На нарадзе: справы позняй восені
Завяршэнне глебаапрацоўчых работ, высокая актыўнасць ініцыятыўных груп, чысты горад і пасёлкі, амаль зімовы настрой дзятлаўчан – на гэтыя і іншыя тэмы гаварылі на штотыднёвай нарадзе ў старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага.
Бульба, яблыкі…
Адной з тэм абласной нарады, абмеркаванне якой было прадоўжана на раённай, стала цэнавае рэгуляванне кошту плодаагародніннай прадукцыі ў магазінах і на рынках рэгіёна, а таксама запаўненне стабілізацыйных фондаў фруктамі і агароднінай. Было адзначана, што згодна з данымі маніторынгаў, у харчовай карзіне жыхароў вобласці каля 0,5 % займаюць фрукты, яшчэ ніжэйшы працэнт – агародніна. Пры гэтым, усе магазіны як дзяржаўнай, так і прыватнай формаў уласнасці забяспечаны гэтай прадукцыяй, цэны на яе знаходзяцца на пастаянным кантролі. Стабілізацыйныя фонды запоўнены на 100 %. Ва ўсіх раёнах, у тым ліку Дзятлаўскім, былі арганізаваны сезонныя кірмашы, на якіх людзі набывалі сельскагаспадарчую прадукцыю. Усяго на іх раскупілі 700 тон агародніны і 60 тон яблыкаў.
На надзвычайныя сітуацыі рэагуем аператыўна
На мінулым тыдні абласным упраўленнем Міністэрства па надзвычайных сітуацыях былі праведзены адпрацоўкі чатырох раёнаў вобласці па рэагаванні ў выпадку рэзкага пагаршэння ўмоваў надвор’я. Дзятлаўскі раён аказаўся ў ліку чатырох “вязунчыкаў”, але, як далажыў на абласной нарадзе начальнік Гродзенскага АУМНС Дзмітрый Лакіза, наш раён справіўся з усімі заданнямі, заўвагаў па дзейнасці адказных і зацікаўленых службаў не было.
– Вельмі хочацца, каб усе рэагаванні былі неабходны толькі ў рамках вучэнняў. На жаль, сёння маем значную колькасць пажараў у раёне. Не ўпускайце з зоны пільнай увагі тэму пячнога ацяплення, прафілакціраваць здарэнні – ваша задача, – заўважыў ратаўнікам, назіральным камісіям, мясцовай уладзе старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі.
Таксама па тэме бяспекі Андрэй Уладзіміравіч акцэнтаваў увагу на забеспячэнні работнікаў прамысловых і сельскагаспадарчых прадпрыемстваў святлоадлюстроўваючымі элементамі і камізэлькамі.
– Кожны кіраўнік павінен паклапаціцца аб сваім калектыве. На прадпрыемствах многія прыязджаюць на веласіпедах або дабіраюцца пешшу на змену ў цёмны час сутак. Забяспечце людзей элементарнымі, але важнымі і неабходнымі сродкамі абароны – флікерамі і святлоадлюстроўваючымі камізэлькамі, – падкрэсліў старшыня райвыканкама.
У гаспадарках пройдуць дні ўзнаўлення
Сельская гаспадарка практычна завяршыла палявыя работы. Можна сказаць, аграрыі “разгрузіліся”. Засталося ўнесці арганіку на палі, дзе неабходна, і завяршыць уздым зябліва. Як расказаў першы намеснік старшыні райвыканкама – начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Віталій Шулейка, працэнт аб’ёмаў уздыму зябліва ў нашых прадпрыемстваў даволі высокі – больш за 70 % ад плана. У выхадныя, нягледзячы на прафесійнае свята, пастараліся гаспадаркі, якія крыху адставалі ад лідараў: “Граніт-Агра”, “Жукоўшчына”, “Дварэц-Агра”. Па завярэнні спецыялістаў, магутнасцяў дастаткова, работы будуць хутка завершаны.
Таксама прадаўжаюць сельгаспрадпрыемствы пастаноўку тэхнікі на зімовае захоўванне.
Кіраўнік раёна звярнуў увагу прысутных, што на першы план выходзяць пытанні жывёлагадоўлі, і паставіў задачу правесці ў бліжэйшы тэрмін у ААТ “Граніт-Агра”, ААТ “Дварэц-Агра”, КСУП “Войневічы” дні ўзнаўлення з удзелам актыву гаспадарак і ўсіх зацікаўленых раённых службаў.
Навялі парадак – цяпер упрыгожым
На Дзятлаўшчыне завяршыліся акцыі па навядзенні парадку на зямлі і лесааднаўленні. Як падкрэсліў Андрэй Садоўскі, сёлета ўсе арганізацыі і прадпрыемствы раёна вельмі актыўна паўдзельнічалі ў іх, за што ўсім вялікі дзякуй.
Цяпер жа раён рыхтуецца да навагодніх святаў. У райцэнтры ўжо ўстаноўлена частка новых светлавых экспазіцый на плошчы 17 Верасня. Да іх дадасца гірлянда і ўпрыгажэнні на цэнтральную ёлку. Таксама за сродкі раённага бюджэту набыты гірлянды і ўпрыгажэнні на ёлкі, якія будуць размяшчацца ў Казлоўшчыне, Наваельні і Гезгалах.
Старшыня райвыканкама прапанаваў правесці конкурс на лепшую цацку для навагодняй ёлкі сярод навучальных установаў Дзятлаўшчыны. Удзельнікамі нарады прапанова была падтрымана. Умовы і заданне конкурсу будуць распрацаваны ў хуткім часе. Раённая газета абавязкова пра іх раскажа.
Ірына КАМАРОВА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga