Усе, хто наведвае Беларусь, нязменна адзначаюць наш парадак, чысціню і стан дарог. Яно і не дзіўна: работы па рамонце і добраўпарадкаванні дарожнага фонду краіны праводзяцца пастаянна – ад ранняй вясны да позняй восені.


За першы ў гэтым годзе грунтоўны аб’ект – бягучы рамонт аўтадарогі Горка – Івязь – Абелькавічы па рэспубліканскай праграме “Дарогі Беларусі” ўзяліся адразу дзве брыгады ДРБУ-119.
На падрыхтоўцы асновы пад асфальт працуе брыгада вопытнага майстра Паўла Сіневіча, для яго самога гэта ўжо 23-і сезон.

– На працягу больш чым дзевяці месяцаў працуем на дарогах мясцовага значэння ў двух раёнах, пачынаем з грунтоўнага аб’екта. Тут ужо зрэзалі аўтагрэйдарам завышаныя ўзбочыны, цяпер працуе шчотка, якая ачышчае пакрыццё, каб далей брыгада асфальтаўкладкі магла загрунтаваць дарожнае палатно і пакласці чарнавы слой асфальтабетону, – дзеліцца нюансамі тэхналагічнага працэсу Павел Паўлавіч. – Бачыце, якая прыгажосць? Усё адмералі, зрабілі планавую разбіўку, пікетаж, паставілі калочкі. Асфальтабетоннае пакрыццё будзе ўладкавана не толькі на самой дарозе, але і на з’ездах з яе. Ужо заканчваем работы на гэтым аб’екце і да канца тыдня пераязджаем на новы. Усё лета будзем весці рамонт асфальтавых, увосень – догляд гравійных дарог.

Майстар брыгады асфальтаўкладкі Андрэй Шастак расказвае, шторамонт аўтадарогі Горка – Івязь – Абелькавічы вядзецца на ўчастку працягласцю 3,7 кіламетра, тут будзе заменены пашкоджаны слой асфальту на новы. Калегі далі добры зачын для работы, падрыхтавалі аснову пад асфальт, таму працэс ідзе спраўна і актыўна, без паўз.

– Цяпер укладваем выраўноўваючы слой асфальту, за якім будзе яшчэ адзін, верхні, – расказвае ён. – Выйшлі на першы аб’ект сваёй пастаяннай камандай: працуюць асфальтаўкладчык, тры каткі, шчотка, фрэза, тры МАЗы на падвозцы асфальтабетону. Ідзём добрымі тэмпамі, думаю, да канца месяца завершым.

Андрэй Іванавіч кажа, што гарачая пара для работнікаў дарожнай галіны ўжо пачалася: занятасць тэхнікі і людзей распісана па днях і нават хвілінах, брыгады ДРБУ-119 працуюць адразу ў Дзятлаўскім і Слонімскім раёнах.
– У бліжэйшы час будзем весці рамонт аўтадарогі Юравічы – Нагорнікі – Гернікі: пракладзём асфальтавае пакрыццё да саміх Гернікаў, адтуль пераедзем у Слонім. Работа ладзіцца, яна нам добра знаёмая, калектыў пастаянны, навучаны і вопытны, з якім можна ўпэўнена працаваць, – падводзіць вынік майстар і разам са сваім калектывам уключаецца ў працэс прыёмкі новай партыі асфальтабетонннай сумесі.




Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#Дятловщина #нашалепшае #нашелучшее #дороги