Практычна ў кожным двары апошнім часам пастаяннай “музыкай” сталі выбухі петардаў.
Дзе бяруць іх дзеці і падлеткі, якой яны якасці – страшна падумаць. Нядаўна адна знаёмая матуля расказала, што яе сын ледзь не стаў пацярпелым у па-навагодняму небяспечнай сітуацыі. Яго сябар прыехаў на канікулы з абласнога цэнтра і прывёз з сабой такога “багацця” поўную скрыню. Кажа, набыў недзе праз знаёмых. Школьнікі забаўляліся, падпальваючы і кідаючы петарды на пустцы. А далей усё па класіцы. Адна з іх не загарэлася, тыя вырашылі праверыць стан і атрымалі апёкі рук. Добра, што невялікія, добра, што без “хуткай”, міліцыі і штрафаў, а магло быць зусім па-іншаму. У гэтай сітуацыі хочацца пашкадаваць бацькоў, якія ўжо дружна распісаліся ва ўсіх школьных пратаколах за тое, што цалкам адказваюць на канікулах за сваё немаленькае “чада”. За дзяцей сэрца баліць, ад іх свавольстваў – галава баліць, і як тут быць, што рабіць?
Напэўна, нашы петардавыя свавольнікі атрымалі трывалы ўрок асцярожнасці на будучыню. Але хочацца, каб хапала вусных настаўленняў бацькоў, інспектараў пажарнай службы і педагогаў. Бо наступным разам такая практычная “навука” можа надта дорага каштаваць.
Не варта забываць, што ў гэтай сітуацыі ёсць і адваротны бок. Юныя піратэхнікі могуць не толькі сабе і іншым нашкодзіць, але і атрымаць пакаранне па адміністрацыйным артыкуле. Сітуацыю тлумачыць першы намеснік начальніка АУС Дзятлаўскага райвыканкама Аляксей Кашко:

– За выкарыстанне піратэхнікі ў грамадскіх месцах прадугледжана адміністрацыйная адказнасць па артыкуле “Дробнае хуліганства”. Правапарушальнікі караюцца штрафам да 30 базавых велічыняў або адміністрацыйным арыштам да 15 сутак. Калі пры выкарыстанні піратэхнікі будзе нанесена істотная шкода здароўю або маёмасці людзей, парушальніку можа пагражаць крымінальная адказнасць. Калі падобнае правапарушэнне щчыніць падлетак да 14 гадоў, за яго будуць адказваць бацькі па артыкуле “Невыкананне абавязкаў па выхаванні дзяцей”.
Міліцыя папярэджвае і суб’екты гандлю аб продажы несертыфікаванай піратэхнікі. Штраф за такое для індывідуальных прадпрымальнікаў даходзіць да 200 базавых велічыняў, для юрыдычных асоб – да 500.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga