15 студзеня – адметная дата для Дзятлаўскага раёна. Менавіта ў гэты дзень ён быў заснаваны, і сёлета мы адзначаем яго юбілей – 85-годдзе ўтварэння. З гэтай нагоды ў раённай бібліятэцы ладзілася святочнае мерапрыемства “Дзятлаўшчыну мілую вітаю”. На яго былі запрошаны дзятлаўчане, якія з’яўляюцца доўгажыхарамі, ім ёсць што ўспомніць і расказаць пра свой родны кут – самабытны і маляўнічы, з багатай гісторыяй і культурнымі традыцыямі.

Цікавую і пазнавальную прэзентацыю падрыхтавалі работнікі бібліятэкі, у якой узгадалі пра станаўленне Дзятлаўскага раёна: яго ўтварэнне, жыццё мірнае і ў ваенныя гады, аднаўленне пасля фашысцкай акупацыі і цяперашні час. Наш раён перажыў перыяды ўзлёту і заняпаду, шматлікія войны, што стрымлівалі развіццё краю, але дзякуючы працалюбівым жыхарам мы маем кім і чым ганарыцца. Стабільна працуюць прамысловыя і сельскагаспадарчыя прадпрыемствы, установы сацыяльнай сферы, у нас шмат помнікаў культуры, знакамітых людзей. На нашай зямлі ўсё створана і сагрэта цяплом чалавечых рук, энергіяй і талентам землякоў. Кожны з іх працаваў і працягвае працаваць для таго, каб Дзятлаўшчына стала яшчэ больш прыгожай і багатай. Нездарма наш раён увайшоў у дзясятку лепшых Беларусі.

Пяцьдзясят пяць гадоў жыве ў Дзятлаўскім раёне Раіса Лакіза. Прыехаўшы па размеркаванні на першае месца работы ў школу, яна палюбіла гэты край усёй душой і сэрцам, засталася тут жыць, праслаўляе яго ў вершах, якія прачытала на сустрэчы з землякамі.

– На нашай Дзятлаўшчыне такая прыгажосць, гэта такая цудоўная багатая зямля, – адзначыла Раіса Уладзіміраўна. – Горад наш настолькі спакойны, харошы, зялёны, хто ні прыязджае сюды, любуецца ім. Я ўдзячная лёсу, што звязаў мяне з гэтым краем. Давайце жыць, любіць, радавацца кожнаму дню і спадзявацца, што і надалей усё будзе толькі добра.

З цікавасцю паслухалі госці сустрэчы вершы пра любоў да роднага краю яшчэ адной нашай зямлячкі Ірыны Варабей. Актыўна ўсе ўключыліся і ў пазнавальную віктарыну “Дзятлаўшчына – малая радзіма”: і свае веды паказалі, і даведаліся нешта новае.

Шмат слоў прагучала пра Дзятлаўшчыну. І дзе б ні апынуліся, куды б ні закінуў лёс, няхай у нашай душы, у нашым сэрцы заўсёды будзе адчуванне моцнай повязі з родным краем. Кожны чалавек павінен ганарыцца той мясцінай, дзе нарадзіўся і жыве, любіць свой родны куточак, малую радзіму.

Святлана ГРЫШЫНА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#нашалепшае #нашелучшее

Похожие публикации