Хвіліны душэўнасці. 90 зімаў і вёснаў Генадзя Сухоцкага

Доўгае, насычанае, цікавае, часам і вельмі няпростае, жыццё склалася ў нашага земляка Генадзя Сухоцкага з вёскі Чырвоны Бор.

Нядаўна ён адсвяткаваў 90-гадовы юбілей, і з гэтай нагоды яго прыехаў павіншаваць творчы калектыў сектара нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці. Мужчына заўжды рады гасцям, любіць і пагутарыць, і песні добрыя паслухаць. Нягледзячы на ўзрост, Генадзь Уладзіміравіч вядзе актыўны лад жыцця. Прыгожа спявае, нават мае дачыненне да Беларускага радыё. У мінулым годзе яго запрашалі на радыёпраграму “Сустрэчы з песняй”, вядучым якой з’яўляецца вядомы беларускі акцёр, рэжысёр Алег Вінярскі.

У час душэўнай размовы юбіляр узгадаў старонкі свайго доўгага жыцця:

– Нарадзіўся я ў вёсцы Пушча Ліпічанская ў багатай і вялікай сям’і “пана” Сухоцкага – так называлі майго бацьку аднавяскоўцы. Шмат успамінаў з дзяцінства засталося ў памяці, але самыя цяжкія з іх – пра жудасныя гады Вялікай Айчыннай вайны.

Недалёка ад вёскі, дзе мы жылі, знаходзіўся партызанскі штаб, які называўся “Арлянскі”. Дапамагалі партызанам прадуктамі, адзеннем. Я здабываў для іх інфармацыю пра немцаў, якія захапілі гэтую мясцовасць. Складана было, страшна, але ўсе тады аб’ядноўваліся, каб перамагчы ворага, – і дарослыя, і дзеці.

У 1945 годзе пайшоў у першы клас. Хадзіць у школу даводзілася па дзесяць кіламетраў кожны дзень. І сёння памятаю сваю настаўніцу Валянціну Іванаўну Дарашкевіч, якая вельмі мяне любіла. Затым перайшоў у Дзямянаўскую школу, а сярэднюю адукацыю атрымліваў у Дзятлаўскай вячэрняй школе.

Але на гэтым вучобу не спыніў, хоць і прыходзілася вельмі цяжка, бо бацькі трымалі вялікую гаспадарку: кароў, авечак, курэй, 28 гектараў зямлі – і самім прыходзілася ўсё рабіць. Скончыў курсы трактарыста, адпрацаваў шмат гадоў. Пазней мяне выбралі загадчыкам участка ў калгасе. Хоць і меў ужо добры працоўны стаж, хацелася яшчэ вучыцца, таму скончыў Навагрудскі сельгастэхнікум. Наступным месцам працы была Слонімская меліярацыя, дзе да выхаду на пенсію я быў рабочым. Былі сілы, таму тут працаваў яшчэ дзесяць гадоў і пасля пенсіі. Агульны мой працоўны стаж склаў 54 гады.

З будучай жонкай Нінай пазнаёміўся на танцах. Вяселле гулялі тры дні, было весела, бо гралі цудоўныя музыкі на гармоніку і скрыпцы. Жонка Ніна Іванаўна была вельмі працалюбівая, старанная, усё жыццё адпрацавала на ферме даяркай. І дома была добрая гаспадыня, клапатлівая маці для нашых дзяцей – дачкі Ніны і сыноў Аляксандра і Андрэя.

Я ганаруся сваімі дзецьмі, пяццю ўнукамі і шасцю праўнукамі. Яны часта наведваюць мяне, тэлефануюць, клапоцяцца, бо пасля смерці жонкі жыву адзін.

Адным з маіх захапленняў з’яўляецца фатаграфаванне. Здымаў прыроду, вяселлі, розныя мерапрыемствы, а фатаграфіі рабіў пасля работы, па начах.

Вось такімі выдаліся мае 90 зімаў і вёснаў жыцця. Гады пралятаюць хутка, таму маладому пакаленню жадаю цаніць кожную хвіліну, шмат і сумленна працаваць, паважаць адзін аднаго, не забываць бацькоў, верыць у Бога, тады ўсё ў іх жыцці будзе добра.

Святлана ГРЫШЫНА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

administrator

Recent Posts

Белорусские аграрии намолотили 4 млн тонн зерна

Белорусские аграрии намолотили 4 млн т зерна. Об этом сообщили БЕЛТА в пресс-службе Министерства сельского…

11 часов ago

Вас памятае свет уратаваны. Жыццё – у ахвяру за дзясяткі жыццяў

Прыхаджане касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Дзятлаве ўшанавалі памяць 11 сясцёр-назарэтанак, якія па-мучаніцку загінулі…

11 часов ago

“Адчыні дзверы ў будучыню для юных фантазёраў”

Пад такім дэвізам з 1 жніўня ў акцыю “Збяром дзяцей у школу” ўключаецца Беларускае Таварыства…

12 часов ago

Набор невест ОТКРЫТ!

Мечтаешь примерить белое платье и почувствовать себя невестой, даже если до свадьбы ещё далеко? Или…

12 часов ago

Канікулы-2026. Урок бяспекі з першых рук

У аздараўленчым летніку “Вясёлая планета” Дварэцкай сярэдняй школы прайшоў тэматычны дзень “Закон, бяспека і паспяховы…

12 часов ago

В Беларуси выросло пособие по уходу за человеком старше 80 лет или инвалидом I группы

В Беларуси с 1 августа выросло пособие по уходу за пожилым человеком старше 80 лет…

12 часов ago