Імя на Дошцы гонару. Уладзімір Дзятчык: калі лёс – кіламетры і людзі

Ганаровы работнік газавай і паліўнай прамысловасці, уладальнік шматлікіх узнагарод, сярод якіх Ганаровая грамата Дзяржаўнага вытворчага аб’яднання “Белпалівагаз”, – усё гэта пра нашага земляка, ураджэнца вёскі Дзямянаўцы Уладзіміра Дзятчыка – вадзіцеля Дзятлаўскага раёна газазабеспячэння, імя якога занесена на раённую Дошку гонару.

Уладзімір Пятровіч больш за сорак гадоў калясіць па дарогах раёна, ведае на Дзятлаўшчыне кожны завулак: ад лабірынтаў гарадскіх вуліц да сціплых маршрутаў, якія вядуць да аддаленых вёсак і хутароў на ўскрайку лясоў. Яго ўспаміны – кіламетры і людзі, тысячы землякоў, жыццё якіх Уладзімір Пятровіч і яго калегі з газавай службы дзесяцігоддзямі робяць больш камфортным, цёплым, прыемным.

– Уладзімір Дзятчык – сапраўды дастойны работнік і чалавек, у яго не толькі шматгадовы стаж у газавай галіне, але яшчэ і высокія прафесійныя якасці: ён дысцыплінаваны, працалюбівы, акуратны, старанны, – характарызуе вадзіцеля начальнік Дзятлаўскага раёна газазабеспячэння ПУ “Слонімгаз” Юрый Ганчар. – Прыкладам для іншых могуць служыць і беражлівыя адносіны да рабочай тэхнікі, чысціня і парадак у гаражным боксе, ды і ў цэлым сумленнае стаўленне да справы, павага да людзей.  

Разам з тым, Уладзімір Пятровіч – чалавек просты і сціплы, менавіта пра такіх кажуць – “з народа”. Юнаком па накіраванні ваеннага камісарыята ён скончыў вадзіцельскія курсы, а потым адточваў атрыманыя навыкі, праходзячы тэрміновую ваенную службу ў Германскай Дэмакратычнай Рэспубліцы.

Вярнуўшыся на малую радзіму, у 1984-м па парадзе земляка ён уладкаваўся ў тагачасны гаргаз, дзе і працуе ўжо больш за чатыры дзесяцігоддзі, прымаючы самы непасрэдны ўдзел ва ўсіх этапах станаўлення і развіцця арганізацыі. 

Савецкі перыяд прафесійнай дзейнасці Уладзімір Пятровіч заўжды ўспамінае з цеплынёй у сэрцы: атрымаўшы кваліфікацыю вадзіцеля, занятага на перавозцы небяспечных грузаў, трыццаць чатыры гады ён ажыццяўляў дастаўку газавых балонаў насельніцтву. У большасці населеных пунктаў Дзятлаўшчыны да газіфікацыі гэта было запатрабавана, таму функцыянавала шэсць экіпажаў. Калектыў быў дружны, зладжаны, усе падтрымлівалі адзін аднаго, працаваць падабалася. Прыемныя моманты ў паўсядзённыя выезды дадавалі стасункі з людзьмі, многіх сваіх абанентаў Уладзімір Пятровіч памятае і сёння. Вяскоўцы заўсёды з радасцю сустракалі “газавікоў”, любілі пагутарыць па-свойску пра жыццё, таму і дарожныя цяжкасці – маразы, непагадзь, сезоннае бездарожжа – здаваліся работнікам крыху прасцейшымі і хутка забываліся пасля шчырых словаў удзячнасці ад людзей.

Безумоўна, за апошнія дзесяцігоддзі газавая служба краіны і нашага раёна перажыла карэнныя змяненні: цяпер Дзятлаўскі раён газазабеспячэння абсталяваны самай сучаснай тэхнікай, інструментамі, пастаянна абнаўляецца транспартны парк, высокія патрабаванні прад’яўляюцца да аховы працы, больш патрабавальнымі сталі і самі спажыўцы. Патрэба ў забеспячэнні балонамі стаіць не так востра, і некалькі гадоў таму Уладзімір Дзятчык “перасеў” на “Газель”. Ён возіць людзей: дастаўляе брыгаду слесараў на аб’екты і да абанентаў раёна для абслугоўвання газавага абсталявання. Нязменным у прафесійнай сферы застаецца адно: высокая патрабавальнасць нашага земляка да сябе і ўласнай працоўнай дзейнасці.

– Дарога патрабуе высокай канцэнтрацыі, уважлівасці, адказнасці за сябе і іншых удзельнікаў руху, бо самае каштоўнае – гэта чалавечае жыццё, – упэўнены Уладзімір Пятровіч. – Неабходна прытрымлівацца хуткаснага рэжыму, правілаў, быць засяроджаным і асцярожным.

Гэтыя навыкі прафесійнага ваджэння даўно адпрацаваны Уладзімірам Дзятчыкам да аўтаматызму. Ён любіць сваю работу і калектыў, удзячны спрыяльнаму лёсу, які не толькі прывёў у любімую арганізацыю, але і падарыў сямейнае шчасце: яго жонка Галіна Генрыхаўна таксама шмат гадоў адпрацавала ў Дзятлаўскім раёне газазабеспячэння і выйшла на заслужаны адпачынак з пасады дыспетчара аварыйнай службы.

Уладзімір Дзятчык гатовы дзяліцца прафесійным вопытам. Маладым вадзіцелям ён раіць любіць сваю справу і адносіцца да яе з адказнасцю, бо без старанняў няма і поспеху.

Ірына СТЫРНІК   

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#нашелучшее #нашалепшае

administrator

Recent Posts

Дзень сямейнага чытання.  Як нараджаецца любоў да кнігі

У сучасным свеце, дзе экраны прыцягваюць погляд з ранняга дзяцінства, усё цяжэй знайсці тое, што…

6 часов ago

В Дятлово встретили новое поколение педагогов школы искусств

27 августа в читальном зале районной библиотеки состоялась диалоговая встреча с молодыми специалистами, прибывшими в…

6 часов ago

На сцэне – кавер-група “Азарт”!

Сапраўднае шоу музыкі і песні падарылі дзятлаўчанам артысты з горада Мінска. Апладысментамі сустракалі нашы землякі…

18 часов ago

Спявай, Дзятлаўшчына!

Багатая дзятлаўская зямля талентамі, славіцца яна і сваімі спевакамі і музыкамі. Таму эстафету святочнай праграмы…

18 часов ago

Фестываль залатога каравая – “Дажынкі-2026” у Дзятлаве

Звонкія песні, важкія каласы ў прыгожых снапках, яркія выступленні Дзяржаўнага акадэмічнага ансамбля танца Беларусі і…

18 часов ago

“У гонар хлебаробаў” – дажыначнае шэсце дэлегацый

Хлеб сабраны – час святкаваць, а рабіць гэта беларусы ўмеюць ярка. https://www.youtube.com/embed/bIX3dcUW-rk Па традыцыі ўрачыстаму…

20 часов ago