У час чарговай аператыўнай нарады асабовага саставу аддзела ўнутраных спраў Дзятлаўскага райвыканкама, на якую была запрошана першы сакратар раённага камітэта грамадскага аб’яднання “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі” Анастасія Чурай, супрацоўнікі міліцыі і кіраўнік аддзела Аляксандр Францавіч Біль павіншавалі з узнагародамі і падзякавалі за актыўную грамадзянскую пазіцыю добраахвотным дружыннікам Віктару Басаю і Аляксандру Радзюку.


Дружыннікі добраахвотнай дружыны ААТ “Дзятлаўскі сыраробны завод” — грузчык Віктар Басай і электраманцёр па рамонце і абслугоўванні электраабсталявання Аляксандр Радзюк нядаўна прымалі ўдзел у абласным аглядзе-конкурсе добраахвотных дружын, задзейнічаных у ахове грамадскага парадку. Конкурс праходзіў у Гродне. Нашы землякі вызначыліся ў спаборніцтвах па стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі і занялі ганаровае другое месца.

Ва ўрачыстай абстаноўцы ў прысутнасці асабовага саставу Дзятлаўскага райаддзела міліцыі дружыннікам уручылі граматы за другое месца Гродзенскага абласнога камітэта ГА “БРСМ” і памятныя падарункі. Прызёраў павіншавалі і пажадалі далейшых поспехаў у рабоце і ахове грамадскага парадку першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Анастасія Чурай і начальнік АУС Дзятлаўскага райвыканкама Аляксандр Францавіч Біль.
Напрыканцы сустрэчы моладзевы лідар раёна падзякавала праваахоўнікам за супрацоўніцтва з раённым камітэтам ГА “БРСМ”, выказала спадзяванне, што і надалей яно застанецца такім жа плённым. Таксама Анастасія Чурай уручыла памятны падарунак раённага какмітэта ГА “БРСМ” Дзятлаўскаму аддзелу міліцыі.
І. СТЫРНІК
Фота П. АДАМЧУКА