Кожны год на старонках газеты “Перамога” мы  ўздымаем тэму небяспечнасці інвазіўных раслін і неабходнасці своечасова змагацца з імі. Аднак для некаторых гаспадароў і прадпрыемстваў інфармацыю трэба нагадваць. Гэтым разам размова пойдзе пра прыгожы, аднак надзвычай небяспечны для іншых раслін сумнік (залатарнік) канадскі. 

– Пакуль яшчэ не позна, праблему трэба вырашаць, – з гэтымі словамі ў рэдакцыю прыйшоў жыхар горада Дзятлава. – Пакуль расліна не асыпала насенне, неабходна ад яе пазбавіцца. Важна не толькі скасіць, але і ўтылізаваць расліну.

Традыцыйна месцам канцэнтрацыі сумніка застаюцца гарадскія могілкі. Магчыма, нехта некалі пасадзіў расліну, каб было ярка і прыгожа, цяпер жа гэта можа перарасці ў сур’ёзную праблему.

Яшчэ ў мінулым годзе сумніка тут было нямала, сёлета – адно суцэльнае жоўтае мора. Расліна прысутнічае не толькі на агульнай тэрыторыі могілак, але і за агароджай вакол магіл. Яна паспяхова “перабралася” праз дарогу, заснавалася па ўзбочыне, каля кантэйнераў са смеццем і вось-вось дабярэцца да пасеваў рапсу. Сумнік канадскі ўяўляе сур’ёзную пагрозу для культурных раслін, пасевы якіх знаходзяцца зусім побач, праз дарогу. Так гарадская “прыгажосць” дадасць клопату і без таго моцна загружаным аграрыям.

Аб тым, як на Дзятлаўшчыне змагаюцца з раслінамі-шкоднікамі, расказаў начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Дзмітрый Балькоўскі:

– Сумнік канадскі, як і баршчэўнік, адносіцца да інвазіўных відаў раслін, якія адназначна падлягаюць знішчэнню, бо наносяць моцную шкоду экасістэме. Найбольш эфектыўны метад барацьбы з сумнікам – хімічны, можна таксама скасіць яго, аднак гэта трэба будзе рабіць неаднаразова. Традыцыйна клопат па знішчэнні расліны – задача Дзятлаўскага РУП ЖКГ і сельгаспрадпрыемства, якому належаць землі, дзе былі выяўлены ачагі сумніка. Хачу нагадаць жыхарам раёна, што сумнік канадскі, нягледзячы на яго яркія “залатыя” кветкі, – не ўпрыгажэнне вашага прысядзібнага ўчастка, а сур’ёзны вораг для культурных раслін. За распаўсюджанне або нежаданне ліквідаваць сумнік віноўнікаў можа чакаць адміністрацыйная адказнасць.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

About Author
administrator
View All Articles
Проверьте последнюю статью от этого автора!
На працоўнай хвалі

На працоўнай хвалі

18 апреля, 2026
Депутаты едут в округа!
Моладзевыя навіны. Як запаліць іскрынку краўдфандынгу ў сэрцах юных валанцёраў?

Похожие публикации