Ужо набіла аскоміну тэма культуры нашых людзей у магазінах, аднак ёсць нагода зноў звярнуцца да яе.
Два тыдні таму ва ўніверсаме “Родны Кут” не проста абнавілі ключы ў камерах захоўвання, а паставілі новыя стыльныя шафы на 36 ячэек, якія Дзятлаўскі філіял Гродзенскага аблспажыўтаварыства спецыяльна заказаў на Гомельскім заводзе гандлёвага абсталявання. Для таго, каб іх усталяваць, трэба было правесці грунтоўную работу, набыць брэлокі, вырабіць і прымацаваць нумаркі да кожнага ключа, каб наведвальнікам было зручна пакідаць свае рэчы і рабіць пакупкі. І ў гэты ж дзень прапаў ключ ад ячэйкі № 8.

Падрабязней расказала пра сітуацыю і падзялілася набалелым намеснік дырэктара Дзятлаўскага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства Алеся Лазута:

– Каб разабрацца ў сітуацыі, правялі расследаванне, прагледзелі запісы відэакамеры магазіна і вылічылі сям’ю, якая пакідала свае рэчы на доўгі час, затым сын забіраў іх, але ключ у ячэйцы не пакінуў. На жаль, гэтыя людзі не з горада Дзятлава, і адшукаць іх хутка не атрымалася, аднак інфармацыю аб несумленных грамадзянах мы перадалі сваім прадаўцам, каб тыя былі ўважлівымі.
Ключ замянілі на запасны, аднак уся сітуацыя застаецца бязрадаснай. Па словах Алесі Міхайлаўны, часта жыхары і госці горада размяшчаюць свае рэчы ў ячэйках камеры захоўвання, прызначанай для пакупнікоў “Роднага Кута”, і надоўга ідуць па сваіх справах, займаючы месца ў камеры захоўвання не па прызначэнні. Новыя ключы ўжо перажылі “атаку” несумленных дзяцей і нават дарослых, якія ад няма чаго рабіць круцяць іх, ламаюць, зрываюць наклейкі і шкодзяць іншымі спосабамі.

– Каб у далейшым не дапусціць вандалізму і зберагчы нашу маёмасць, мы заключылі дагавор з раённым вузлом электрычнай сувязі і ўсталявалі ў раёне камеры захоўвання адразу дзве відэакамеры, накіраваныя пад розным вуглом. Гэта дапаможа пры неабходнасці выявіць хуліганаў, каб перадаць інфармацыю ў міліцыю і пакараць іх па заслугах, – дадала спецыяліст.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga