Кантроль за супрацьпажарным станам у жылых дамах і экасістэмах, выкарыстанне арэнднага жылля, прафілактыка крадзяжоў у аграпрамысловым комплексе, адпачынак дзяцей на канікулах – гэтыя і іншыя тэмы прагучалі на штотыднёвай рабочай нарадзе старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага з кіраўнікамі і спецыялістамі службаў раёна.
Дождж зніме напружанасць
Нарэшце пасля працяглага сухога перыяду надвор’е парадавала дажджом. Вільгаць была патрэбна не толькі аграрыям, якія актыўна сеюць яравыя культуры, але і ратаўнікам: яна папярэдзіць узгаранне сухой расліннасці. Толькі за мінулы тыдзень супрацоўнікі Дзятлаўскага РАНС восем разоў выязджалі на такія пажары, прычым большасць выпадкаў зарэгістравана ў выхадныя, устаноўлены пяць вінаватых асобаў. Прадаўжаюць сваю работу і аглядавыя камісіі: у будні праверана 93 домаўладанні, дадаткова ў рамках акцыі “За бяспеку разам” у суботу-нядзелю абследавалі яшчэ 53. Аб усіх заўвагах праінфармаваны суб’екты прафілактыкі. Адзін грамадзянін прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці за курэнне ў пакоі для сну.
Аналізуючы тэму, Андрэй Садоўскі звярнуў увагу спецыялістаў, што не ва ўсіх сельсаветах сітуацыя з загараннем расліннасці аднолькавая, як відаць, многае залежыць ад арганізацыі прафілактычнай работы з насельніцтвам.
Справіцца можна агульнымі намаганнямі
Актыўным выдаўся мінулы тыдзень і ў міліцыі раёна: было ўзбуджана шэсць крымінальных спраў, тры з якіх – за крадзяжы асабістай маёмасці. У астатніх трох выпадках нашы землякі паверылі махлярам: у Інстаграме жанчына заказала сабе абноўкі на 200 рублёў, аднак не дачакалася іх; знойдзены зламыснік, які яшчэ ў 2020 годзе праз мадыфікацыю камп’ютарнай інфармацыі скраў у дзятлаўчаніна грошы з банкаўскай карткі; некалькі дзён наша зямлячка пераводзіла грошы зламыснікам, каб “абараніць свой рахунак ад крадзяжу” і паспела страціць больш за сем тысяч рублёў.
У перыяд вясенне-палявых работ міліцыя прадаўжае маніторынг і рэйдавыя мерапрыемствы ў сферы аграпрамысловага комплексу. Затрыманняў не адзначалася, затое выяўлена парушэнне парадку складавання і ўліку лому чорных і каляровых металаў.
– Гаспадаркам даведзены заданні па здачы другасных рэсурсаў, якія яны не заўсёды выконваюць у поўным аб’ёме, – адзначыў Андрэй Садоўскі. – Метал сёння добра каштуе, за яго спісаннем і здачай павінен быць наладжаны належны кантроль. Для гэтага неабходна задзейнічаць бухгалтарскія службы і рэвізійныя камісіі. Гэта істотная заўвага.
Прадаўжаецца абсталяванне сельгастэхнікі сістэмамі кантролю расходу паліва, пільная ўвага нададзена афармленню пуцявых лістоў. Як намаганні праваахоўнікаў, так і ўся гэта работа ў комплексе павінна пакласці канец крадзяжам у сферы АПК.
– Халатнасць у гэтых пытаннях недапусціма, – падкрэсліў кіраўнік раёна. – Пуцявыя лісты правяраюць бухгалтар, эканаміст, кантралюе механік. Тое ж тычыцца ўліку і выкарыстання ядахімікатаў, вытворчасці малака, кантролю за іншымі матэрыяльнымі рэсурсамі сельгаспрадпрыемстваў. Будзе парадак – будзе і прыбытковая работа. Сістэма кантролю павінна быць адладжана.
За спрыяльныя вясновыя дні земляробы раёна паспелі засеяць ужо 52 % ад запланаваных плошчаў, амаль завершана падкормка азімага рапсу, прадаўжаецца – азімых зерневых, больш увагі варта звярнуць на ўнясенне арганікі. Сёлета на Дзятлаўшчыне на тры тысячы гектараў павялічаны клін ворыва, адпаведна неабходна правесці звышпланавую сяўбу, паклапаціцца аб травяных кармах, бо аснова ўсяго закладваецца менавіта вясной.
Парадак павінен быць ва ўсім
На абласным узроўні было ўзнята пытанне выкарыстання арэнднага жылля. Тэма прадоўжана і на раённай нарадзе. На Дзятлаўшчыне яна не крытычная, аднак патрабуе кантролю. Калі ў горадзе арэндныя метры запатрабаваны, то ў сельскай мясцовасці ёсць пытанні. Пераважна яны звязаны з тым, што дамы ўзводзіліся шмат гадоў таму, адпаведна патрабуюць рамонту, а часам і ўвогуле знаходзяцца ў аварыйным стане. Пад знос на Дзятлаўшчыне запланаваны шэсць такіх аб’ектаў, 13 мяркуецца прадаць ва ўласнасць. У Год добраўпарадкавання прадаўжаецца работа сельвыканкамаў і ў рамках Указа № 116, які скіраваны на ўлік, знос і продаж безгаспадарчых дамоў.
З надыходам спрыяльнага сезона набіраюць сілу і будаўнічыя работы. Праведзены працэдуры закупкі па пошуку падрадных арганізацый для рамонту дахаў у Гезгалаўскай сярэдняй школе і гімназіі № 1 горада Дзятлава, а таксама будаўніцтве шматфункцыянальнай пляцоўкі ў Дварэцкай сярэдняй школе.
У першым паўгоддзі па вуліцы Скарыны ў Дзятлаве плануецца спілоўванне дрэваў, падсыпка гравіем дарогі і ўладкаванне ўзбочыны. З красавіка будзе спынены праезд па мосце праз раку Шчару каля вёскі Малая Воля, дзе таксама пачнецца рамонт. Праводзяцца і запланаваныя на бягучы год работы па капітальным рамонце шматкватэрных жылых дамоў.
Рознае
На базе ўстановаў адукацыі ў час вясенніх канікул працуюць школьныя лагеры. На дагаворнай аснове з Дзятлаўскім РУП ЖКГ арганізавана работа студатрада: 10 старшакласнікаў будуць заняты на работах па навядзенні парадку ў райцэнтры, па пяць – у гарпасёлках Казлоўшчына і Наваельня.
25 сакавіка ў Гродне пройдзе абласны этап конкурсу “Я патрыёт сваёй краіны”, які ладзіцца ў рамках міжнароднай культурна-адукацыйнай патрыятычнай акцыі “Цягнік Памяці”. Наш раён у абласным цэнтры прадставяць Лізавета Дварчанін з сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава імя І. Ю. Філідовіча і Аляксандра Якшук з Новаяльнянскай сярэдняй школы імя А. А. Шаўчук.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#власть