На Дзятлаўшчыне ёсць месца, дзе жывуць казкі, казачнікі і роставыя лялькі, якіх вельмі любяць маленькія і дарослыя жыхары раёна. Тут праходзяць самыя вясёлыя Дні нараджэння, ранішнікі, забараняецца быць вельмі сур’ёзнымі, але вітаецца гарэзлівасць і гаманлівасць. Дзе гэта месца і як туды патрапіць, расказалі кіраўнік узорнай студыі роставых лялек “Яркае свята для ўсіх” Дзятлаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Іван Каско і кіраўнік узорнай тэатральнай студыі “Мелодыя душы” Аксана Кашляк.

– Іван Іванавіч, адной са значных падзей мінулага года стала з’яўленне на карце горада новага аб’екта пад казачнай назвай “Церамок”. Што гэта за дом і хто ў ім “жыве”?
– Усёй нашай вялікай дружнай сям’ёй – а гэта два творчыя аб’яднанні і 40 роставых лялек – мы пераехалі ў гэты будынак у канцы 2024 года і пачалі пераўвасабляць яго пад свае мэты і густ. У нашу кампанію гарманічна ўпісаўся народны хор ветэранаў працы “Ветэраны ў страі”, які мае тут сваё памяшканне для рэпетыцый і касцюмаў. Першапачаткова мы называліся “Свет казкі” (банер прывезлі з аднаго з фестываляў), але ў хуткім часе прыйшла новая назва разам з канцэпцыяй установы – “Церамок” па прыкладзе казачнага, дзе шмат насельнікаў, разнапланавых відаў дзейнасці, пры гэтым усе адчуваюць сябе гарманічна. Пачыналі з упэўненасцю, што ў адрозненне ад казачнага, наш домік не разваліцца.

– Ці ўдалося зрабіць памяшканне прасторай для дзіцячага адпачынку і творчасці?
– Многія з праектаў пры фінансавай падтрымцы раённага бюджэту былі рэалізаваны, і цяпер “Церамок” можа прымаць у сябе дзіцячыя Дні нараджэння, выпускныя дашкольных навучальных установаў і пачатковай школы, тут можна адпачыць школьным лагерам або проста групай дзяцей. Не перабольшу, калі скажу, што ў нас у гасцях былі практычна ўсе маленькія жыхары раёна – па нашых падліках, больш за чатыры тысячы чалавек.

Каб ні адзін госць не засумаваў, мы прапануем рознажанравую праграму: шоу мыльных бурбалак, дзе можна самім далучыцца да гэтага працэсу; паралонавае шоу – у ім мы крэатыўным чынам выкарысталі абрэзкі ад паралону, з якога былі выраблены роставыя лялькі. Нарэшце, лакацыя з сярэбрана-папяровым шоу, які мы называем паміж сабой пакоем псіхалагічнай разгрузкі дзяцей і дарослых. Для яго закупілі больш за 40 кілаграмаў спецыяльнай серабрыстай бяспечнай для выкарыстання паперы ціш’ю. Таксама для бяспекі і камфорту гасцей мы паклалі на падлогу буда-маты, па якіх можна бегаць і скакаць без абутку. І, нарэшце, галоўнай “фішкай” нашай забаўляльнай установы з’яўляецца пакой пад назвай “Салодкае каралеўства” з самым вялікім сталом на Дзятлаўшчыне. Ён самаробны, тры метры ў дыяметры і два ўзроўні, адзін з якіх рухомы. За ім можна пагуляць у “Поле цудаў” або накрыць салодкі стол для імянінніка і яго гасцей. Для зручнасці мы размясцілі ў пакоі кухонную мэблю і бытавую тэхніку. Кожнае свята ў “Церамку” праводзіцца з удзелам роставых лялек, з якімі дзеці гуляюць і танцуюць разам, абнімаюцца і водзяць карагоды.

– Чым яшчэ здзіўляеце гасцей?
– Мы пастаянна дадаём нешта новае ў гульнявы працэс. Так, нядаўна ў “Церамку” з’явілася імерсіўнае шоу: дзеці гуляюць у гульні з персанажамі на экране, паўтараюць танцавальныя рухі. Таксама ў бліжэйшы час тут з’явіцца лазерны цір.

– Дзе ўдалося пабываць з калектывамі ў мінулым годзе і сёлета?
– Актыўна ўдзельнічалі ў культурным жыцці раёна і вобласці, ездзілі ў камандзіроўкі па ўсёй краіне. Некалькі разоў выступалі ў Каробчыцах, сёлета наведвалі Смаргонь. З пастаноўкай “Чучала” студыі “Мелодыя душы” выступалі на абласным фестывалі “Слонімскія цудадзействы”. Нашы артысты сталі прызёрамі абласнога фестывалю гутарковага жанру. Цяпер рыхтуем абодва калектывы для пацвярджэння звання “народны”, якое адбудзецца 27 лютага ў Цэнтры культуры і народнай творчасці. У сваёй прэзентацыйнай пастаноўцы “Ніці” паднімаем актуальную і сацыяльна вострую тэму булінгу ў школьным асяроддзі.
Традыцыйна ўдзельнічаем у сацыяльных праектах перад пачаткам навучальнага года і да Дня абароны дзяцей.

– Як жадаючым патрапіць у тэатральную сям’ю раёна?
– На кожным сваім выступленні мы запрашаем дзяцей не толькі прыходзіць у госці, але і далучацца да каманды двух дзіцячых аб’яднанняў, якія працуюць на базе Цэнтра культуры. Сёлета адкрыты набор у новы калектыў – аматарскае аб’яднанне гульні “Церамок”, удзельнікі якога будуць вучыцца быць актыўнымі вядучымі забаўляльных мерапрыемстваў і гульнявых праграм у нашай установе.

– Аксана Уладзіміраўна, як “нараджаюцца” новыя роставыя лялькі, адкуль ідэі? Калі чакаць новых персанажаў?

– Глядзім сучасныя мультфільмы, сочым за трэндамі, прыслухоўваемся да ідэй выхаванцаў нашых аб’яднанняў. Так, напрыклад, у мінулым годзе заяц быў пераканструяваны ў Лабубу. Ёсць персанажы, якія, нягледзячы на вялікую папулярнасць у дзяцей, мы не сталі рэалізоўваць. На распрацоўку і пашыў адной роставай лялькі патрэбна каля двух тыдняў часу, калі ёсць усе матэрыялы. Спадзяёмся да наступнага фестывалю роставых лялек прыйсці з новымі персанажамі на змену тым, якія непрыдатныя. У багажы ў нас шмат задумак, якія пры спонсарскай падтрымцы будуць увасоблены ў жыццё.

Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае