Пад кіраўніцтвам старшыні раённага Савета дэпутатаў Аляксандра Бараноўскага з удзелам старшыняў сельвыканкамаў прайшла сустрэча з парадкам дня “Аб рабоце Казлоўшчынскага сельскага выканаўчага камітэта і сельскага Савета дэпутатаў па забеспячэнні развіцця сацыяльнай сферы і добраўпарадкавання населеных пунктаў сельсавета”.

Старшыня сельвыканкама Вадзім Бялятка расказаў, што тэрыторыя Казлоўшчынскага сельсавета – гэта 224 квадратныя кіламетры, 33 населеныя пункты, самыя буйныя – гарпасёлак Казлоўшчына (1537 жыхароў), вёска Дзянісава (356), аграгарадок Лявонавічы (154), вёска Лозкі (119). Менш за 10 жыхароў у Гарадках, Дубароўшчыне, Куцках, Трахімавічах, Скрэндзевічах, Пархутах, Хамічах, Чарлёнцы. Усяго на тэрыторыі сельсавета 1439 гаспадарак і 3187 жыхароў, сярод якіх 1834 –працаздольныя, 1042 – пенсіянеры, у тым ліку 74 – адзінокія і 557, якія жывуць адзінока, 311 – дзяцей.

Пытанні сацыяльнага характару займаюць важнае месца ў дзейнасці сельвыканкама. На надомным абслугоўванні знаходзіцца 60 чалавек з 12 населеных пунктаў, у тым ліку 9 інвалідаў, з якімі працуюць 12 сацработнікаў і 3 сядзелкі. Сярод асноўных задач – клопат аб людзях і іх дабрабыце. Летась на ўлік маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоваў прынята 7 сем’яў, усяго на канец года было 29. Дзякуючы ўводу ў эксплуатацыю 35-кватэрнага дома, многія палепшылі свае жыллёвыя ўмовы.

У рабоце з насельніцтвам сельвыканкаму дапамагаюць 24 старасты вёсак: праводзяць тлумачальную работу аб добраўпарадкаванні, у тым ліку на прыдамавых тэрыторыях, выкананні законаў, правоў і інтарэсаў грамадзян, садзейнічаюць прафілактыцы і прадухіленню правапарушэнняў, барацьбе з п’янствам, маральнай распустай. Па выніках 2022 года стараста вёсак Падвялікае, Пархуты, Скрундзі, Ганна Кувік узнагароджана Ганаровай граматай абласнога Савета дэпутатаў.

На тэрыторыі сельсавета працуюць прадпрыемствы ТАА “РоданАгра”, ААТ “Дзятлаўскі лікёра-гарэлачны завод “Алгонь”, Казлоўшчынскае і Лявонавіцкае лясніцтвы, Дзятлаўскае ПМС, ТАА “Панэкспа”, “Канвіга”, “ЛВК ВУД”. Ёсць аддзяленне паштовай сувязі ў Казлоўшчыне і пункт паштовай сувязі ў Лявонавічах. Гандлёвае абслугоўванне жыхароў забяспечваюць 6 магазінаў дзяржаўнай уласнасці і 5 прыватных, у 26 населеных пунктах арганізаваны выязны гандаль. У Казлоўшчынскай сярэдняй школе вучацца 227 дзяцей, дзіцячы сад гарпасёлка наведваюць 74 выхаванцы. Медыцынскае абслугоўванне насельніцтва ажыццяўляюць Казлоўшчынская гарадская бальніца і паліклініка, Лявонавіцкі і Падвялікаўскі ФАПы, ёсць аптэка, аддзяленне кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў, псіханеўралагічны дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў. Функцыянуюць і 3 установы культуры: Казлоўшчынскія дом культуры, філіял Дзятлаўскай школы мастацтваў, гарадская бібліятэка-цэнтр агульнадаступнай інфармацыі. Ёсць праваслаўны прыход храма Успення Прасвятой Багародзіцы ў Казлоўшчыне і каталіцкая парафія Сэрца Езуса ў Рандзілаўшчыне. На тэрыторыі сельсавета размешчаны 17 могілак, 3 воінскія пахаванні, 8 помнікаў. Летась у Гарадках праведзены бягучы рамонт помніка мірным жыхарам, расстраляным фашысцкімі захопнікамі і добраўпарадкавана тэрыторыя вакол яго. Дзякуючы ініцыятыве дэпутата сельскага Савета па Скіпоравіцкай акрузе Аляксандры  Шалеснай летась на могілках вёскі Скіпоравічы ўстаноўлена новая агароджа.

У Казлоўшчынскім сельсавеце 480 нежылых дамоў. У мінулым годзе спадчыннікам накіравана 7 пісьмовых прадпісанняў, сёлета – 41, па ўсіх уласнікамі прыняты меры. Па 6 дамах у 2022 годзе пададзены іскавыя заявы ў суд аб прызнанні безгаспадарнымі. Усяго з 2006 года знесена 113 струхнелых дамоў.

Сёлета ў суд пададзена 3 іскавыя заявы, усе яны задаволены. З гэтых дамоў адзін выстаўлены на продаж, два будуць знесены. Абследаваны яшчэ 75 пустых дамоў.

За плённую работу Вадзім Бялятка падзякаваў спецыялістам Казлоўшчынскага сельвыканкама Алене Ільюхінай, Ліліі Лішык, Анастасіі Браніцкай, а таксама падкрэсліў, што з кіраўніцтвам арганізацый і ўстановаў сельсавета, дэпутацкім корпусам, старастамі вёсак наладжана і падтрымліваецца цеснае супрацоўніцтва.

Ён запрасіў удзельнікаў Дня сельсавета наведаць некаторыя аб’екты добраўпарадкавання. Так, у Казлоўшчынскай сярэдняй школе дырэктар Ігар Данільчык паказаў гасцям, як па-сучаснаму адрамантавалі спартыўную і актавую залы. Пабылі госці і на вуліцы Леніна каля дома № 35, які летась быў пераўтвораны ў камфортнае арэнднае жыллё, даведаліся, што праектна-каштарысная дакументацыя рыхтуецца і на суседні будынак. З работай арганізацыі прыватнай формы ўласнасці азнаёміліся ў ТАА “ЛВК ВУД”. Пабачылі таксама памятны знак у гонар 1030-годдзя Праваслаўя на беларускіх землях і як былі добраўпарадкаваны могілкі вёскі Скіпоравічы. Прайшліся па карпусах і тэрыторыі Казлоўшчынскага псіханеўралагічнага дома-інтэрната для састарэлых і інвалідаў, упэўніліся, у якіх утульных умовах жывуць яго насельнікі, паглядзелі лазню і пральню. Апошнім аб’ектам наведвання стала сядзіба “Дом на суткі” ў вёсцы Самойлаўшчына, дзе гаспадар Віталь Сіняк расказаў, як яны з жонкай і дзецьмі ствараюць умовы для спакойнага сямейнага адпачынку на прыродзе і выказаў спадзяванне, што такое баўленне вольнага часу заўсёды будзе запатрабавана, асабліва ў гараджан.

Вынікі сустрэчы падвёў Аляксандр Бараноўскі. Адзначыў, што сёлета асаблівая ўвага звяртаецца на выкананне ўказа Прэзідэнта № 116 і належыць абследаваць кожны населены пункт раёна на прадмет пустуючых дамоў, якія неабходна ўнесці ў рэестр. Па-ранейшаму не застаецца па-за ўвагай стан сельскіх могілак. Як упэўніліся на прыкладзе скіпоравіцкіх, калі правільна падысці да людзей, арганізаваць іх, то вынік не прымусіць сябе чакаць. На іншых аб’ектах сельсавета таксама пабачылі належны парадак. Падобныя сустрэчы дапамагаюць імкнуцца да лепшых вынікаў, таму работа ў гэтым кірунку будзе прадоўжана, наступны Дзень сельсавета запланаваны ў Жукоўшчыне.

]

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации