“У мяне ёсць для вас падарунак, але я яго вам не аддам”, – перафразуючы героя вядомага савецкага мультфільма, можна сказаць пра сітуацыю, аб якой пойдзе размова ніжэй.
Зусім нядаўна ў Беларусі адзначаўся Дзень пажылых людзей, і многія службы віншавалі дзятлаўчан сярэбранага ўзросту па-свойму. Далучылася да гэтага руху і юрыдычная служба раёна, размясціўшы на старонках газеты “Перамога” артыкул пад назвай “Ільготы для пенсіянераў”, у якім падрабязна апісваліся скідкі на камунальныя і іншыя паслугі, якія маюць менш абароненыя катэгорыі насельніцтва.
У дзень выхаду свежага нумара газеты першымі нам пачалі тэлефанаваць кіраўнікі арганізацый, якія прадастаўляюць гэтыя самыя паслугі, у тым ліку электра- і газазабеспячэнне. Канстатавалі, што апісаныя ў артыкуле скідкі на сучасны момант ужо не дзейнічаюць, і цяпер даводзіцца тлумачыць гэта абанентам персанальна. У хуткім часе званкі пасыпаліся ў рэдакцыю і ад чытачоў: адны цікавіліся, другія абураліся, што падманваем, трэція – проста засмучаліся, што далі надзею, якая не спраўдзіцца, чацвёртыя – пыталіся нумары тэлефонаў адвакатаў, якія рыхтавалі інфармацыю для публікацыі.
2 кастрычніка спецыялісты юрыдычнай кансультацыі даслалі ў рэдакцыю электронны ліст з просьбай размясціць абвяржэнне іх папярэдняй інфармацыі ў артыкуле: “… І пазначыць, што 01.10.2025 года Пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 12 чэрвеня 2014 г. № 571 “Аб парадку разлікаў і ўнясення платы за жыллёва-камунальныя паслугі, паслугу па кіраванні агульнай маёмасцю сумеснага домаўладання і платы за карыстанне жылымі памяшканнямі дзяржаўнага жылля” страціла сілу, згодна з якой, прымяняліся льготныя тарыфы па аплаце паслуг па газазабеспячэнні на льготнай аснове для пенсіянераў”.
На жаль, такая сітуацыя не адзінкавая. І заўвага пра тое, што “Адказваюць за падбор і выкладанне фактаў аўтары публікацый” (гэта друкуецца ў кожным нумары), не абараняе ад негатыўнай сітуацыі, дзе ўмоўна вінаватай усё адно робяць газету.
Затое ў такія моманты выразна відаць, што раёнку чытаюць многія і ўважліва. Шаноўныя чытачы, дзякуем за зваротную сувязь! Дарэчы, тэлефануюць нам часта і па розных нагодах, часцей па прыемных.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga