Аб выніках кампаніі па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, капітальных рамонтах і інвестыцыйных планах, асноўных работах у сельскай гаспадарцы ішла размова на нарадзе ў старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага.

З падзякі ўсім, хто быў задзейнічаны ў падрыхтоўцы і правядзенні выбарчай кампаніі, пачаў Андрэй Садоўскі нараду.

– Значная работа была праведзена ў раёне напярэдадні важнай для краіны падзеі па інфармаванні насельніцтва, растлумачэнні грамадзянскіх правоў. Створаны бяспечныя і камфортныя ўмовы для правядзення выбарчага працэсу, – падкрэсліў Андрэй Уладзіміравіч. – І дзятлаўчане ў чарговы раз пацвердзілі ўдзелам у галасаванні, а яўка на выбарчых участках і на датэрміновым галасаванні, і ў асноўны дзень выбараў была высокая, што тут жывуць патрыятычныя, актыўныя, неабыякавыя да будучыні сваёй і сваіх дзяцей людзі. Выбар зроблены. Сёння мы ўжо вяртаемся да паўсядзённых клопатаў.

А клопатаў штодня ў любой сферы дзейнасці дастаткова. Так, сельская гаспадарка раёна прадаўжае рамонт і падрыхтоўку тэхнікі да вяснова-палявых работ. Асаблівая ўвага рамонту 7-корпусных плугоў, прызначаных для гладкага ворыва глебы. Яно дазваляе забяспечыць апрацоўку глебы без звальных грабянёў і развальных разораў, зручную для работы сеялак, камбайнаў, трактароў і іншых машын.

Гаспадаркі назапашваюць мінеральныя ўгнаенні. У час нарады абмеркавалі, што спецыфіка сёлетняга надвор’я патрабуе ракіроўкі неабходных раслінам у першую чаргу хімічных элементаў. Таксама для работнікаў дзятлаўскіх сельгаспрадпрыемстваў арганізавана навучанне па правілах перавозкі небяспечных грузаў.

Намеснік старшыні райвыканкама Вольга Жэлезоўская расказала, што ў асноўны дзень выбараў Дзятлаўшчыну наведалі прадстаўнікі абласной маніторынгавай групы, якія правяралі аб’екты харчавання, арганізаваныя на выбарчых участках, – заўваг не было.

У сферы будаўніцтва – фарміруецца інвестпраграма на бягучы год, вызначаюцца аб’екты капітальнага рамонту, добраўпарадкавання, прадаўжаецца рамонт гарадской лазні, даху сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава імя І. Ю. Філідовіча, работы па ачыстцы возера ў гарпасёлку Казлоўшчына і іншыя.

Адказныя службы працуюць з катэгарыраванымі грамадзянамі – 6 чалавек у першы месяц новага года ўжо накіраваны ў ЛПП; абследуюць домаўладанні адзінокіх пажылых жыхароў раёна, дзе неабходна, аказваецца дапамога ў рамонце пячнога ацяплення; выяўлены віноўнікі кіберзлачынстваў, ад якіх пацярпелі два жыхары нашага раёна.

Старшыня райвыканкама завастрыў увагу ратаўнікоў на аператыўным прывядзенні ў належны стан дакументацыі па ахоўных збудаваннях грамадзянскай абароны. Таксама на асаблівым кантролі – выкананне правілаў пажарнай бяспекі на прадпрыемствах раёна. Дарэчы, на мінулым тыдні ў Гродзенскай вобласці адбылося 17 пажараў (адзін з іх на Дзятлаўшчыне – гарэла гаспадарчая пабудова), загінулі тры чалавекі, выратаваны з вогненнай пасткі два.

Пракурор раёна Віталій Юрго адзначыў, што ёсць пытанні да кіраўнікоў некаторых сельгаспрадпрыемстваў у частцы кампенсацыі шкоды за падзеж жывёлы. Першы намеснік старшыні райвыканкама – начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Віталій Шулейка ўзяў інфармацыю на асабісты кантроль.

Ірына КАМАРОВА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации