Многія гарадскія прадпрыемствы сёння сталі шэфамі вясковых гаспадарак. Каб адрамантаваць асабліва складаную тэхніку, патрабуюцца спецыялісты самай высокай кваліфікацыі. Больш за тое, у час жніва ўладкоўваюцца на працу ў вёскі людзі розных прафесій з бліжэйшых гарадоў. Вось і вяртае бацькоўскі край назад – да зямелькі-матухны.
Спрадвеку хлеб у беларусаў быў у пашане і з’яўляўся знакам дабрабыту і дастатку. І ў ХХІ стагоддзі традыцыя сустракаць знакамітых і важных гасцей хлебам-соллю захоўваецца ў нашай краіне не толькі як частка ўрачыстага этыкету, але і свяшчэннай цырымоніі, якая сімвалізуе хлебасольства гаспадароў. Яна сведчыць пра іх гасціннасць, ветлівасць і адкрытасць да добразычлівага дыялогу, пра давер і гатоўнасць да ўзаемнай дапамогі і падтрымкі. Сустрэча хлебам-соллю таксама абяцае гасцям камфортнае знаходжанне ў краіне, дзе ёсць значныя матэрыяльныя і духоўныя багацці, сярод якіх вяршэнствуе хлеб. Нездарма ў народзе гавораць: будзе хлеб, будзе і песня. Усё, што звязана з хлебам: поле – перапрацоўка збожжа – хлебапрадукты, гэтая найважнейшая вытворчасць знаходзіцца пад пастаянным кантролем дзяржавы. Таму хлеб – традыцыйная ежа беларусаў – здаўна шануецца ў краіне і як стратэгічны прадукт, дзякуючы якому ўмацоўваецца харчовая бяспека Бацькаўшчыны.
У нас заўсёды віншуюць і ўзнагароджваюць лідараў жніва. Хлебаробы заўжды былі героямі мірнага часу. Заканамерна: без хлеба не будзе міру, будзе голад. Каб быў у кожнага з нас ён на стале – гэта штодзённыя клопаты і ўрада, і народа, і ўсіх неабыякавых людзей. Доказ у хлебаробаў просты: калі не мы, дык хто зробіць гэтую адказную працу?!
За штурвалам – вопытныя механізатары, для якіх уборачная кампанія не проста праца, а справа гонару, абавязак сэрца. Збажына – гэта золата іх неабыякавых душ. І нават тыя, хто не ў полі, не застаюцца ў баку: хто гатуе абеды, дапамагае на складах, сочыць за спраўнасцю тэхнікі. Гэта агульная справа. І ў гэтым, безумоўна, галоўная сіла вяскоўцаў, продкі якіх таксама працавалі талакой, у адзінстве, згуртавана.
Канстанцін КАРНЯЛЮК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga