Дзятлаўчане заўважылі, што на абноўленым інфармацыйным знаку, які ўстаноўлены на кальцы па вуліцы Савецкай райцэнтра, дата заснавання нашага горада зменена з 1498 на 1450 год.
Адкуль такія звесткі?
Інфармаванне жыхароў на гэты конт ужо ажыццяўлялася праз раённую газету: сёлета ў нумары 5 за 18 студзеня пад рубрыкай “Хто ў курсе?” было надрукавана інтэрв’ю галоўнага рэдактара Ірыны Камаровай з дырэктарам Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея Сяргеем Каско “Дзятлава можа стаць старэйшым на паўстагоддзя”. Знайсці і пачытаць гэты артыкул можна таксама ў архіве навін на сайце нашага выдання diatlovonews.by за 15 студзеня 2025 года.
Дарэчы, версія пра больш салідны ўзрост райцэнтра існавала і раней, аднак афіцыйна не была пацверджана, таму і заставалася толькі здагадкай. Так, пра больш раннюю гісторыю Дзятлава ўзгадваў краязнаўца, даследчык, былы дырэктар музея Фёдар Красюк у сваёй кнізе “Зецела, або Падарожжа па старых вуліцах Дзятлава”. У пацвярджэнне ён прыводзіў урывак з Іпацьеўскага летапісу, дзе напісана аб ваенным сутыкненні паміж літоўскім і галіцка-валынскім войскамі на возеры З’ята ў 1253 годзе.
Некаторыя чытачы могуць сказаць, што такога возера ў нашым раёне не існуе. Аднак з моманту ажыццяўлення запісу мінула ўжо амаль восемсот гадоў, зразумела, што возера спачатку ператварылася ў балота, затым і ўвогуле перасохла, пакінуўшы пасля сябе тарфянік. Старыя жыхары раёна неаднойчы ў сваіх аповедах пра ХХ стагоддзе ўзгадвалі, што на ўездзе ў Дзятлава ўручную нарыхтоўвалі торфабрыкет, працавала невялікая вытворчасць.
Упэўніцца ў тым, што ў Іпацьеўскім летапісе гаворка ідзе менавіта пра дзятлаўскія мясціны, можна з фразы “… и послаша сторож Литва на озеро Зьято и гнаша через болота реки Щары…”. Сапраўды, Шчара працякае праз наш раён, а гідронім З’ята якраз і лёг у аснову тапоніма Зецела, так даволі часта бывае пры ўтварэнні назваў мястэчак і паселішчаў. Але гэта звесткі пра возера.
На пытанне, адкуль узялася дата 1450 год і чаму менавіта яна названа навукоўцамі як першае ўпамінанне, у артыкуле “Дзятлава можа стаць старэйшым на паўстагоддзя” таксама ёсць адказ: загадчыца сектара навукова-інфармацыйнай работы Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Рагнеда Аляхновіч адзначае гэта ў сваім даследаванні. Яна вывучала кнігу данін вялікага князя Казіміра, дзе знайшла ўпамінанне пра Здзецел (адна з ранейшых назваў нашага горада). У кнізе данін адзначаецца, што запіс зроблены пісарам Сапегам у прысутнасці пана Кгаштаўта, а так без абазначэння імя звычайна называлі Сямёна Сапегу, які быў пісарам вялікага князя Казіміра ў 1440-1450 гадах. Кгаштаўтам жа запісвалі Яна Гаштольда, калі ён займаў пасаду віленскага ваяводы. Адсюль навуковец зрабіла выснову, што дакументы, пра якія ідзе гаворка, складзены ў перыяд паміж 1443 і 1450 гадамі. Паколькі пры вызначэнні даты першага ўпамінання з дыяпазону бярэцца апошняя з магчымых, то на дадзены момант можна сцвярджаць, што Дзятлава мае больш працяглую задакументаваную гісторыю. На гэтым настойвае і наш вядомы зямляк, дырэктар Інстытута гісторыі Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі Вадзім Лакіза. Ён таксама паабяцаў даць інфармацыю аб больш старажытным паходжанні горада для публікацыі ў раённай газеце “Перамога”. Чытайце наша выданне і будзьце ў курсе.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае #Дятловщина