14 чэрвеня Дзятлава сустракала І абласны адкрыты фестываль роставых лялек, які сабраў на сцэне 65 герояў казак і мультфільмаў.

Яго арганізатары – упраўленне культуры Гродзенскага аблвыканкама, Гродзенскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці, сектар культуры Дзятлаўскага райвыканкама – пастараліся, каб фестываль стаў сапраўдным святам радасці, дзяцінства, дабрыні і весялосці.

















Змястоўная праграма прапаноўвала гасцям відовішчы і забавы на любы густ. Працавалі гандлёвыя павільёны, горад майстроў, інтэрактыўныя пляцоўкі. Для дзятвы – шырокі выбар, дзе весела і цікава адпачыць: пакатацца на цягнічку, машынках, схадзіць на надзіманыя горкі, паласавацца папкорнам і салодкай ватай ці разам з артыстамі акунуцца ў краіну казкі і фантазіі.




Упершыню ў рамках фестывалю прайшоў энергічны і вясёлы забег роставых лялек, які падарыў гледачам мора пазітыўных эмоцый, памятныя фота і відэа.







Разгледзець усіх казачных герояў, якія прыехалі на Дзятлаўшчыну са сваімі тэатралізаванымі выступленнямі, даведацца хто яны і адкуль, можна было ў час традыцыйнага парада роставых лялек, які фінішыраваў на плошчы 17 Верасня каля галоўнай сцэны.







































Яркім было ўрачыстае адкрыццё галоўнай дзеі, нездарма ладзілася яно пад сімвалічнай назвай: “Дзятлава, усміхніся, у свет цудаў акуніся!”.






– Столькі лялек у Дзятлаве не было ніколі, хаця традыцыя праводзіць такія фестывалі існуе з 2014 года, – павітаў прысутных старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі. – Пачыналі мы з невялікага рэгіянальнага фестывалю, а сёння набываем узровень адкрытага міжрэгіянальнага. Жадаю ўсім прыемна правесці на ім час, атрымаць самыя лепшыя ўражанні, каб журы дастойна ацаніла ўдзельнікаў, мерапрыемства толькі шыралася і расло, а госці наведвалі яго з радасцю.

– Сёння Дзятлава – сталіца дзіцячага свята ў нашай рэспубліцы, бо гэты фестываль – свята для дзяцей, значыць і для іх бацькоў, – адзначыла начальнік упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Алена Клімовіч. – Калі дзеці шчаслівыя, будуць задаволены і дарослыя. Дзякуй Дзятлаўскаму райвыканкаму і вам, Андрэй Уладзіміравіч, за падтрымку ідэі і развіццё фестывалю. Вялікі дзякуй усім камандам Гродзенскай вобласці і нашых суседзяў. Спадзяёмся, што конкурсная праграма дазволіць вам і сябе паказаць, і чаму-небудзь павучыцца ў калег. Радасна бачыць, што ў камандах ёсць маленькія і даволі сталыя ўдзельнікі, бо юнаму пакаленню фестываль дасць магчымасць атрымаць задавальненне ад удзелу ў гульнявых праграмах, а дарослым – узгадаць дзяцінства. Спадзяюся, вярнуўшыся з дзецьмі дамоў, вы знойдзеце мультфільмы, герояў якіх пабачылі, і атрымаеце вялікую радасць ад іх сумеснага прагляду.

Старт весялосці даў усім вядомы і любімы персанаж – Кот у ботах, які 10 гадоў запар узначальваў рэгіянальны фестываль роставых лялек. За вернасць і адданасць мерапрыемству і бязмежную любоў да дзяцей Кот сёлета быў адзначаны – мантыяй амбасадора фестывалю і вышэйшай узнагародай – ордэнам залатога бота.



Актыўную частку свята – конкурс інтэрактыўных праграм – пачаў народны тэатр гульні “Анфас” Гродзенскага раёна з “Вясковымі забавамі”.































































Доўгачаканай, прыемнай і крыху хвалюючай была цырымонія ўзнагароджання пераможцаў першага абласнога адкрытага фестывалю роставых лялек у Дзятлаве.

– Сёння на нашай сцэне былі прадстаўлены конкурсныя праграмы ад творчых калектываў з Мінскай, Гродзенскай, Брэсцкай абласцей, кожная з якіх была па-свойму індывідуальнай, маляўнічай і цікавай, – адзначыла старшыня журы, галоўны спецыяліст аддзела культурна-асветніцкай работы, мастацтваў і навучальных установаў упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Анастасія Пекар. – Журы было няпроста выбраць лепшых. Шчырыя словы ўдзячнасці вам, артысты, за тое, што зрабілі фестываль святочным. Спадзяюся падораныя эмоцыі захаваюцца ў гасцей да наступнай сустрэчы. Вялікі дзякуй сектару культуры Дзятлаўскага райвыканкама, раённаму Цэнтру культуры і народнай творчасці за якасную арганізацыю мерапрыемства.

Упершыню ў Дзятлаве сёлета ладзіўся забег роставых лялек. Стараліся ўсе, але першым фінішаваў Шчанюк з горада Ліды – калектыў “100 сяброў” – гэта Арцём Мержа. Ён атрымаў прыз Дзятлаўскага раённага камітэта ГА “БРСМ”.




Усе калектывы, якія прынялі ўдзел у конкурсе інтэрактыўных гульнявых тэатралізаваных забаўляльных прадстаўленняў, адзначаны знакамі і дыпломамі ўдзельнікаў фестывалю.
Спецыяльным прызам узнагароджаны Юрый Русакевіч з горада Івацэвічы.





Абсалютным лаўрэатам сезона-2025 стала і заваявала гран-пры фестывалю роставых лялек індывідуальная прадпрымальніца з горада Кобрына Вольга Каролік.


– Новы вопыт, новыя знаёмствы і сябры, мне ўсё вельмі спадабалася, усё было шыкоўна, – падзялілася яна ўражаннямі ад перамогі. – Летась на фестывалі я заняла І месца, а сёлета “дарасла” да гран-пры. Я аніматар, займаюся роставымі лялькамі, арганізую дзіцячыя святы, калі запрашаюць выступіць дарослыя – таксама адгукваюся.

Дыплом І ступені заваяваў калектыў “100 сяброў” з горада Ліды, дыпломам ІІ ступені адзначаны калектыў “Свавольнікі” са Слоніма, дыплом ІІІ ступені дастаўся калектыву “Жэўжыкі” з Мінскай вобласці.

Пасля цырымоніі ўзнагароджання ўсіх прысутных чакала сцэнічнае выступленне ўзорнай эстраднай студыі “Кампанэла” з горада Масты.





Свята прадоўжылі вясёлая пенная вечарынка, яркі коларфэст і дыскатэка для падлеткаў.





Ірына СТЫРНІК
Фота Наталлі АВЯРЧУК, Ірыны СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#Дятловщина #нашелучшее #нашалепшае