Ва ўстановах дашкольнай адукацыі раёна праходзяць тэматычныя мерапрыемствы да Міжнароднага дня роднай мовы.

У Таркачоўскім дзіцячым садзе з выхаванцамі арганізаваны хвілінкі паэзіі, дзень беларускай рухомай гульні. У групе аформлена выстава кніг “З любоўю да роднай мовы”. Дзеці прынялі ўдзел у стварэнні кніжкі “Казка ў малюнках”, у забаве “Каб гучала родная мова”. Яны чыталі вершы беларускіх дзіцячых паэтаў, выконвалі песні, адгадвалі загадкі. Юныя артысты тэатра “Батлейка” паказалі народную казку “Зайкава хатка”.

Для бацькоў падрыхтаваны інфармацыйныя лісткі “Далучэнне да роднай мовы”, “Размаўляйце па-беларуску”, у якіх размешчаны практычныя парады, як навучыць дзяцей гаварыць на беларускай мове; арганізавана выстава дзіцячай літаратуры “Беларускія пісьменнікі – дзецям”.

У Гезгалаўскім дзіцячым садзе выхаванцы падарожнічалі “Па старонках роднай мовы” праз розныя віды дзіцячага фальклору – вершаванага, празаічнага, гульнявога, музычнага. Адбылася тут і сустрэча з загадчыцай Гезгалаўскай сельскай бібліятэкі, якая пазнаёміла з навінкамі дзіцячай мастацкай літаратуры. Выхаванцы 5-7 гадоў сталі ўдзельнікамі віртуальнай экскурсіі “Мая сталіца”, дзе “наведалі” вялікія прамысловыя прадпрыемствы Мінска.


Да конкурсу чытальнікаў вершаў на роднай мове рыхтавалiся маленькiя беларусы разам з бацькамi i выхавальнiкамi, падабралi і вывучылi вершы пра прыроду нашай зямлі, абаронцаў Айчыны, Вялікую Перамогу. Бацькі выхаванцаў прынялі ўдзел у моўнай акцыі “Размаўляй са мной па-беларуску”. Адказваючы на пытанні інтэрв’ю “Я люблю Беларусь, таму што…”, яны адзначылі, что кожны інтэлігентны чалавек павінен ведаць і паважаць мову краіны, у якой нарадзіліся яго продкі і ён сам.

У групе інтэграванага навучання і выхавання ад трох да шасці гадоў Новаяльнянскага дзіцячага сада створана выстава “Гучы, родная мова”. Тут дзеці пазнаёміліся з навінкамі мастацкай літаратуры, зацікавіліся беларускімі казкамі, папрасілі бацькоў узяць кніжку дадому, каб пачытаць яе разам.

Выхаванцам групы інтаграванага навучання і выхавання Дварэцкага дзіцячага сада былі прапанаваны загадкі, прыказкі, прымаўкі, ілюстраваныя казкі і апавяданні, партрэты паэтаў і пісьменнікаў, якія славілі нашу мову.


Дашкольнікі здзейснілі падарожжа ў Дварэцкую сельскую бібліятэку, дзе змаглі азнаёміцца з навінкамі дзіцячай мастацкай літаратуры.

“Скарбонку роднай мовы” пазнавалі хлопчыкі і дзяўчынкі Казлоўшчынскага дзіцячага сада праз інтэрактыўную гульню “Па старонках беларускага фальклору”, вершы, казкі, апавяданні, песні беларускіх аўтараў, прагляд мультфільма “Беларуская азбука”.

На працягу тыдня для педагогаў і дзяцей была арганізавана выстава, прысвечаная 90-годдзю з дня нараджэння Рыгора Барадуліна.

Бацькі выхаванцаў пісалі свае любімыя слова на беларускай мове.

Інтэрактыўная сустрэча выхаванцаў, педагогаў і работнікаў “Слоўца за цукерку” адбылася ў дзіцячым садзе № 2 горада Дзятлава.


З дзецьмі тут былі праведзены гутаркі аб значнасці роднай мовы, дыдактычныя гульні, акцыі. У групах сада аформлены тэматычныя кніжныя выставы, гучалі вершы, казкі, апавяданні, песні беларускіх аўтараў.


Падрыхтавала Таццяна САНЮК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga