18 лістапада ў Беларусі адзначаецца дзень утварэння аператыўна-дзяжурнай службы. Супрацоўнікі гэтага падраздзялення міліцыі, як і ўчастковыя інспектары, знаходзяцца бліжэй за ўсіх да радавых грамадзян. Тэлефануе чалавек на нумар 102 ці прыходзіць асабіста ў аддзел унутраных спраў – яго сустракае супрацоўнік аператыўна-дзяжурнай службы.
Не першы год у гэтым падраздзяленні АУС Дзятлаўскага райвыканкама старшы прапаршчык Ігар Валяк. Агульны стаж службы ў міліцыі ў Ігара Канстанцінавіча ўжо больш за 22 гады. Пасля арміі задумаўся, чым жа хацелася б займацца. Па адукацыі тэхнік-механік, але не прыйшлася па душы работа ў гэтым кірунку. Пацікавіўся ў раённым аддзеле міліцыі, ці ёсць вакантныя месцы, яго кандыдатуру разгледзелі і накіравалі на вучобу ў школу міліцыі. Пачынаў вадзіцелем крымінальнага вышуку, затым – аператыўна-дзяжурнай службы, доўгі час працаваў у ізалятары часовага ўтрымання і нарэшце стаў памочнікам дзяжурнага аператыўна-дзяжурнай службы міліцыі грамадскай бяспекі.
– Аператыўна-дзяжурная служба – гэта цэнтр, дзе акумулююцца ўсе даныя аб здарэннях, якія адбыліся за суткі. Тут абавязкова выслухаюць, адкажуць на пытанне, а галоўнае – хутка дапамогуць, – расказвае праваахоўнік. – У мае абавязкі ўваходзіць прыём і рэгістрацыя паведамленняў; перадача інфармацыі іншым службам, тэлеграмаў пэўнага ўзору ў вобласць; накіраванне нарадаў рэагавання на выклікі; кантроль за затрыманымі, прапускным рэжымам.
У сярэднім за суткі паступае ад дзесяці і больш званкоў. Часта скардзяцца на скандалістаў, на тых, хто перашкаджае адпачываць позна вечарам, паведамляюць аб кражах. У дзяжурнай часці рэдка бывае спакойна, пастаянна рух, нейкая мітусня. Напрыклад, паступае паведамленне пра дарожна-транспартнае здарэнне з пацярпелымі. Неабходна хутка сабраць і адправіць следча-аператыўную групу, калі аварыя з сур’ёзнымі наступствамі, трэба яшчэ накіроўваць эксперта, следчага, супрацоўніка вышуку.
Звычайна тэлефануюць па сур’ёзнай прычыне, а бывае, што некаторыя дакладна не могуць патлумачыць, чаго яны хочуць. Але мы павінны кожны выклік прыняць, разабрацца. Калі на лінію 102 наўмысна тэлефануюць без уважлівай прычыны, гэта разглядаецца як дробнае хуліганства, будзе вынесена афіцыйная пастанова і за наступны такі званок ужо прыйдзецца заплаціць штраф. Калі людзі блытаюць наш нумар, напрыклад, са 103 або 101, вядома, гэта ўжо проста неабачлівасць.
– Як лічыце, што самае галоўнае ў вашай рабоце?
– Дапамагаць людзям. Вельмі важная аператыўнасць, бо неабходна хутка і дакладна адрэагаваць на просьбу літаральна ў першыя хвіліны, прыняць правільнае рашэнне. Перажываеш, бо людзі чакаюць дапамогі і часта ад яе залежыць нават жыццё чалавека. Трэба яшчэ быць і псіхолагам, бо сутыкацца прыходзіцца з рознымі людзьмі, да кожнага трэба знайсці свой падыход, а гэта не заўжды проста, асабліва з нецвярозымі.
– Якія якасці найбольш важныя для супрацоўніка міліцыі?
– Неабходна падыходзіць да справы, як кажуць, з халоднай галавой: не губляцца і не панікаваць у экстранных сітуацыях, а дзейнічаць дакладна, спакойна і разважліва, правільна расстаўляць прыярытэты. А для гэтага, лічу, патрэбны вопыт.
Ігар Канстанцінавіч адзначае, што служба ў міліцыі стала яго ладам жыцця і вельмі рады, што некалі зрабіў гэты выбар. Сям’я ўжо прывыкла, што ў яго часта бываюць ненарміраваныя рабочыя дні, прыходзіцца дзяжурыць у выхадныя, святы, і адносіцца да гэтага з разуменнем. Старэйшы сын ужо студэнт, сярэдні – школьнік, а маленькая дачка нядаўна толькі пайшла ў дзіцячы сад. Тата стараецца знаходзіць час, каб з імі пабыць, і запэўнівае, што служба гэтаму зусім не перашкода.
– Калегам з аператыўна-дзяжурнай службы з нагоды нашага свята жадаю цярпення, узаемаразумення, спакойных дзяжурстваў, поспехаў і дабрабыту, – гаворыць Ігар Валяк.
Святлана ГРЫШЫНА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga