Тыя, хто не хоча працаваць сумленна, выдумваюць усё новыя і новыя спосабы падману даверлівых грамадзян. У сваю чаргу, нават тысячу разоў папярэджаныя, яны не-не ды і трапляюцца на кручок аферыстаў.

Гісторыя, якая не так даўно здарылася на Дзятлаўшчыне, не столькі трагічная, колькі павучальная для іншых, бо паказвае новую “схему”, якую разыгрываюць махляры. І лепш з ёй знаёміцца на чужым вопыце, а не ўласным.

Так, аднаго дня дзятлаўчанка у сацыяльнай сетцы Інстаграм натрапіла на рэкламу аб неверагоднай прапанове: лазневы халат за 19 рублёў, амаль задарма! Таму вырашыла замовіць адразу два. Магазін “Пасцельная бялізна Орша”, дзе прадаваўся тавар, падазрэнняў не выклікаў, бо на яго былі падпісаны некалькі знаёмых. Халаты заказала, па просьбе прадаўца 100 %-на аплаціла, указала, што дастаўка пажадана праз Еўрапошту. У сваю чаргу, гаспадыня магазіна растлумачыла, што чэк трэба пераслаць менеджару на склад ва ўказаны чат у Тэлеграм, што пакупніца адразу і зрабіла.

Зваротную сувязь яна атрымала на наступны дзень, менеджар яшчэ раз спытала, які спосаб дастаўкі, і прапанавала аплаціць перасылку праз Еўрапошту, каб яны маглі “падкалоць” у дакументы электронны чэк. Для аплаты даслала спасылку, перайшоўшы на якую пакупніца ўбачыла стандартнае акенца электроннай плацежнай сістэмы з выстаўленым рахункам 3 рублі 50 капеек. Не западозрыўшы нічога крымінальнага, увяла даныя карткі, а затым разавы код з СМС (хто аплачваў нешта карткай, той ведае). Як яна расказвае, напісаную ўнізе акенца лічбу 350 прыняла за “глюк” сістэмы. А калі аплата ў 350 рублёў не змагла спісацца з карткі (банальна не хапіла грошай на рахунку), прыйшло разуменне, што перад ёю ніякі не магазін, а махляры.

Дзятлаўчанка адразу звярнулася ў міліцыю, а з падманшчыкамі вырашыла размаўляць так, быццам не здагадалася, і паглядзець, чым гісторыя скончыцца. Паведаміла, што не атрымліваецца аплаціць, прапанавала зрабіць аплату па факце пры атрыманні на Еўрапошце, на што атрымала катэгарычную адмову. Тады яна пажадала вярнуць тавар, менеджар пагадзілася і даслала ёй яшчэ адну спасылку для пераходу, падпісаную vozvrat/belarusbank. Растлумачыла, што на тэлефон прыйдуць тры коды, іх трэба будзе ўвесці на гэтым сайце, тады грошы будуць пералічаны назад на картку. Зразумела, што ніякага “Беларусбанка” па гэтай спасылцы не было і быць не магло. У гэтым жанчына па падказцы знаёмага праграміста пераканалася сама: адключыла ўвесь інтэрнэт на тэлефоне, каб пераход не адбыўся, націснула і прачытала, што там напісана. Тым часам сам банк, дзе абслугоўваецца плацежная картка, спрацаваў на “ўра”: яна была аўтаматычна заблакіравана на працягу паўгадзіны і стала недаступнай для махляроў. Крымінальную справу распачалі па артыкуле “замах на махлярства”, бо матэрыяльныя страты ў выніку аказаліся не такімі значнымі. А вось жыццёвы ўрок, атрыманы на ўласнай шкуры, больш дзейсны. Ён навучыў, што паслугі паштовай сувязі або Еўрапошты ніколі не трэба аплачваць праз інтэрнэт: гэта робіць або адпраўнік на тым баку, або вы самі пры атрыманні на месцы. Калі вас запэўніваюць у іншым, хутчэй за ўсё, гэта махляры.

У Следчым камітэце Дзятлаўскага раёна кажуць, што падобныя прэцэдэнты – справа нярэдкая, часам пацярпелыя страчваюць сотні і нават тысячы рублёў.

– На жаль, праблема махлярства набывае ў нашым грамадстве ўсё большую актуальнасць, – адзначыў намеснік начальніка раённага аддзела Следчага камітэта Дзмітрый Лупач. – Калі ў мінулыя гады махляры ўзломвалі сацыяльныя сеткі і выкарыстоўвалі асабістыя даныя, то сёння яны вынаходзяць усё новыя схемы падману, удасканальваюць спосабы выцягнуць у людзей грашовыя сродкі. Былі выпадкі, калі злачынцы не проста тэлефанавалі ў месенджарах, а нават выходзілі на відэасувязь у форме супрацоўнікаў міліцыі і паказвалі пасведчанне. Страты па такіх крымінальных справах, пацярпелымі ў якіх з’яўляюцца жыхары нашага раёна, вымяраюцца дзясяткамі тысяч рублёў. Таму хачу яшчэ раз нагадаць правілы бяспекі, якія могуць вас засцерагчы ад такіх сітуацый: супрацоўнікі банкаў, праваахоўных органаў і ўсіх службаў раёна не ўдакладняюць важную інфармацыю па тэлефоне, а толькі па месцы работы. Супрацоўнікі такіх структур не тэлефануюць у месенджарах, таму, атрымаўшы такі званок, паспяшайцеся завяршыць размову. Таксама не ўводзьце даныя сваёй карткі або пашпарта ў інтэрнэце, каб імі не скарысталіся зламыснікі.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации