21 верасня ў далёкім 1944 годзе выйшаў першы нумар нашай раённай газеты.
80 гадоў цесна пераплялі лёсы дзясяткаў людзей, якія ў розны час рыхтавалі і выпускалі “Перамогу” – журналістаў, карэктараў, тэхнічных работнікаў. А яшчэ – тысячы лёсаў дзятлаўчан, пра якія распавядала і распавядае наша газета, дзень за днём ведучы летапіс раёна.

Першы нумар газеты называўся “За новую вёску”. Яна была двухпалоснай, друкавалася ў Навагрудку, выходзіла спачатку два, пазней тры разы на тыдзень тыражом крыху больш за тысячу экзэмпляраў, рэдактарам яе быў Міхаіл Жураўлёў. Вайна яшчэ не скончылася, і на газету былі ўскладзены важныя задачы: яна падбадзёрвала людзей, заклікала іх да змагання за свабоду Радзімы, усяляла надзею ў сэрцы, змучаныя выпрабаваннямі. На яе старонках часта гучалі заклікі: “Усё для фронту!”, “Усё для перамогі над ворагам!”, “Што ты зрабіў для перамогі над германскім фашызмам?”.
Сустрэлі Вялікую Перамогу, і ў 1945 годзе Дзятлаўская раённая газета была перайменавана ў “Сцяг камунізму”, рэдактарам яе працаваў Фелікс Станішэўскі. Пад такой назвай газета выходзіла да ўзбуйнення раёнаў.
Затым адзначаўся перапынак на некалькі гадоў. У студзені 1965-га зноў быў утвораны Дзятлаўскі раён. Ужо ў красавіку таго ж года выйшаў першы нумар газеты пад цяперашняй назвай “Перамога”.
Рэдактарам “раёнкі” на працягу чатырнаццаці гадоў быў Рыгор Кавальчук. У 1979 годзе на гэту пасаду прызначаны Станіслаў Барысаў, які ўзначальваў калектыў “Перамогі” дзевяць гадоў. У лютым 1987 года рэдактарам Дзятлаўскай раённай газеты зацверджаны Іван Кіслы, які з гэтай пасады выйшаў на заслужаны адпачынак у 2005 годзе. На жаль, нікога з пералічаных людзей ужо няма ў жывых. Іх намаганнямі быў закладзены надзейны падмурак для далейшых творчых поспехаў журналістаў выдання.
Мой уласны лёс звязаны з “Перамогай” з таксама ўжо далёкіх 90-х гадоў. Школьніцай я прыйшла ўпершыню ў газету са шчырым жаданнем паспрабаваць сябе ў справе журналістыкі. І цяпер памятаю пах драўлянай вагонкі, якой былі “абшыты” сцены калідора рэдакцыі, добразычлівага галоўнага рэдактара Івана Кіслага. Маім першым прафесійным настаўнікам стала Леанарда Юргілевіч, у той час загадчыца аддзела, якая ўзяла мяне пад сваё “творчае крыло” і заклала першыя зярняткі ўпэўненасці, што ў мяне ўсё атрымаецца. Я ганаруся тым, што і сёння яна працуе, хоць і пазаштатна, у рэдакцыі, радуе чытачоў “жыццёвымі гісторыямі”. Праз гады вучобы і прафесійнага станаўлення ў Мінску ў 2008 годзе я вярнулася на малую радзіму і тады ў “творчую” сям’ю рэдакцыі мяне прыняў галоўны рэдактар Алег Кудзінаў, які ўзначальваў “Перамогу” з 2005 года.

Мне давялося працаваць з выдатнымі людзьмі: Аленай Дзікалавай, Інай і Барысам Яўсейчыкамі, Надзеяй Мацюкевіч, Аленай Гоман, Марыяй Стракоўскай, Андрэем Баравіком, Вольгай Грыцук, Ганнай Лях, Аляксандрам Ляўкевічам. Свой творчы ўнёсак у развіццё нашай газеты зрабіла маладое пакаленне журналістаў, сярод якіх Надзея Трахімовіч, Віталь Аляхновіч, Лізавета Сур’янінава, Юлія Бакуновіч, Вадзім Філіпоўскі.
За апошнія гады газета моцна змяніла свой выгляд. Яна стала падобная на міні-медыяхолдынг, які мае развіты інтэрнэт-сайт https://diatlovonews.by; старонкі ў сацыяльных сетках “Instagram”, “Аднакласнікі”, “ВКонтакте”, “YouTube”; Тэлеграм-канал “Дятлово ОНЛАЙН”; добра вядомы, які палюбілі дзятлаўчане і не толькі, “ТікТок”. Друкаваная “Перамога” выходзіць два разы на тыдзень: на васьмі старонках – па серадах і на дванаццаці – па суботах, друкуецца ў Лідскай друкарні, з моманту яе заснавання выпушчана больш за дзевяць з паловай тысяч нумароў.
Старанна ў ёй сёння працуе цудоўны, крэатыўны, адказны калектыў: Вольга Юшкевіч, Ірына Стырнік, Наталля Авярчук, Таццяна Грыцук, Святлана Грышына, Алена Конан, Марына Ляшчун, Таццяна Санюк, Наталля Лянцэвіч, Сяргей Вянско, Надзея Мацюкевіч.
Рэдакцыя вельмі ўдзячна за плённае супрацоўніцтва і падрыхтоўку цікавых матэрыялаў былым работнікам, сёння пазаштатным аўтарам “Перамогі”, якія дапамагаюць нам рабіць газету цікавай і разнажанравай, – Леанардзе Юргілевіч і Алене Абрамчык.

Матэрыяльная, ідэалагічная, юрыдычная падтрымка – гэта таксама важны аспект у развіцці выдання. Шчыра дзякуем кіраўніцтву раёна і асабіста старшыні райвыканкама Андрэю Садоўскаму за разуменне праблем нашай установы, высокую ацэнку работы журналістаў, неаднаразовую дапамогу ў набыцці прафесійнай тэхнікі для рэдакцыі.
За 80 гадоў мянялася назва газеты, змяняўся састаў рэдакцыйнага калектыву, але галоўнае заставалася нязменным – наша выданне заўсёды імкнулася аб’ектыўна расказаць сваім чытачам пра галоўныя падзеі ў жыцці горада, раёна, рэгіёна і краіны.
Дзякуй усім тым, хто працаваў і прадаўжае працаваць у рэдакцыі. Шчыра жадаю кожнаму моцнага здароўя, бадзёрасці духу, аптымізму, дабрабыту, поспехаў, цяпла і клопату блізкіх, любові і дастатку!
Дзякуй нашым галоўным сябрам – падпісчыкам, якія падтрымліваюць наша выданне. Дзякуй арганізацыям і прадпрыемствам, што з намі супрацоўнічаюць, усім неабыякавым людзям, хто дапамагае рэдакцыі ствараць. Мы заўсёды з вамі!
Галоўны рэдактар Ірына КАМАРОВА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga