Падведзены вынікі абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу юных экскурсаводаў музеяў установаў адукацыі.
У вочным абласным туры удзел прынялі 28 юных экскурсаводаў з розных раёнаў Гродзеншчыны. Яны вынеслі на суд журы аглядавыя рэкламныя экскурсіі па сваіх школьных музеях, а таксама тэматычныя “Музей у чамадане”.
Два дыпломы за другое месца на Дзятлаўшчыну прывезлі нашы юныя землякі. Яны падзяліліся сваімі ўражаннямі ад перамогі.
Мікалай Анісім, навучэнец 8 класа Казлоўшчынскай сярэдняй школы:

– Уражанні ад конкурсу, які праходзіў у Гродзенскім абласным цэнтры турызму і краязнаўства, самыя станоўчыя, хоць было і хвалююча. Дыплом атрымаў у катэгорыі “Этнаграфічны музей” за экскурсію “Музей у чамадане: сем цудаў музея” на тэму сельскага побыту. Яна выбрана невыпадкова, бо ў школе працуе музей “Скарбонка продкаў нашых”, дзе захоўваюцца і экспануюцца падобныя рэчы, некалькі з іх і паклаў у свой чамадан. Гэта былі саламяны павук, які падвешваўся ў вясковай хаце да столі, самаробная лялька – з такімі раней гулялі дзеці, трапло для лёну, кош для мяса і каўбасы, ручнік, верацяно, кудзеля. Выступленне вершаванае, яго склала наша настаўніца беларускай мовы і літаратуры Наталля Саўко. Галоўнай мэтай было прарэкламаваць школьны музей так, каб удзельнікам з іншых раёнаў захацелася прыехаць у Казлоўшчыну, пабачыць усё на свае вочы, больш даведацца пра ранейшае жыццё вяскоўцаў.

Для мяне выступленне стала цікавым і карысным вопытам, магчымасцю расказаць пра тое, што самому добра вядома, да чаго маю дачыненне, бо мая бабуля таксама жыве ў сельскай мясцовасці, і многія рэчы ранейшага побыту я сустракаў у яе гаспадарцы, таму пэўныя ідэі для прэзентацыі сам прапаноўваў майму кіраўніку Аксане Яфімік. Сваім равеснікам таксама жадаю праяўляць цікавасць да гісторыі як роднай Беларусі, так і сусветнай, бо гэта карысная дысцыпліна, якая дапамагае адкрываць новае, пашыраць кругагляд, ведаць мінуўшчыну.
Лізавета Юргель, навучэнка 9 класа гімназіі № 1 горада Дзятлава:

– Конкурс спадабаўся. Мы з маім кіраўніком Аленай Радомскай выступалі ў катэгорыі “Краязнаўчыя музеі” з экскурсіяй “Музей у чамадане: шабат, шалом”. Яна пра жыццё яўрэйскай абшчыны ў даваенным мястэчку Кжэцел (Дзятлава). У нашым чамадане знаходзіліся такія традыцыйныя для яўрэяў рэчы, як мезуза, менора, таліт, кіпа і іншыя. Прэзентуючы іх, расказвала аб традыцыях і звычаях гэтага народа, яго кухні, стравах. Журы ацаніла выступленне дыпломам другой ступені.
Я экскурсавод гімназічнага музея, таму для мяне конкурс стаў магчымасцю палепшыць навыкі работы з аўдыторыяй і публічных выступленняў, удасканаліць аратарскае майстэрства і ўменне трымаць увагу людзей. Упэўнена, што ўсё гэта спатрэбіцца не толькі ў школьным, але і ў студэнцкім жыцці.
Гісторыю сваёй краіны можна прачытаць у падручніках, даведацца з кінастужак, а мінулае роднага краю можна вывучаць, самім збіраючы інфармацыю і кампануючы экспазіцыі, гэта таксама важныя веды, якія дапамагаюць рухацца наперад.
Ірына СТЫРНІК
Фотаздымкі ўдзельнікаў
#образование #награда #молодежь
#нашалепшае #нашелучшее