Вясёлая, добразычлівая, гасцінная Леакадзія Грыгілевіч з аграгарадка Раклевічы адсвяткавала сёлета свой 90-гадовы юбілей. З гэтай значнай датай яе прыехалі павіншаваць удзельнікі творчага калектыву сектара нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці. Па традыцыі, артысты жадалі здароўя, дабрабыту, падтрымкі і павагі ад родных і блізкіх, падрыхтавалі юбілярцы сувеніры і вясёлыя песні.

Леакадзія Дамінікаўна нарадзілася ў вёсцы Павіланцы Воранаўскага раёна. Дзяўчынка скончыла ўсяго чатыры класы. Вучылася грамаце па польскім буквары, таму дасканала ведае польскую мову, а таксама літоўскую, бо яе вёсачка знаходзілася на мяжы з Літвой. Вельмі рана пайшла працаваць на “шараварку” (арганізацыя, якая займалася рамонтам і прыбіраннем дарог).


Ткаць, вязаць і шыць Леакадзія навучылася ад матулі ў падлеткавым узросце. Яшчэ адно патрэбнае ўменне з дзяцінства, якое спатрэбілася на ўсё жыццё, – смачна гатаваць. Дарэчы, і цяпер любіць пеставаць сваімі даўнейшымі стравамі ўнукаў і праўнукаў.
У маладосці любіла хадзіць на “вечарыны” – так у іх мясцовасці называліся вясковыя танцы, якія ладзіліся кожную суботу то ў адной хаце, то ў другой. Дзяўчына прыгожа спявала, таму прымала актыўны ўдзел у вясковых абрадах “Валачобнікі” і “Калядкі”, таксама лічылася добрай танцоркай, і кавалеры запрашалі яе на кожны танец.
А як жа ў маладосці без кахання? Аднойчы дзяўчына пазнаёмілася з прыгожым хлопцам Францішкам. Маладыя не проста спадабаліся адзін аднаму, а пакахалі і хутка пажаніліся. Вяселле па тых мерках было з размахам: маладых у касцёл везлі не на конях, а па-сучаснаму – на машыне. Каля касцёла іх сустракалі вясёлыя музыкі, якія гралі на гармоніку, скрыпцы і бубне. Гулялі вяселле тры дні.

– Жылі мы, як і ўсе, небагата, але стараліся, трымалі вялікую гаспадарку, – успамінае Леакадзія Дамінікаўна. – У нас нарадзіліся тры дачушкі і сынок. Неўзабаве расфарміравалі калгас, і ў 1971 годзе мы вырашылі пераехаць у Дзятлаўскі раён, у вёску Раклевічы. Тут нам далі катэдж.
Жанчына да гэтай пары вельмі ўдзячная за такі падарунак лёсу. Палюбіліся Раклевічы, яго інфраструктура, добрыя і шчырыя людзі, але цёплыя ўспаміны пра родную вёсачку Павіланцы назаўсёды засталіся ў душы і сэрцы.

– Іншы раз як надыдуць успаміны пра родны куточак, дык, здаецца, пайшла б пешшу туды, дзе нарадзілася, – кажа юбілярка.
Да 80 гадоў яшчэ хадзіла на сезонныя сельскагаспадарчыя работы ў калгас. Да гэтай пары наведвае касцёл у Дзятлаве на ўсе каталіцкія святы, трымаецца ўсіх пастоў, шчыра моліцца Богу за здароўе і дабрабыт не толькі сваёй вялікай сям’і, але і ўсіх людзей.
– Нягледзячы на трагічныя падзеі ў сям’і, а мне прыйшлося пахаваць мужа і дачку, я шчаслівы чалавек. Мне Бог даў чацвёра дзетак, восем унукаў і трынаццаць праўнукаў, – прызнаецца Леакадзія Дамінікаўна. – Жадаю маім родным, а таксама ўсім людзям на зямлі толькі дабра. Лічу, што цяпер кіраўніцтва нашай дзяржавы дае цудоўныя магчымасці жыць і працаваць маладому пакаленню, у нашага старэйшага пакалення – забяспечаная старасць, а ў роднай краіне – мір і спакой.
Святлана ГРЫШЫНА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga