55 гадоў з дня ўтварэння адсвяткавала КУП “Дзятлаўскае прадпрыемства меліярацыйных сістэм”. Старонкі яго багатай на справы гісторыі, якая пачыналася 26 лістапада 1971 года, напісаны некалькімі пакаленнямі работнікаў.

Асноўны напрамак дзейнасці – гэта меліярацыя земляў, падтрымка іх урадлівасці і эксплуатацыя меліярацыйных сістэм у Дзятлаўскім і суседніх раёнах, што спрыяе развіццю аграпрамысловага комплексу, паляпшэнню экалогіі і павышэнню якасці жыцця. 

Як і ў іншых галінах народнай гаспадаркі, вынікі тут залежаць ад працавітасці, добрасумленнасці і кампетэнтнасці кожнага работніка. Нягледзячы на высокапрадукцыйную тэхніку ў “арсенале” прадпрыемства і ўкараненне найноўшых тэхналогій, праца меліяратараў па-ранейшаму застаецца складанай і адказнай, і нярэдка аб’екты, дзе кіпіць работа, знаходзяцца на значнай адлегласці ад раёна.

Сёння арганізацыя развіваецца ў розных відах дзейнасці, нават неўласцівых: асвоена будаўніцтва вонкавых водаправодных і каналізацыйных сетак, мастоў, ажыццяўляецца комплекс будаўніча-мантажных работ па добраўпарадкаванні тэрыторый, аказваюцца паслугі па здачы тэхнікі ў арэнду. Спраўляцца з няпростымі задачамі і намечанымі планамі ўдаецца дзякуючы высокапрафесійнаму і адказнаму калектыву.

– За 55 гадоў пройдзены значны шлях, – павітаў прысутных кіраўнік КУП “Дзятлаўскае ПМС” Віктар Адамчык. – Кожны з вас уносіць свой уклад у клопат аб землях рэгіёна. Асаблівыя словы падзякі – ветэранам прадпрыемства: вашы праца і вопыт сталі асновай для некалькіх пакаленняў работнікаў. Важным кірункам дзейнасці з’яўляецца абнаўленне тэхнічнай базы. Цяпер парк ПМС налічвае больш за 120 адзінак тэхнікі, што дапамагае калектыву вырашаць пастаўленыя задачы. За дзесяць месяцаў бягучага года выкананы ўсе ключавыя паказчыкі эканамічнага развіцця. Дзякую за добрасумленную працу, жадаю моцнага здароўя і дабрабыту.

Віктар Уладзіміравіч уручыў заслужаныя ўзнагароды работнікам, якія аддалі меліярацыйнай справе дваццаць і больш гадоў – Сяргею Альшэўскаму, Мікалаю Магуйлу, Уладзіміру Дзянісіку, Мікалаю Марцінчыку, Аляксандру Панасенкаву, Уладзіміру Кузьмічу, Алене Галаванёвай, Барысу Гародку, Уладзіміру Скрундзю, Ірыне Палуянцэвіч, Уладзіміру Міцкевічу, Юрыю Куніцкаму. Памятныя падарункі – ганаровым меліяратарам Пятру Лішыку, Міхаілу Дзядзюку, Сяргею Калодзічу, Віктару Цімафейчыку, Сяргею Альшэўскаму, Мікалаю Магуйлу, Мікалаю Савічу, Віктару Шушко, Аляксандру Панасенкаву.    

Віншавальны адрас ад старшыні Дзятлаўскага райвыканкама Андрэя Садоўскага са сцэны прачытаў яго намеснік Дзмітрый Баравік і перадаў Віктару Адамчыку.

Ганаровыя граматы райвыканкама былі ўручаны мантажніку вонкавых трубаправодаў Сяргею Шчэрбу, намесніку дырэктара – галоўнаму інжынеру Дзмітрыю Марозу, машыністу экскаватара Анатолю Самахвалу, старшаму майстру Аляксандру Лішыку. Падзячныя лісты райвыканкама – машыністам бульдозераў Алегу Якаўчыку і Мікалаю Марцінчыку, вадзіцелю Аляксандру Ступкову, вальшчыку лесу Сяргею Місніку, вартаўніку Міхаілу Протасу. 

– Дзякуем вам за тое, што робіце для нашага раёна і ўрадлівасці сельскагаспадарчых земляў. Упэўнены, што ў намалочаных сёлета 110 тысячах тон збожжа ёсць і ваша заслуга. Міру вам, дабра, здароўя, – павіншаваў меліяратараў старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі. 

Ганаровымі граматамі раённага Савета дэпутатаў адзначаны майстар Мікалай Магуйла, токар Мікалай Радомскі, вадзіцель Барыс Гародка. Падзячныя лісты раённага Савета дэпутатаў атрымалі машыніст экскаватара Сяргей Макарчык, вартаўнік Дзмітрый Палуянцэвіч, бухгалтар Марына Добыш.

Віншавальную эстафету пераняў старшыня раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Уладзімір Казак. Ганаровымі граматамі абласной галіновай прафсаюзнай арганізацыі адзначаны Ірына Палуянцэвіч і Уладзімір Кузьміч, граматамі раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў АПК – Таццяна Плаўская і Уладзімір Скрундзь.

Калектыў дзятлаўскіх меліяратараў павіншаваў генеральны дырэктар абласнога ўнітарнага прадпрыемства “Гроднамеліявадгас” Віктар Палуянаў. Ён уручыў Ганаровыя граматы Юрыю Верстаку, Сяргею Альшэўскаму, Аляксандру Бандаровічу, Аляксандру Цяцерыну, Сяргею Яфіміку, Ігару Звонка, Аляксандру Карнэліку, падзячныя лісты – Юрыю Куніцкаму, Уладзіміру Манылу, Аляксандру Хіневічу.

Эстафету ўзнагароджання прадоўжыў намеснік гендырэктара дзяржаўнага аб’яднання па меліярацыі зямель, воднай і рыбнай гаспадарцы “Белвадгас” Дзмітрый Багданец. Ганаровыя граматы ён уручыў Уладзіміру Карнэліку, Аляксандру Панасенкаву, падзячныя лісты – Уладзіміру Міцкевічу, Алене Галаванёвай, Сяргею Гародку. За надзейны падмурак і шматгадовую працу цяперашнія работнікі і кіраўнік Віктар Адамчык падзякавалі ветэранам арганізацыі, якім былі перададзены падарункі.

Словы шчырай удзячнасці ў час урачыстасці прагучалі і ў адрас прыгожай паловы калектыву, якім з нагоды ўрачыстасці і Года беларускай жанчыны падарылі яркія букеты кветак. Не абышлося і без падарункаў для КУП “Дзятлаўскае прадпрыемства меліярацыйных сістэм” ад сяброў, партнёраў і гасцей урачыстасці, сярод якіх былі кіраўнікі гаспадарак Дзятлаўшчыны і калегі-меліяратары з іншых раёнаў.

Жыццё не стаіць на месцы, а таму ва “ўладароў воднай стыхіі” з КУП “Дзятлаўскае прадпрыемства меліярацыйных сістэм” наперадзе яшчэ шмат планаў, адказных аб’ектаў, складаных задач. Пажадаем ім, каб і наступная палова стагоддзя была для арганізацыі не менш плённай, фінансава стабільнай, даходнай і паспяховай.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации