Аграрыі толькі пачынаюць сяўбу яравых, а на землях раёна ўжо можна збіраць “ураджай” поліэтылену, не па-гаспадарску раскіданага на зямлі. На жаль, гэта праблема невычарпальная і актуальная практычна для ўсіх сельгаспрадпрыемстваў.

Супрацоўнікі раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя праблему ведаюць і трымаюць на кантролі, рэгулярна праводзяць маніторынгі па дадзенай праблематыцы.

– У Год добраўпарадкавання і не толькі на працягу яго пільная ўвага надаецца парадку на тэрыторыі сельскагаспадарчых прадпрыемстваў раёна, – расказаў начальнік інспекцыі Дзмітрый Балькоўскі. – У ходзе маніторынгу, які прайшоў у сакавіку, безгаспадарнае абыходжанне з адходамі поліэтылену было выяўлена на тэрыторыі, прылеглай да жывёлагадоўчых аб’ектаў КСУП “Жукоўшчына”, “Хвінявічы”, “Войневічы”, ААТ “Дварэц-Агра”, СГФ “Агра-Мілк”. Па выніках праверкі парушальнікам прыродаахоўнага заканадаўства былі накіраваны інфармацыйныя лісты. Калі парушэнні не будуць выпраўлены, вінаватых чакае адміністрацыйная адказнасць.

Дзмітрый Георгіевіч акцэнтаваў увагу на парадку ўздоўж дарог, якія пралягаюць праз тэрыторыю прадпрыемстваў.

– У ходзе транспарціроўкі сельгаспрадукцыі поліэтыленам засмечваюцца прыдарожныя палосы і землі паблізу іх. Просім кіраўніцтва сельгасарганізацый падтрымліваць парадак  на сваёй тэрыторыі, прызначыць асобаў, адказных за гэта. Таксама не варта забываць, што поліэтылен – другасная сыравіна. Згодна з рашэннем райвыканкама № 101 ад 26 лютага 2025 года арганізацыям раёна даведзены план здачы поліэтылену ў аб’ёме 294 тоны, зношаных шын – 130 тон, адпрацаваных маслаў – 40 тон.

Усе пра гэта ведаюць, але сабраць і здаць неяк рукі не даходзяць. Адны аргументуюць гэта тым, што плёнка будзе паўторна выкарыстоўвацца, аднак не знаходзяць месца для яе захоўвання, другія ўвогуле, ігнаруючы логіку і законы фізікі, спрабуюць утылізаваць патэнцыяльна карысную сыравіну, спальваючы яе.

Ды не трэба забываць, што ад папярэджання да штрафу – адзін крок.

Наталля АВЯРЧУК

Фота прадастаўлены інспекцыяй

#сельское хозяйство #АПК 

Похожие публикации