Сёння ў аддзеле ўнутраных спраў на заслужаны адпачынак праводзілі старшага ўчастковага інспектара, маёра міліцыі Віктара Лазуту.
Павіншаваць з новым жыццёвым этапам яго прыйшлі калегі, ветэраны аддзела.

Начальнік АУС Дзятлаўскага райвыканкама Вадзім Шчурскі расказаў пра яго працоўны і службовы шлях, адзначыўшы, што школу жыцця Віктар Анатольевіч пачынаў на тэрміновай службе ва ўнутраных войсках Рэспублікі Беларусь, а з 1998 года працуе ў аддзеле ўнутраных спраў Дзятлаўскага райвыканкама на розных пасадах, з іх амаль 20 гадоў – у службе ўчастковых інспектараў міліцыі.

– Паважаны Віктар Анатольевіч, ад усяго службовага калектыву нашага аддзела прыміце словы віншавання ў дзень вашага нараджэння, пажаданні здароўя, сямейнага дабрабыту, не спыняцца на дасягнутым, рэалізаваць сябе ў новым этапе жыццёвага шляху. Упэўнены, што вы перададзіце свой багаты вопыт маладым супрацоўнікам міліцыі ўжо на ветэранскай ніве, – адзначыў Вадзім Васільевіч.

Як зазначыў намеснік начальніка АУС па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні Андрэй Юшкевіч, Віктар Лазута дастойна аддаў службе шмат гадоў свайго жыцця, ён з’яўляецца прыкладам сапраўднага афіцэра для моладзі, усіх сваіх калег.

Заслужаную ўзнагароду – нагрудны знак за самаадданую службу I ступені, а таксама грамату УУС Гродзенскага аблвыканкама за праяўленую прафесіянальную ініцыятыву, высокія паказчыкі ў аператыўна-службовай дзейнасці, паспяховае выкананне задач, якія стаяць перад органамі ўнутраных спраў, і ў сувязі з выхадам на пенсію маёру міліцыі Віктару Лазуту ўручыў Вадзім Шчурскі.




Старшыня ветэранскай арганізацыя АУС Дзятлаўскага райвыканкама падпалкоўнік міліцыі ў адстаўцы Аляксандр Ламака ва ўрачыстай абстаноўцы прыняў маладога пенсіянера ў рады арганізацыі, выказаў упэўненасць, што і на гэтай ніве Віктар Анатольевіч зойме дастойную пазіцыю, падзякаваў кіраўніцтву аддзела за прадаўжэнне цудоўнай традыцыі.

Далучыліся да віншаванняў ваенны камісар Дзятлаўскага ваеннага камісарыята Аляксандр Бургун, які ўручыў Віктару Лазуту медаль “80 гадоў вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў” за актыўны ўдзел у патрыятычным выхаванні моладзі, намеснік начальніка раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Аляксандр Беленка – падзяку начальніка РАНС за плённае ўзаемадзеянне, ад Дзятлаўскага аддзела Дэпартамента аховы Андрэй Пякарскі падзякаваў за супрацоўніцтва, адзначыўшы высокі прафесіяналізм і адданасць службе.



Самыя цёплыя словы ў адрас Віктара Анатольевіча выказалі і яго калегі, адзначыўшы не толькі яго службовыя заслугі, але і добрасумленнасць, чулыя чалавечыя якасці вернага таварыша, які заўсёды падставіць плячо дапамогі, пажадалі моцнага здароўя, а таксама знайсці справу па душы.


Акрамя таго, былі прадстаўлены і новыя супрацоўнікі аддзела: Яўгеній Свораб пасля выхаду на пенсію ўзначаліў тылавое забеспячэнне, малады супрацоўнік Аляксей Кулеш заняў пасаду міліцыянера ізалятара часовага ўтрымання.

Таццяна САНЮК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае