У Казлоўшчынскім  сельскім выканаўчым камітэце адбылося адкрытае выязное пасяджэнне суда Дзятлаўскага раёна. Нагода, на першы погляд, нязначная – крадзеж каструлі капусты і некалькіх палак каўбасы. Аднак прыпраўленыя неаднаразовым пранікненнем у чужое домаўладанне, яны сталі нагодай для ўзбуджэння крымінальнай справы. 

На лаве падсудных – жыхар вёскі Лозкі працаздольнага ўзросту, які ўжо працяглы час не працуе. Як стала вядома з выступлення дзяржаўнага абвінаваўцы, у мінулым годзе на Вялікдзень, мужчына, знаходзячыся ў нецвярозым стане, самавольна пранік у дом суседа, дзе ўкраў з халадзільніка каструлю супу, які гаспадару дома наварыла і пакінула дачка. Такія ж “набегі” на халадзільнік суседа ён учыняў паўторна, заўсёды ў нецвярозым стане, згодна з матэрыяламі следства, увогуле шэсць разоў. Мужчына паквапіўся на крывяную і ліверную каўбасу, прыпасеную для катоў гаспадара. У адзін з такіх візітаў ён быў засцігнуты на месцы злачынства.

Заўважыў сілуэт зламысніка і пачуў яго гаспадар дома, пажылы мужчына, які мае кепскі зрок. Ён паклікаў госця, і той адкрыў сваю асобу. Аб здарэнні гаспадар дома расказаў работнікам мясцовага ФАПа, а тыя звярнуліся ў міліцыю.

Сам пацярпелы не змог прысутнічаць на пасяджэнні суда, бо ў гэты час знаходзіўся на лячэнні ў бальніцы. У сваіх сведчаннях ён апісаў сітуацыю і адзначыў, што не мае прэтэнзій да падсудзімага. Суседка, якая выступіла ў якасці сведкі, таксама бачыла два выпадкі пранікнення ў домаўладанне. Яна ахарактарызавала абвінавачанага як спакойнага чалавека, які мірна жыве з суседзямі і часам дапамагае ім, аднак адчувае нездаровую цягу да алкаголю, якая перашкаджае яму пастаянна працаваць і штурхае на супрацьпраўныя дзеянні. Спрабуючы зразумець матывы і логіку ўчынкаў злодзея, яму задалі заканамернае пытанне:

– Вы спрабавалі не красці прадукты, а проста папрасіць? Няўжо сусед адмовіў бы пакарміць вас?

На гэта мужчына толькі паціснуў плячыма: каб прасіць, трэба смеласць, геройствы “пад мухай” даюцца значна лягчэй.

Падсудзімы цалкам згадзіўся з прад’яўленым яму абвінавачаннем, нават часткова кампенсаваў пацярпеламу нанесеную шкоду. Раней ён не меў судзімасцяў і ў хуткім часе збіраўся чарговы раз уладкавацца на працу – цяпер у суседні раён. Заўважым, што і агульная сума скрадзенага таксама аказалася невялікай: яна склала крыху больш за 30 рублёў. Усё гэта суд прыняў да ведама. Аднак былі ўлічаны і абцяжарваючыя абставіны – тое, што пацярпелы – пажылы чалавек з аслабленым здароўем, абвінавачаны гэта ведаў, і галоўнае – што ўсе эпізоды злачынства былі ўчынены ім у нецвярозым стане.

Суд задаволіў патрабаванні дзяржаўнага абвінаваўцы і назначыў мужчыну пакаранне ў выглядзе года абмежавання волі без накіравання ў спецыяльную ўстанову, прымусовае лячэнне ад алкагалізму і поўную кампенсацыю стратаў пацярпеламу. Так што з працаўладкаваннем у іншым раёне мужчыну давядзецца пачакаць.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации