Іх працоўная дзейнасць пачынаецца на Дзятлаўшчыне

Кадравае пытанне цяпер актуальнае для многіх сфер, асабліва гэта тычыцца невялікіх гарадоў і спецыяльнасцяў, якія патрабуюць пэўных кваліфікацый, таму заўжды прыемна знаёміцца з моладдзю, якая едзе працаваць на Дзятлаўшчыну.

Выпускнікі Ваўкавыскага дзяржаўнага каледжа ГрДУ імя Я. Купалы спецыяльнасці “турызм і гасціннасць” Паліна Бялецкая і Яўген Сячко з 1 жніўня па размеркаванні будуць працаваць у Дзятлаўскім раённым турінфацэнтры, а цяпер маладыя людзі праходзяць тут пераддыпломную практыку.

– Турыстычны інфармацыйны цэнтр у нашым раёне функцыянуе са жніўня 2023 года, – расказала галоўны спецыяліст сектара спорту і турызму райвыканкама Наталля Калодка. – За гэты час склалася свая сістэма работы, вопытам якой дзяліліся нават на рэспубліканскім узроўні ў час семінара па развіцці турызму, які летась прайшоў на Дзятлаўшчыне. Калектыў турінфацэнтра невялікі (тры чалавекі), арганізацыя новая для Беларусі: у некаторых раёнах да іх стварэння толькі прыступаюць, таму ўзніклі кадравыя пытанні, якія неабходна было рашаць. Кандыдатаў у спецыялісты вывучалі доўга: дзейнасць іх спецыфічная, патрабуе пэўных кампетэнцый. У выніку было прынята рашэнне прыцягнуць у турыстычную галіну раёна свежыя маладыя сілы. Для гэтага з дырэктарам ТІЦ Веранікай Паўлоўскай накіраваліся ў Ваўкавыскі каледж, захапіўшы з сабой скарбонку напрацовак – паказаць выпускнікам, наколькі цікавая, творчая, захапляльная работа можа іх чакаць на Дзятлаўшчыне. Намаганні апраўдаліся: на размеркаванні Паліна Бялецкая і Яўген Сячко выказалі згоду ехаць на першае працоўнае месца ў наш раён, ужо заключаны дагаворы з адміністрацыяй каледжа. Аднак наперадзе маладых людзей чакала пераддыпломная практыка, якую яны таксама пажадалі прайсці на Дзятлаўшчыне. Ім пайшлі насустрач: з 20 мая па 15 чэрвеня выпускнікі працуюць у турінфацэнтры, і мы пастараліся максімальна далучыць іх да рабочага працэсу, стварыць камфортныя ўмовы.

– Нам неабходны свежыя ідэі, погляды, актыўнасць, бо наша сфера патрабуе многіх уменняў, у тым ліку ў рабоце з сацыяльнымі сеткамі, штучным інтэлектам, што больш характэрна для пакалення нэкст, таму і шукалі маладых, – прадоўжыла тэму дырэктар турінфацэнтра Вераніка Паўлоўская. – У выніку двое будучых работнікаў прыехалі ў раён ужо на пераддыпломную практыку. З першых дён расказалі аб асаблівасцях работы турінфацэнтра, пазнаёмілі з горадам. Пашчасціла, што ў час практыкі праходзіла рэспубліканская акцыя “Вандруй! Адчуй! Натхняйся!”, якая дазволіла новым работнікам больш даведацца пра турыстычную сферу і аб’екты Дзятлаўшчыны. Ужо 1 жніўня Паліна і Яўген вернуцца ў нашу арганізацыю ў статусе маладых спецыялістаў.

– Прызнацца, у нас з Яўгенам былі іншыя планы на размеркаванне, аднак пасля размовы з Наталляй Яўгенаўнай і Веранікай Уладзіміраўнай прынялі такое рашэнне, – падзялілася ўражаннямі Паліна Бялецкая. – На Дзятлаўшчыне я раней ніколі не была. Горад маленькі, але прыгожы, з адметнай архітэктурай. Спадабаліся касцёл і сабор, спакойныя вуліцы, па якіх прыемна гуляць, таму за час практыкі зразумела, што выбар правільны. Безумоўна, не абышлося і без цяжкасцяў, аднак нам заўжды дапамагаюць, адчуваем грунтоўную падтрымку, ды і я не баюся задаваць пытанні. Работа патрабуе шмат новых ведаў, якія спадзяюся набыць у працэсе. У перспектыве хочацца кар’ернага росту, развіцця, магчыма паспрабаваць сябе не толькі ў рабоце спецыялістам па турызме, але і турагентам ці ўвогуле адкрыць сваю справу па профілі.  

– Калі даведаўся, што ў Дзятлаўскім турінфацэнтры ёсць два працоўныя месцы і можна размяркоўвацца разам з аднагрупніцай, вядома ж, зацікавіўся, –  расказаў Яўген Сячко. – Калі ўбачыў альбомы з фотаздымкамі адметных мясцін Дзятлаўшчыны і аўдыягід, ваганняў не засталося. На месцы ўпэўніўся, што ўсё сапраўды так: горад кампактны, прыгожы, праўда, няшмат месцаў для адпачынку моладзі, але гэта кампенсуе цікавая работа.

Старэйшыя калегі ўжо ацанілі лепшыя якасці сваіх маладых спецыялістаў і адзначаюць, што ім характэрны крэатыўнасць, актыўнасць, адказнасць, тактоўнасць і культура паводзінаў, што вельмі важна ў рабоце з людзьмі, а кіраўніцтва райвыканкама ў перспектыве паабяцала выдзеліць маладым работнікам арэнднае жыллё.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#Дятловщина #нашелучшее #нашалепшае 

administrator

Recent Posts

Вас памятае свет уратаваны. Жанчыны, якія набліжалі Перамогу

У Год беларускай жанчыны на старонках газеты “Перамога” расказваем пра нашых зямлячак, якія змагаліся на…

1 час ago

Словы ўдзячнасці і віншавання – вам, людзі ў белых халатах!

У раённым Цэнтры культуры і народнай творчасці прайшоў святочны канцэрт-шанаванне, прысвечаны надыходзячаму Дню медыцынскіх работнікаў.…

2 часа ago

Па 25 базавых велічыняў за няскошаную траву кожнаму

За невыкананне работ па падтрыманні належнага санітарнага стану на тэрыторыях зямель агульнага карыстання населеных пунктаў,…

3 часа ago

Прафарыентацыя. Каму падыдзе прафесія карэспандэнта

Гэта высвятлялі выхаванцы летніка “Крута” гімназіі № 1 горада Дзятлава, наведаўшыся ў рэдакцыю раённай газеты…

3 часа ago

Канікулы-2026

Чым жыве летнік Выхаванцы летніка “Усмешка” сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава імя А. М.…

3 часа ago

22 июня в Дятлово состоится митинг-реквием

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

7 часов ago