдны прафесіянал сваёй справы, бо калі ты сам не ўмееш, не зможаш даць трывалыя веды. Па-другое, важна заставацца чалавекам, толькі тады можна паступова і цярпліва вылепіць са школьніка асобу. Дзеці павінны бачыць у настаўніках прыклад таго, як дапамагаць іншым, дасягаць мэты, не лічачыся з асабістым часам, быць патрыётам сваё краіны і малой радзімы. “За радзіму” – для мяне не проста словы, і я заўсёды адстойваю гонар і дасягненні сваёй Дзятлаўшчыны, дзе б ні была.

– Якая яна, педагагічная моладзь?

– Мне пашчасціла сустракаць у навучальнай установе пакуль аднаго маладога спецыяліста Карыну Юшкевіч, і гэта было выдатнае супрацоўніцтва. Адукаваная, тактоўная, зацікаўленая, патрыёт Радзімы і сваёй справы. Яна ўпісалася ў калектыў нашай установы і знайшла кантакт з дзецьмі. Веру, што сучасны малады настаўнік – менавіта такі. Цешуся, калі бачу, што мае вучні таксама выбралі гэту прафесію.

– Якое свята ў годзе для вас самае любімае?

– Думаю, у мяне іх два. Першае – Новы год, самая цудоўная пара, калі дзеці і дарослыя вераць у цуды і хараство. І другое, не менш важнае, – Дзень ведаў, калі школьны двор, які летам пуставаў і нават сумаваў, зноў напаўняецца дзіцячым смехам, гулам звонкіх галасоў і хуткімі дзіцячымі крокамі па калідорах. У такія моманты адчуваю, што жыццё ідзе правільным маршрутам, і я ў цэнтры падзей.

– Што пажадаеце калегам па працы з нагоды надыходзячага свята?

– Жадаю моцнага здароўя, і гэта не банальнасць, а тое, што сапраўды важна для кожнага, каб быць эфектыўным паспяховым ва ўсіх справах. Таксама ўсім, хто прысвяціў сваё жыццё педагогіцы, жадаю невычэрпнай энергіі, жадання працаваць, рабіць дабро, прыносіць карысць і ствараць. Нельга забываць, што мы, настаўнікі, прыклад для нашых вучняў і грамадства. Мы выбралі прафесію, якой трэба адпавядаць усё жыццё.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#нашелучшее #нашалепшае #годбелорусскойженщины 

administrator

Recent Posts

Поздравление председателя Совета Республики Национального собрания Республики Беларусь Натальи Кочановой с Днем учителя

Уважаемые учителя, преподаватели и ветераны педагогического труда! От имени Совета Республики Национального собрания Республики Беларусь и…

1 час ago

Паважаныя педагогі і ветэраны педагагічнай працы!

Віншуем вас з Днём настаўніка – святам тых, для каго сэнсам жыцця стала служэнне высакароднай…

2 часа ago

Сезонны гандаль. Восень – шчодрая, прадукцыя – годная

Першы ў гэтым годзе восеньскі кірмаш па вуліцы Слонімскай райцэнтра прайшоў 3 кастрычніка і парадаваў…

22 часа ago

Для тых, хто адкрывае дзецям свет і дарогу ў будучыню

Восень пафарбавала дрэвы ў жоўты і барвовы колеры, ціха падае лісце, радуюць яркія астры і…

2 дня ago

Александр Лукашенко подтвердил приверженность интеграции прежде всего на постсоветском пространстве

Президент Беларуси Александр Лукашенко подтвердил приверженность интеграции прежде всего на постсоветском пространстве. Соответствующие заявления он…

2 дня ago

Немец Франц Райндль избран новым главой Международной федерации хоккея

Немец Франц Райндль избран новым президентом Международной федерации хоккея (IIHF), сообщает БЕЛТА со ссылкой на…

2 дня ago