У рэдакцыю газеты “Перамога” па тэлефоне звярнулася жыхарка Мінска, якая кожнае лета адпачывае на малой радзіме ў вёсцы Яблынька нашага раёна.


Жанчына расказала, што прыехала сюды з унукамі пажыць на прыродзе і падыхаць свежым паветрам. Аднак камфортнаму адпачынку перашкаджаюць вялікагрузныя аўтамабілі сельгаспрадпрыемства, якія паднімаюць пыл і псуюць дарогу.


У сітуацыі разбіраліся на месцы, куды выехалі разам са старшынёй Парэцкага сельвыканкама Аляксандрам Ядэйкам.

– Некалі тут не было дарогі, людзі сваімі сіламі пабудавалі яе, а цяпер даводзіцца цярпець такія нязручнасці, – скардзіліся жанчыны. – Ужо трэці дзень па вуліцы ідзе тэхніка, возяць зялёную масу з поля. Дарогу разбілі, цяпер немагчыма ні праехаць, ні прайсці. Трэба яе адрамантаваць і знакі паставіць, каб грузавыя машыны тут не ездзілі.

У гэты ж дзень у вёску прыбылі прадстаўнікі міжраённага аддзела ДАІ па абслугоўванні Слонімскага, Дзятлаўскага і Зэльвенскага раёнаў. Інспектары адзначылі, што шлях праз вёску Яблынька ўваходзіць у пералік аўтадарог агульнага карыстання, таму перамяшчэнне па ёй транспарту правамернае. Для вырашэння сітуацыі зацікаўленыя бакі мусяць дамаўляцца паміж сабой.

Па словах Аляксандра Аляксандравіча, сітуацыя знаёмая і няпростая: адказнасць за догляд названай аўтадарогі немагчыма ўскласці на канкрэтную арганізацыю, бо яна не знаходзіцца не на чыім балансе. Ад імя сельвыканкама неаднаразова накіроўваліся лісты з просьбай паставіць аўтадарогу на баланс КУП “Гроднааблдарбуд”, аднак яны не мелі станоўчага адказу. Пры гэтым кожны год сіламі сельвыканкама арганізуецца грэйдзіраванне гэтага ўчастка дарогі.

Кіраўніцтва КСУП “Хвінявічы”, чыя тэхніка дастаўляе нязручнасці вяскоўцам, паведаміла, што работы па перавозцы травяных кармоў, якія ішлі на працягу трох дзён, завяршыліся. Ажыццяўляць перавозкі аб’язным шляхам было тэхнічна немагчыма. Пры гэтым сельгаспрадпрыемства прымае на сябе адказнасць па аднаўленні названай аўтадарогі ў межах сваіх тэхнічных магчымасцяў: спецыялісты выедуць на месца, каб ацаніць аб’ём работ і іх рэалізацыю.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga