Гандаль у сельскай мясцовасці, трагедыя на дарозе, работа на жывёлагадоўчых аб’ектах, набліжэнне навагодніх і калядных святаў – на гэтыя і іншыя тэмы гаварылі на нарадзе ў старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага.

Зручна для вяскоўцаў

Гандлёвае абслугоўванне жыхароў сельскай мясцовасці стала адной з тэм, якія абмеркавалі на нарадзе. Прычым размова ішла не пра сам гандаль – на Дзятлаўшчыне даволі часта праводзяцца маніторынгі, ажыццяўляецца кантроль за якасцю і разнастайнасцю тавараў у сельскіх гандлёвых аб’ектах і аўтамагазінах, – больш увагі надалі мерапрыемствам па павышэнні якасці паслуг. Усяго на Дзятлаўшчыне 224 сельскія населеныя пункты, дзе пражываюць амаль 11 тысяч чалавек. Абслугоўваюць іх 34 магазіны, 3 павільёны і 10 аўтамагазінаў.

Прынята рашэнне да Новага года прывесці ў парадак, дзе ёсць неабходнасць, прыпыначныя пункты аўтамагазінаў з абавязковым размяшчэннем інфармацыі на іх аб перыядычнасці і часе прыбыцця. У вяскоўцаў у час чакання аўтамагазіна павінна быць магчымасць прысесці на лавачку, схавацца пад навесам ад дажджу або снегу. Грамадзянская ініцыятыва мясцовых жыхароў у дапамозе навядзення парадку на прыпыначных пунктах вітаецца, сумесная дзейнасць важная для паляпшэння якасці жыцця на вёсцы.

Увага аб’ектам жывёлагадоўлі

Работы на палях практычна скончаны. На бягучым тыдні ў сельскай гаспадарцы раёна плануецца завяршыць работы па ўздыме зябліва, актыўна вывозіць арганіку з фермаў.

Пад асаблівым кантролем усіх суб’ектаў прафілактыкі цяпер аб’екты жывёлагадоўлі. Толькі за мінулыя выхадныя чатыры работнікі АПК былі затрыманы ў нецвярозым стане на працоўным месцы. Зафіксаваны і факт адсутнасці работнікаў адной з гаспадарак раёна на жывёлагадоўчым аб’екце ў працоўны час, што недапушчальна.

– Наладзіць пастаянны кантроль за аб’ектамі АПК, станам работнікаў на працоўным месцы. І гэтым павінны займацца ў першую чаргу кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў, іх намеснікі па ідэалагічнай рабоце, іншыя адказныя асобы. У мінулыя выхадныя мабілізаваліся КСУПы “Жукоўшчына” і “Хвінявічы”. А што з астатнімі? – зрабіў заўвагу старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі.

Пракурор раёна Віталій Юрго акцэнтаваў увагу на недастатковым узаемадзеянні старшыняў сельвыканкамаў з кіраўніцтвам прадпрыемстваў, якія знаходзяцца на тэрыторыі іх сельскіх саветаў. Адсутнасць аператыўнага абмену інфармацыяй не дазваляе прафілактаваць грамадзян, якія злоўжываюць алкаголем, не працуюць або нядаўна вызваліліся з месцаў абмежавання волі. 

Па ўсіх напрамках работы Андрэй Садоўскі даў суб’ектам прафілактыкі канкрэтныя даручэнні.

Рост аварыйнасці на дарогах

На нарадзе абласной, а пасля і раённай падвялі вынікі адзінаццаці месяцаў па лініі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях і Дзяржаўтаінспекцыі.

Усяго 11 309 выездаў ажыццявілі ратаўнікі за гэты перыяд, у вобласці адбылося 662 пажары, на якіх загінуў 51 чалавек. У Дзятлаўскім раёне ў агні загінуў адзін чалавек.

На дарогах сітуацыя не менш сумная. За 11 месяцаў на Гродзеншчыне ў дарожна-транспартных здарэннях загінулі 35 чалавек, 6 з іх у аварыях, якія адбыліся на Дзятлаўшчыне.

Апошняя трагедыя здарылася ў мінулую пятніцу, 28 лістапада. Каля 17 гадзін 50 хвілін на аўтадарозе Н-6005 (Карэлічы-Валеўка-Наваельня) вадзіцель аўтамабіля БМВ, рухаючыся з гарадскога пасёлка Наваельня ў напрамку горада Навагрудка, пры сустрэчным раз’ездзе з іншым аўтамабілем учыніў наезд на пешахода, 1989 года нараджэння, жыхара вёскі Рабкі. Мужчына ішоў пасярод паласы, у адным кірунку з БМВ, не быў пазначаны святлоадлюстроўваючымі элементамі. Ад атрыманых траўмаў пешаход памёр на месцы здарэння.

Дарэчы, на працягу года ўвогуле па вобласці наезды на пешаходаў пераважаюць сярод усіх відаў дарожна-транспартных здарэнняў.

Як праводзіцца прафілактычная работа з катэгарыраванымі групамі насельніцтва, далажыў начальнік Дзятлаўскага РАНС Сяргей Казушчык:

– На мінулым тыдні абследаваны 63 домаўладанні, у 9 з іх, дзе не было, устаноўлены аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі. З жыхарамі праведзена растлумачальная размова пра неабходнасць абавязковага выканання правілаў бяспекі. Работа прадаўжаецца.

Ірына КАМАРОВА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации