На чарговай рабочай нарадзе ў кіраўніка раёна па пытаннях добраўпарадкавання асаблівае даручэнне атрымала кіраўніцтва Дзятлаўскага РУП ЖКГ. Яно тычылася аднаўлення работы крынічкі ў аграгарадку Жукоўшчына, дзе з пачатку лета знікла вада.

Крынічка – адна з адметнасцяў жукоўшчынскага краю. У 2008 годзе гэта месца было акультурана: там, дзе крыніца б’е з-пад зямлі, усталявалі бетоннае кальцо з трубой у якасці водапрыёмнай камеры, зверху паставілі драўляны зруб, прылеглую тэрыторыю і берагі ўмацавалі каменем і пліткай, стварылі прывабны ландшафт. Каля яе заклалі асфальтавую дарожку, зрабілі лаўкі, прыступкі, каб бяспечна падысці да вады, заасфальтавалі пляцоўку для стаянкі аўтамабіляў і паставілі змяшчальныя кантэйнеры для смецця.
З таго часу крыніца радавала дзятлаўчан і гасцей раёна сваёй чыстай прахалоднай вадой, аднак у чэрвені, з надыходам спёкі, яе паступленне перапынілася. Аб тым, як выконвалася даручэнне, расказаў намеснік дырэктара Дзятлаўскага РУП ЖКГ Віктар Дзедуль:

– Крынічка ў Жукоўшчыне карыстаецца папулярнасцю ў насельніцтва, многія прыязджаюць сюды, каб набраць крыштальна чыстай вады. Аднак у пачатку лета ў сувязі з паніжэннем грунтовых водаў плынь перастала паступаць у трубу. Мы атрымалі даручэнне аднавіць работу гэтай крыніцы і сталі шукаць спосаб выканаць яго. Адкачка вады з калодзежаў, якую праводзілі работнікі сельвыканкама не дала выніку, тады мы паспрабавалі заканапаціць усе адтуліны, праз якія магла б “уцякаць” вада, але і гэта не прынясло чаканага выніку. Разведка паказала, што неабходна паніжэнне канала са свідраваннем адтуліны ў калодзежы на 30 сантыметраў ніжэй за вывадную трубу. Нашы работнікі зрабілі паглыбленне ў камяністай і караністай зямлі, уставілі новую трубу дыяметрам 20 міліметраў, якой дастаткова для актуальнага ціску вады. Чакаецца, што з павышэннем узроўню грунтовых водаў крыніца вернецца ў першапачатковае русла і адновіць рух па сваім пастаянным маршруце.


Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае