Хвінявіцкая сельская бібліятэка-клуб сёння з’яўляецца цэнтрам бібліятэчнага краязнаўства на тэрыторыі сельсавета, аграгарадка Хвінявічы. Захаваць памяць продкаў, садзейнічаць выхаванню нацыянальнай свядомасці,пачуцця гонару за слаўнае мінулае сваіх землякоў, з павагай ставіцца да сваіх каранёў, культуры, традыцый і звычаяў – гэта асноўная задача бібліятэкі ў краязнаўчай рабоце.
Хвінявіцкая зямля багатая слаўнымі гераічнымі традыцыямі. Многае пабачыла вёска на сваім вяку. У гады Вялікай Айчыннай вайны была акупавана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. У баях за радзіму на франтах і ў партызанскіх атрадах змагаліся нашы землякі. Многія з іх не вярнуліся з поля бою, аддалі сваё жыццё за наша светлае і радаснае сёння. У цэнтры Хвінявічаў знаходзіцца помнік – ушанаванне памяці 60 землякоў.
У памяць аб нашых героях, ветэранах Вялікай Айчыннай вайны, сабраны гісторыка-краязнаўчы матэрыял “Мы помнім, шануем, ганарымся”, рукапісныя і відэаўспаміны ветэранаў, копіі дакументаў з сямейных архіваў: фатаграфіі, дзённікі, лісты, паштоўкі, артыкулы з газет, узнагародныя пасведчанні і іншае. Вялікую дапамогу ў зборы матэрыялаў аказалі жыхары аграгарадка.
У этнаграфічным пакоі “Гэта наша гісторыя” ёсць кнігі, дакументы, фотаздымкі, якія паказваюць жыццё мясцовых людзей у розныя гістарычныя перыяды. Ва ўзорах тканых і вышываных вырабаў зашыфравана гісторыя жыцця нашых продкаў, нашай прыроды.
Каб сабраныя краязнаўчыя матэрыялы не застойваліся на паліцах, бібліятэка рэалізоўвае доўгатэрміновы краязнаўча-патрыятычны праект “Хвінявіцкія вандроўкі: маршрут пабудаваны”. Чакаемы вынік – стварэнне інтэрактыўнага плаката “Аб мінулым для будучыні”.
Алена АПАНАСИК,
бібліятэкар Хвінявіцкай сельскай бібліятэкі
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#библиотека #книги