На Дзятлаўшчыне прадаўжаецца рэалізацыя шматлікіх праектаў па навядзенні парадку на зямлі і рамонце аб’ектаў раёна. Пра тое, навошта патрэбна і як ідзе рэканструкцыя моста праз раку Дзятлаўка, расказаў намеснік начальніка аддзела № 1 спецыялізаванай інспекцыі дэпартамента кантролю і нагляду за будаўніцтвам Васіль Вішнеўскі:

– Нядаўна мы правялі чарговую інспекцыю работ на аб’екце “Рэканструкцыя моста праз раку Дзятлаўку на кіламетры 77,89 аўтадарогі М11/Е85 “Мяжа Літоўскай Рэспублікі – Ліда – Слонім – Быцень”. Заказчык – РУП “Гроднааўтадар”, генеральны падрадчык – РУП “Мостабуд” у асобе свайго філіяла – будаўнічага ўпраўлення № 7; субпадрадныя работы ажыццяўляе ДБУ № 24 г. Ліда. Работы былі распачаты ў верасні 2024 года і павінны быць завершаны ў верасні 2025-га. У рэалізацыю праекта ўключана як будаўніцтва новага моста і дэмантаж існуючага, так і пракладванне падыходаў да яго. Агульная будаўнічая працягласць аб’екта 830 метраў. Каштарысны кошт работ – каля 6 мільёнаў рублёў, палова ад гэтай сумы – кошт моста і спадарожных работ. Цяпер рух ажыццяўляецца па аб’язной дарозе.

– Якім будзе новы мост і на якім этапе работы па яго ўзвядзенні?
– Запланавана будаўніцтва аднапралётнага моста даўжынёй 24 метры. Яго стварэнне абумоўлена некалькімі фактарамі. Першы – экалагічны: новы мост не будзе перашкодай для шляхоў міграцыі фаўны. З другога боку, пасля завяршэння будаўніцтва будуць задаволены неабходныя патрабаванні бяспекі, забяспечаны тэхнічныя характарыстыкі для магістральнай аўтадарогі М11. Грузапад’ёмнасць моста сучасная, высокая: дапушчальны пропуск калёснай тэхнікі з максімальнай нагрузкай на вось 14 тон або адзіночнага цяжкавеса вагой да 112 тон. Ужо выкананы каля 45 % ад агульнага аб’ёму работ. Цалкам дэмантаваны існуючы мост, заканчваецца ўзвядзенне апор.

– Падзяліцеся вынікамі чарговай інспекцыі аб’екта.
– Нядаўні агляд – чацвёрты ў межах дзеючага заканадаўства Рэспублікі Беларусь. Можна сказаць, што ў цэлым на аб’екце забяспечваецца здавальняючая якасць будаўніча-мантажных работ, іх тэхналагічная паслядоўнасць, выконваюцца арганізацыйныя моманты, звязаныя з культурай вытворчасці, арганізацыяй будаўнічага гарадка. Тым не менш, комплекс работ вялікі, і ў некаторых момантах былі выяўлены адступленні ад праектнай дакументацыі, парушэнні арганізацыйна-тэхнічнага характару. У прыватнасці, гэта вядзенне вытворча-выканаўчай дакументацыі. Па выніках праверкі будзе выдадзена прадпісанне і ўстаноўлены тэрмін для выпраўлення недахопаў.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#мост #дороги