Роўна па календары ў горад прыйшла вясна з выдатнымі плюсавымі тэмпературамі і ласкавым сонейкам. Усё наваколле быццам запрашае: выходзьце на прагулку.
Людзей залатога ўзросту двойчы клікаць не трэба, яны самі ахвотна збіраюцца кампаніямі і адпраўляюцца на праменад па родным горадзе. Але тут узнікаюць праблемы.
– Увесь пазітыўны настрой ад добрага надвор’я псуе тое, што пад нагамі пастаянна трапляюцца сляды жыццядзейнасці сабак, якія несумленныя гаспадары паленаваліся сабраць і ўтылізаваць. Магчыма, яны былі не вельмі заўважныя пад снежным покрывам, а цяпер усе навідавоку. Ні прайсці ні праехаць! Дапамажыце што-небудзь з гэтым зрабіць, – звярнуліся жыхаркі райцэнтра ў рэдакцыю газеты “Перамога” па тэлефоне.
Дзе, як выгульваць сабак і ці патрэбна за імі прыбіраць, даведаліся ў начальніка аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі, архітэктуры і будаўніцтва Алены Грамко.

– Патрабаванні па ўтрыманні хатніх сабак, катоў, іх рэгістрацыі, а таксама па адлове безнаглядных жывёл у населеных пунктах вызначаны правіламі, зацверджанымі пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 04.06.2001 г. № 834, – расказала Алена Іванаўна. – Уладальнікам сабак, катоў забараняецца прыводзіць жывёл у магазіны, на прадпрыемствы грамадскага харчавання і бытавога абслугоўвання насельніцтва, у школы і дзіцячыя дашкольныя ўстановы, у грамадскія будынкі, паркі, скверы, на стадыёны, рынкі, а таксама на жывёлагадоўчыя фермы. Выгульваць сабак можна на прыдамавых тэрыторыях, у час выгулу – трымаць на кароткім павадку і ў намордніку, акрамя шчанюкоў да трох месяцаў і дэкаратыўных сабак ростам да 25 см у карку, якіх можна выводзіць на павадку без намордніка. Таксама забараняецца ўтрымліваць незарэгістраваных жывёл.
У адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь ад 01.04.2024 г. № 361-3 “Аб адказным абыходжанні з жывёламі” іх гаспадар абавязаны неадкладна забяспечваць уборку прадуктаў іх жыццядзейнасці (за выключэннем сабакі-павадыра).
За парушэнне правілаў утрымання хатніх жывёл іх уладальнікі будуць аштрафаваны ў памеры да 15 базавых велічыняў, калі парушэнне прычыніла шкоду здароўю ці маёмасці – ад 10 да 30 базавых велічыняў, або грамадскія работы, або адміністрацыйны арышт.
Калі вы ўбачылі ў населеным пункце парушэнне правілаў утрымання сабак (выгул без павадка, намордніка, забруджванне тэрыторый, выгул на дзіцячых пляцоўках), неабходна зафіксаваць гэты факт на фота (відэа), высветліць асобу гаспадара жывёлы і звярнуцца з заявай да ўчастковага інспектара або ў сельскі выканкам.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga