Завяршэнне капітальных рамонтаў і планы на наступны год, уборка кукурузы і сяўба азімых зерневых, інтэрнэт-махлярства, шосты школьны дзень – на гэтыя і іншыя тэмы гаварылі на нарадзе ў старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага.
Сянаж, уборка, сяўба
Святы, раённыя “Дажынкі” і абласныя адсвяткавалі, а ў палях работы і далей шмат. Адпачываць і расслабляцца аграрыям няма калі.
Па даных на 17 верасня дзятлаўскія сельгаспрадпрыемствы нарыхтавалі 109 012 тон сенажу, з іх 107 932 тоны – з унясеннем кансервантаў. Даследавана 26 363 тоны – якасць па сухім рэчыве склала 100 % 1-3 класа.
Што датычыцца будаўніцтва (рэканструкцыі) сіласна-сянажных траншэй, на Дзятлаўшчыне функцыянуюць 130 сховішчаў аб’ёмам на 195 тысяч тон. З 2021 па 2024 гады было пабудавана сем траншэй, у бягучым годзе яшчэ дзве.
Тэмпы сяўбы азімых у раёне пакуль запаволеныя. У плане пасеяць на зерне 12 049 гектараў, фактычна пасеяна 4949 гектараў, што складае 41 %. Найменшае выкананне ў КСУП “Хвінявічы” і КСУП “Жукоўшчына”.
– Каб справіцца з пастаўленай задачай своечасова, неабходна нарасціць тэмп работ, – прагучала заўвага старшыні райвыканкама ў адрас кіраўнікоў гаспадарак.
Па ўборцы кукурузы таксама не абышлося без нараканняў. На Дзятлаўшчыне належаць уборцы на сілас 4924 гектары. Убрана 856 гектараў (17,4 %). Андрэй Садоўскі паставіў задачу адказным службам правесці праверку на палях і гатоўнасці кукурузы на ўборку на зерне.
– Па адным полі не судзяць. Калі ў ААТ “Граніт-Агра” спецыялісты выявілі, што яшчэ не даспела кукуруза на зерне, то на другіх палях, нават гэтай жа гаспадаркі, яна можа быць гатовай да ўборкі. Выязджайце, правярайце і рабіце высновы па тэрмінах уборкі, – падкрэсліў кіраўнік раёна.
Капітальны рамонт жыллёвага фонду
Як і сельская гаспадарка, будаўніцтва і рамонт – тэмы пастаянныя на працягу ўсяго года. У 2025 годзе ў раёне запланавана правесці капітальны рамонт трох жылых дамоў (5,6 тысячы квадратных метраў). На работы выдзелена 2,3 мільёна рублёў бюджэтных сродкаў і 462 тысячы рублёў з адлічэнняў грамадзян. Ужо завяршаюцца работы па другім аб’екце. Па завярэннях спецыялістаў, да канца года план будзе выкананы.
Ідзе работа і “па закладцы” аб’ектаў на капітальны рамонт у 2026 годзе. Распрацоўваецца праектна-каштарысная дакументацыя па шасці аб’ектах (5,6 тысячы квадратных метраў).
Іншыя тэмы коратка
Чарговая дзятлаўчанка стала ахвярай тэлефонных махляроў на мінулым тыдні. Жанчына вырашыла набыць мабільны тэлефон. Грошы пералічыла, а “мабільнік” так і не прыехаў.
****
На адным з сельгаспрадпрыемстваў раёна затрыманы работнік за крадзеж паліва. Прыкладна за год мужчына “зліў” паўтары тоны.
****
У аграгарадку Гезгалы завяршаецца рамонт тратуара (работы вядзе ўпраўленне спецыяльных работ горада Дзятлава ААТ “Будкомплекс”).
Да канца бягучага года РУП ЖКГ правядзе замену плітачнага пакрыцця тратуара каля будынка “Беларусбанка” ў Дзятлаве.
Таксама работнікі жыллёва-камунальнай гаспадаркі закончылі “праліўку” расколін у асфальце па вуліцах Чапаева, Кірава, Жолабава і іншых райцэнтра, завяршаюць асфальтаванне ў гарпасёлку Наваельня, на бягучым тыдні прыступяць да ямачнага рамонту дарог.
****
Настаўніца англійскай мовы Круцілавіцкай базавай школы Карына Папко прадставіць Дзятлаўшчыну на абласным этапе конкурсу маладых работнікаў “SuperПРОФИ-2025”.
Ірына КАМАРОВА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga