Добраўпарадкаванню ў нашай краіне заўжды адводзілася вялікае значэнне, а сёлета яму нададзены асаблівы статус – аб’яўлены ключавой тэмай года. Як сказаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка: “Добраўпарадкаванне – гэта не толькі тое, што мы траву пастрыглі і пасадзілі дзесьці дрэва. Гэта нашае здароўе і, галоўнае, здароўе нашых дзяцей. Гэта захаванне і паляпшэнне таго, што ёсць у Беларусі”.

Добра, што многія разумеюць такі падыход і не чакаюць, пакуль нехта зробіць так, каб вакол было чыста і прыгожа, а самі праяўляюць ініцыятыву і дзейнічаюць. Не толькі для сябе, але і для людзей, што жывуць побач, для сваіх нашчадкаў.

Больш навідавоку, як квітнеюць і змяняюцца вялікія гарады і пасёлкі, але і ў маленькіх вёсачках шмат нераўнадушных жыхароў, якія не на словах, а на справе займаюцца добраўпарадкаваннем сваёй малой радзімы. Адзін з добрых прыкладаў таму ў нашым раёне – вёска Дзямянаўцы. Яе жыхарка і актывістка Валянціна Кушаль расказала, як аднавяскоўцы дружнай талакой ходзяць на суботнікі і толькі радуюцца гэтаму:

– Тут мы нарадзіліся, выраслі і разляцеліся па ўсім свеце, але вяртаемся, бо гэта месца нашай сілы, стараемся пакінуць свой добры след на роднай зямлі. У Дзямянаўцы мы з мужам пераехалі з Дзятлава, калі ўзнікла неабходнасць даглядаць маму і яе сястру, так і засталіся. Усёй душой прыкіпелі да нашага невялікага, але такога цудоўнага храма – царквы Сергія Раданежскага.

Як жа пачалася наша дзейнасць па добраўпарадкаванні малой радзімы? Мінулай восенню вырашылі арганізаваць суботнік на могілках, сабралася больш за пяцьдзясят чалавек. Хоць могілкі вялікія, але пастараліся вычысціць там усё вельмі добра. З блаславення і пры дапамозе нашага святара айца Мікалая там быў усталяваны і асвечаны металічны паклонны крыж.
На могілках стала прыгожа, вырашылі і для вёскі пастарацца. У нас арганізаваны збор смецця – РУП ЖКГ вывозіць яго два разы ў месяц. Прыводзяцца ў парадак тэрыторыі пасля зносу старых дамоў.
Правялі яшчэ чатыры суботнікі: спілавалі вялікія галіны, якія звісалі над дарогай і перашкаджалі руху транспарту, кусты, расчысцілі парк і прылеглую да возера тэрыторыю.
Асаблівы клопат у нас пра храм, які пабудаваны нашым мецэнатам Сяргеем Булычовым, старшынёй Калініградскай абласной думы. Мы ўпрыгожваем царкву, сочым за чысцінёй, абкошваем тэрыторыю вакол яе. Паставілі зручныя лаўкі, купленыя за грошы прыхаджан, устанавілі новы паклонны крыж.
У нас ёсць група актывістаў – пастаянных жыхароў і тых, хто прыязджае на лета. Гэта Сяргей і Таццяна Дзенісенкі, Ганна Шымановіч, Таццяна і Анатоль Панасевічы, сёстры Дзяхцевічы, Алена Сямёнава, мы з мужам, хтосьці прапануе ідэю, падключае астатніх аднавяскоўцаў – і справа ладзіцца. Узгадняем свае ініцыятывы з сельвыканкамам, старшыня Аляксандр Ядэйка нас ва ўсім падтрымлівае і аказвае садзейнічанне.

Дапамога і ад нашага нябеснага заступніка Прападобнага Сергія Раданежскага. Кожную справу мы пачынаем з малітвы, з блаславення айца Мікалая, а далей усё ідзе лёгка і проста.
Нашы бліжэйшыя намеры – пафарбоўка храма, на што збіраем сродкі, дарэчы, не трэба ўгаворваць людзей, нясуць грошы самі. Хочам выратаваць наша возера, якое цяпер зарастае, каб яно не ператварылася ў балота. Праводзілі сход, прыязджала нават камісія вучоных і рашылі, што з праблемай можна паспрабаваць справіцца – запусцілі туды амураў і карасей, стала значна чысцей.

Будзем працягваць і далей асеннія суботнікі – знішчаць расліннасць механічным і хімічным шляхам. Хочам “дастукацца” да ўсіх, хто рэдка прыязджае ў вёску, каб участкі каля сваіх дамоў не запускалі, а падтрымлівалі там парадак.
І самае галоўнае, што ва ўсіх справах разам з намі нашы дзеці і ўнукі. Яны працуюць на суботніках у вёсцы, на могілках, калі ідуць гуляць, бяруць пакеты і гумовыя пальчаткі, збіраюць смецце на Нёмане, куды любяць прыязджаць вельмі несумленныя грамадзяне, якія там жа смецяць.

Наш галоўны прынцып: мы не патрабуем нічога, а дзейнічаем самі. Калі ў нашу вёску прыязджаюць людзі і гавораць, як у нас прыгожа, хочацца рабіць яшчэ больш.
Святлана ГРЫШЫНА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#ГОД БЛАГОУСТРОЙСТВА