Упэўнены ў гэтым ураджэнец нашага раёна, кіраўнік установы адукацыі з самым важкім на Дзятлаўшчыне стажам Эдуард Ненартовіч. З 57-мі гадоў, якія працуе Гезгалаўская сярэдняя школа імя М. І. Нядзеліна, 37 яе нязменным дырэктарам з’яўляецца менавіта ён.
– Гэта мая родная ўстанова, пакідаў яе ўсяго на некалькі гадоў, пакуль вучыўся на геаграфічным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, і ўжо сорак адзін год бяззменна тут працую. На пасаду дырэктара быў выбраны па партыйнай лініі ў кастрычніку 1988 года, таму ў працоўнай кніжцы толькі тры запісы: “выхавальнік групы падоўжанага дня, настаўнік геаграфіі, дырэктар”.
Затое ў сэрцы Эдуарда Ненартовіча запіс адзін – “Гезгалаўская сярэдняя школа”. З будучай прафесіяй ён вызначыўся яшчэ ў юнацтве. Вучыўся паспяхова, і яму прарочылі, што абавязкова стане доктарам або педагогам. Выбраў другое, а спецыяльнасць – геаграфію, якую да гэтага часу лічыць адной з самых цікавых вучэбных дысцыплін. Скончыў ВНУ з адзнакай, і як універсітэцкі актывіст, стараста патоку, удзельнік студатрадаўскага руху мог адразу стаць дырэктарам у адной з гродзенскіх школ, але прыехаў настаўнічаць на малую радзіму.
Праўда, ніхто з яго былых педагогаў не здзівіўся рашэнню: на той час у Гезгалаўскай сярэдняй школе працаваў моцны калектыў, які складалі выпускнікі лепшых ВНУ Савецкага Саюза. Яны прыязджалі сюды як жонкі ваеннаслужачых (раней Гезгалы былі ваенным гарадком, дзе базіраваліся ракетныя войскі стратэгічнага прызначэння).
У сярэдзіне 90-х, калі ракетчыкаў вывелі, установа перажыла своеасаблівую змену пакаленняў, аднак планку не знізіла, таму з 2007 па 2014 гады функцыянавала ў статусе гімназіі. Не губляе яна сваіх пазіцый і да нашага часу. Летась з 10 гезгалаўскіх выпускнікоў пяць былі медалісты, чатыры – стобальнікі. У Гезгалах заўжды ёсць высокаматываваныя вучні, свая каманда знатакоў “Супергульцы”, і гезгальцы як удзельнікі інтэлектуальных гульняў уваходзяць у пяцёрку лепшых каманд Прынёмання.
На высокім узроўні наладжана тут і патрыятычнае выхаванне. З 2024 года школа носіць імя Героя Савецкага Саюза, вядомага военачальніка, удзельніка чатырох войнаў Мітрафана Нядзеліна. У Расіі ёсць яшчэ дзве школы яго імя, і Гезгалы збіраюцца наладзіць з імі супрацоўніцтва. Пакуль жа ва ўстанове за сродкі раённага бюджэту мадэрнізуецца музей гісторыі ваеннага гарадка, дзе, безумоўна, будзе і летапіс самой школы.

Сёння тут займаюцца 111 навучэнцаў, а ў лепшыя часы было і да 450 чалавек, заняткі ладзіліся ў дзве змены, бо да мясцовых дзяцей далучаліся яшчэ і юныя адпачывальнікі санаторыя “Ластаўка”, які знаходзіўся побач на маляўнічым узбярэжжы вадасховішча ваеннага гарадка.
Увогуле, Гезгалаўская школа – гэта “брэнд”, у складзе якога інтэлект, дабрыня, патрыятызм, калектывізм, працавітасць: менавіта такія якасці тут прывіваюцца дзецям. Мясцовыя старшакласнікі не толькі стараюцца добра вучыцца, але і ўдзельнічаюць у пасадцы лесу, капаюць бульбу, з’яўляюцца байцамі студатрадаў. Яны ўмеюць і любяць працаваць. А калі ў Мінску праходзіла ўшанаванне студэнцкіх атрадаў, то лепшы студатрад СНД і лепшы атрад Беларусі ўзначальвалі менавіта былыя выпускнікі Гезгалаўскай сярэдняй школы.
Доўгія гады “візітоўкай” установы былі і творчыя перамогі. Мясцовыя дзеці спяваюць, танцуюць, займаюцца рукадзеллем, прадаўжаюць народныя традыцыі.
Інтэлект, працавітасць і патрыятызм, як лічыць Эдуард Ненартовіч, заўжды павінны ў чалавеку крочыць побач.
За гады такога навучання ў дзяцей фарміруецца моцнае школьнае братэрства, як следства – кожны люты, не зважаючы на адлегласці і абставіны, на вечары сустрэчы выпускнікоў у Гезгалы з’язджаецца да сотні былых вучняў.
Час ідзе, мяняюцца пакаленні, дзякуючы падтрымцы раённай улады, мадэрнізуецца і абнаўляецца будынак школы, але галоўнае застаецца нязменным: яе выпускнікі прадаўжаюць быць канкурэнтаздольнымі нават сярод гараджан, а сустрэць іх у родных сценах, пахваліць, даць жыццёвую параду можа Эдуард Ненартовіч.
– Я шчаслівы чалавек, – упэўнены Эдуард Іосіфавіч, бо за 37 гадоў работы на пасадзе кіраўніка чуў нямала словаў удзячнасці. Вельмі хочацца, каб і пасля мяне прыйшлі людзі, якія змогуць прадоўжыць нашы традыцыі, каб па-ранейшаму гезгалаўскіх педагогаў вылучалі павага і патрабавальнасць да вучняў, высокі ўзровень выкладчыцкай дзейнасці, а дзяцей – імкненне да лепшага. Вядома ж, час дыктуе свае ўмовы, але настаўнікі павінны працаваць на вынік, фарміраваць высокія маральныя, інтэлектуальныя, ідэалагічныя, чалавечыя якасці выпускніка. На гэта і нацэльваю свой калектыў.
Эдуарду Ненартовічу шмат удалося ў жыцці, бо для многіх ён стаў пуцяводным маяком, які не дае збочыць з дарогі, нездарма сямейную педагагічную дынастыю Эдуарда і Ларысы Ненартовічаў прадаўжае іх дачка, а ў роднай школе пераемнасць пакаленняў, на якую заўжды рабіў стаўку дырэктар, праяўляецца ў тым, што кожны трэці гезгалаўскі педагог – выпускнік гэтай установы.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#Дятловщина #образование #нашелучшее #нашалепшае