Усе мы любім серыялы з крымінальным сюжэтам, сакрэтнымі аперацыямі, спецыяльнымі агентамі і расследаваннямі.

Але ўсё гэта становіцца не такім захапляльным, калі прыходзіць у наша жыццё.

На жаль, нягледзячы на ўсе папярэджанні міліцыі, СМІ і адказных структур: людзі, не вядзіцеся на падман, не будзьце такімі даверлівымі, не паведамляйце асабістыя даныя нікому – усё адно зводка здарэнняў у раёне рэгулярна папаўняецца такімі фактамі.

Па словах супрацоўнікаў АУС райвыканкама, самыя “хадавыя” віды махлярства ў віртуальнай прасторы – гэта падстаўныя інтэрнэт-магазіны. Схема банальная і рабочая: вы жадаеце набыць тавар, уступаеце ў перапіску, дзе вас запэўніваюць, што абавязковая перадаплата (істотная або поўная сума), пасля пераводу якой тавар не прыходзіць, а прадавец перастае выходзіць на сувязь. У тройцы самых папулярных пакупак, на якіх падманваюць даверлівых грамадзян, – навагоднія тавары, зімовыя шыны і цёплае адзенне.

Цікавей, вынаходлівей і з большымі стратамі для пацярпелых працуюць кіберзлачынцы, якія выступаюць пад выглядам сацыяльных службаў або органаў правапарадку. Апошні інцыдэнт на Дзятлаўшчыне, звязаны з імі, інакш як трагікамічным не назавеш. Каб абараніць сябе ад адказнасці па сур’ёзным “крымінальным” абвінавачванні, жанчына месяц падтрымлівала кантакт з “палкоўнікам” фінансавай міліцыі, набрала крэдытаў, пераадольвала перашкоды, каб пералічыць махлярам грошы. І да апошняга верыла ў тое, што яна дапамагае следству. Раскажам падрабязней гэту гісторыю ў спадзяванні, што хоць некаторых з вас яна засцеражэ ад фатальных памылак.

Аднаго дня жыхарцы Дзятлаўшчыны патэлефанавалі ў месенджары WhatsApp супрацоўнікі быццам бы аператара А1 для перазаключэння дагавора. Яны запыталі ў жанчыны пашпартныя даныя і папрасілі ўстанавіць на тэлефон пэўную праграму (аддаленага доступу). Па завяршэнні размовы паступіў званок ужо ў Вайберы, мужчына прадставіўся палкоўнікам фінансавай міліцыі. На аватарцы быў значок Дэпартамента фінансавых расследаванняў, падпісана была пасада і прозвішча Веранко (дарэчы, такое ж прозвішча фігуруе ў іншай падобнай крымінальнай справе), што яшчэ больш упэўніла жанчыну ў яго сапраўднасці.

Абанент патэлефанаваў, прадставіўся і абвінаваціў жанчыну ў тым, што яна перадала асабістыя даныя махлярам, якія нібыта званілі з А1, а іх служба “перахапіла” званок. Пакуль дзятлаўчанка размаўляла з “палкоўнікам”, на яе рахунак паступілі 5 тысяч рублёў і адразу спісаліся, а звыш іх – 500 рублёў, якія належалі самой пацярпелай. Аб усім гэтым яна расказала “палкоўніку”, той паведаміў, што хутка з жанчынай звяжуцца яго калегі і праінструктуюць аб далейшых дзеяннях.

З таго моманту жыццё шматпакутнай жанчыны сапраўды стала падобнае на крымінальныя прыгоды. Яе запалохалі, што грошы, спісаныя з рахунку карткі, былі накіраваны на падтрымку экстрэмістаў ва Украіне, і за гэта ёй пагражае крымінальная адказнасць. Так, трымаючы ў эмацыянальным напружанні і пастаянным кантролі, жанчыну “вялі” больш за месяц. За гэты час яна, не раз адпрасіўшыся з работы, узяла крэдыты на 1 тысячу і 10 тысяч рублёў, якія пералічыла махлярам, каб даказаць сваю недатычнасць да фінансавых махінацый і падтрымкі экстрэмізму. Дзесяцітысячны крэдыт выдаваўся наяўнымі грашыма, таму, каб пералічыць яго праз тэрмінал, пацярпелая спецыяльна паехала ў другі горад. Па наводцы “спецслужбаў” яна наведвала банкі ў Баранавічах, Навагрудку і іншых суседніх і не вельмі гарадах. Узяла б і больш крэдытаў, але ў шэрагу банкаў адмовілі ў іх.

Для дачы паказанняў у райаддзел міліцыі пацярпелая патрапіла па першым эпізодзе з залічэннем і зняццем сумы на картку, “вясёлы” працяг гісторыі ўсплыў ужо ў кабінеце следчага.

– Пацярпелая больш за месяц вяла перапіску ў Тэлеграм-канале з махляром, які выдаваў сябе за палкоўніка фінансавай міліцыі, – падводзячы вынік гісторыі, расказаў старшы оперупаўнаважаны аддзялення крымінальнага вышуку АУС Дзятлаўскага райвыканкама Аляксандр Пацыновіч. – І нават калі мы яе запэўнілі ў тым, што гэта кіберзлачынцы, у выніку чыіх дзеянняў яна пацярпела і страціла грошы, у жанчыны засталося пытанне: “А можа, сапраўды палкоўнік?..”

На пытанне, ці ўдасца пацярпелай вярнуць страчаныя грошы, за якія яшчэ доўга давядзецца выплачваць крэдыт, у Аляксандра Янавіча аргументаваны адказ:

– Нам удалося прасачыць “шлях” страчаных грамадзянкай грошай. Яны былі абналічаны ў венгерскім Будапешце. Шанцы на вяртанне страчанай сумы, думаю, зразумелыя…

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации