У Моладзевым цэнтры ў Гродне адбылася ўрачыстая цырымонія ўручэння стыпендый абласнога аддзялення грамадскай арганізацыі “Беларускі фонд міру”, якіх былі ўдастоены 63 адораныя навучэнцы і студэнты Гродзеншчыны.

Лаўрэатамі стыпендыі ад Дзятлаўскага раёна сталі навучэнец Казлоўшчынскай сярэдняй школы Іван Саўко – удзельнік ваенна-патрыятычнага клуба “Мужнасць” пры АУС райвыканкама, капітан каманды віцэ-чэмпіёна рэспубліканскай ваенна-патрыятычнай гульні “Зарніца”, а таксама навучэнец Дварэцкай сярэдняй школы Павел Ганчар – дыпламант навукова-практычных канферэнцый “Першы крок у навуку”, “Купалаўская вышыня”, “Крыштальная Альфа”.

Разам са школьнікамі Дзятлаўшчыну на цырымоніі прадставіла кіраўнік раённага аддзялення “Беларускага фонду міру”, намеснік старшыні райвыканкама Вольга Жэлезоўская.

– У нашай краіне існуе разгалінаваная сістэма заахвочвання таленавітай моладзі, і стыпендыя Беларускага фонду міру займае ў ёй асаблівае месца, – адзначыла Вольга Антонаўна. – Узнагароды ўдастоены дзеці і моладзь, якія дасягнулі поспехаў у вучобе, навуковай дзейнасці, спорце і мастацтве. Яны з’яўляюцца прыкладам для пераймання для сваіх равеснікаў. Для іх саміх гэта першыя крокі да прафесійнай будучыні, новых магчымасцяў, росту і самарэалізацыі.

Стыпендыя Гродзенскага абласнога аддзялення грамадскага аб’яднання “Беларускі фонд міру” ўручаецца з 2003 года. За гэты час яе ўладальнікамі сталі больш за 2,5 тысячы маладых людзей.

Таксама ў гэты дзень абласное аддзяленне ГА “Беларускі фонд міру” падвяло вынікі работы за мінулы год. Асноўны акцэнт быў зроблены на дабрачыннасці: на гэтыя мэты накіравана больш за 300 тысяч рублёў, заключана звыш 130 дагавораў аб спонсарскай дапамозе. Падтрымка была аказана ўстановам адукацыі, аховы здароўя і сацыяльнай абароны, ветэранам, дзецям і моладзі. Рэалізаваны ініцыятывы “Дай пяць дабру”, “Дзіця міру”, “Бэз Перамогі – Сад міру”, праекты “Школы міру”, “Утульныя двары нашым дзецям”, а таксама стыпендыяльная праграма фонду, дзясяткі культурных, патрыятычных, спартыўных і творчых ініцыятыў, якія аб’ядналі жыхароў вобласці розных пакаленняў.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#нашелучшее #нашалепшае

Похожие публикации