Паколькі ў аснове вытворчасці стаяць людзі, можна смела сцвярджаць, што эканамічная моц краіны трымаецца на чалавеку працы. А адна з самых запатрабаваных працоўных спецыяльнасцяў – токар. З якімі матэрыяламі працуе гэты спецыяліст? Якімі якасцямі павінен валодаць прафесіянал? Ці ёсць у яго рабоце месца творчасці? На гэтыя і іншыя пытанні шукалі адказы ў аднаго з самых вопытных токараў Дзятлаўскага раёна Васіля Мацюка, работніка ААТ “Дзятлаўская сельгастэхніка”. Яго працоўны стаж, прычым у адной арганізацыі, ужо сорак чатыры гады. Сёлета яго імя было занесена на раённую Дошку гонару, і, як прызнаецца сам мужчына, больш за ўсё гэтаму абрадаваліся ўнукі, бо дзядуля цяпер знакамітасць на ўвесь раён.

Прафесію токара Васіль Мацюк атрымаў у 118-м прафесійна-тэхнічным вучылішчы металістаў у горадзе Баранавічы. Гаворыць, што выбар гэты быў выпадковы, бо паехаў проста за кампанію з сябрам і паступіў. Калі пачаў разбірацца ў асаблівасцях прафесіі, спадабалася, так і атрымалася, што выбраў справу на ўсё жыццё.

– Бывала, што ўзнікалі думкі заняцца чымсьці іншым. У дзяцінстве ўвогуле марыў стаць машыністам цеплавоза, але, як бачыце, не склалася, паравозамі не кірую, – дзеліцца мужчына.

Цяпер ён у сваім цэху гаспадар дзесяці станкоў, на якіх выточвае дэталі з металу і пластыку. Гаворыць, што за гады працы ўсе гэтыя агрэгаты асвоіў, ведае як свае пяць пальцаў. Працаваць на іх не страшна, калі ўмееш гэта рабіць правільна і захоўваеш тэхніку бяспекі. У цэху ён адзін, таму разумее, што адказнасць вялікая і расслабляцца або хварэць нельга, бо замяніць не будзе каму.

– Работу сваю люблю, бачу ў ёй толькі адзін мінус – прыходзіцца ўвесь час працаваць стоячы, вось гэта фізічна цяжка, за цэлы дзень даволі стамляюся. У маладосці, вядома, быў больш рухавы. Увогуле, трэба быць увесь час пільным, бо калі зробіш дэталь хоць на міліметр не так, можа не запусціцца ў работу цэлы цэх, – гаворыць Васіль Мікалаевіч.

На пытанне, у чым жа сутнасць яго работы, сціпла адказвае, што ўсё проста: у адпаведнасці з чарцяжамі і тэхнічнымі патрабаваннямі канструктараў з кавалка металу робяцца пэўныя дэталі, якія далей ідуць у справу – на машыну, трактар, у даільную залу. І больш за ўсё яму падабаецца ў гэтай прафесіі тое, што з бясформеннага кавалка металу атрымліваецца акуратная, роўная дэталь. “Тады і душа радуецца”, – дадае мужчына. Некаторыя нават параўноўваюць гэту прафесію з творчасцю скульптара.

– Аднак токар павінен мець усё ж тэхнічны склад розуму: для выканання некаторых дэталей патрэбна кемлівасць, каб пры неабходнасці падабраць або самастойна сканструяваць дапаможныя прыстасаванні. А бывала, што сутыкаўся і са складанай дэталлю, якую цяжка было апрацаваць. Тады шукаў інфармацыю ў кнігах, Інтэрнэце, раіўся з калегамі, – адзначае Васіль Мацюк.

– Ці ёсць адрозненні ва ўмовах працы сорак гадоў таму і цяпер?

– Вядома, цяпер намнога лягчэй і прасцей. Станкі больш сучасныя, раней усё ўручную было, а сёння тэхніка выконвае шмат працы. Але не думаю, што машыны ў будучым змогуць поўнасцю замяніць прафесію токара. У нашай арганізацыі, да прыкладу, масавай вытворчасці няма, таму без рук токара ніяк не абысціся.

– Пэўна, усё ўмееце адрамантаваць, наладзіць?

– Калі станкі ламаюцца, сам рамантую, толькі акрамя электрычнасці. Безумоўна, практычнымі навыкамі працы з інструментамі карыстаюся і ў побыце. Але, можа, і не паверыце, у мяне дома таксама бываюць тупыя нажы. Жонка гаворыць, што людзям больш раблю, чым сабе.

– Якія парады як вопытны токар далі б пачынаючым спецыялістам?

– Не баяцца нічога, нават калі што-небудзь не атрымалася ці зламалася, не апускаць рукі. Быў у мяне на практыцы адзін хлопец, які разец зламае і ўжо губляецца. І калі гаварыў мне, што не ўмее тачыць, я адказваў, што таксама не ўмеў, не нарадзіўся ж токарам, а ўсяму вучыўся. Трэба рабіць, усё прыходзіць з вопытам. Калі штосьці не атрымалася раз, бяры другі кавалак жалеза, трэці – і абавязкова зробіш.

Святлана ГРЫШЫНА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga  

#нашелучшее #нашалепшае 

Похожие публикации