15 красавіка ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама прайшоў другі дзень моладзевага кірмашу вакансій. У час яго дзятлаўчане, якім ужо споўнілася 14 гадоў, мелі магчымасць даведацца аб варыянтах працаўладкавання на летніх канікулах.

Намеснік начальніка аддзела па працы і занятасці ўпраўлення Алена Савань падвяла вынікі работы з моладдзю:

– За два дні моладзевага кірмашу вакансій яго наведалі 224 чалавекі, 220 з якіх – падлеткі ад 14 да 18 гадоў. Вакансіі для працаўладкавання ім прапаноўвалі 24 наймальнікі Дзятлаўскага раёна. У летні перыяд усе яны гатовы прадаставіць работу маладым людзям як у саставе моладзевых студэнцкіх атрадаў, так і варыянты для другаснай занятасці або самастойнага працаўладкавання.

Першапачаткова мяркуецца на летніх канікулах задзейнічаць у другаснай занятасці (часовая занятасць для моладзі, якая фінансуецца з бюджэту) 115 працоўных месцаў. Яны будуць створаны на базе школ і ў рамках акцыі “Час добрых спраў” у Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна, дзе маладыя работнікі будуць дапамагаць добраўпарадкаваць тэрыторыі.

Сярод відаў работ, якія прапаноўваюцца для моладзі, у гаспадарках пераважаюць паляводчыя, па відавой праполцы сельскагаспадарчых культур, у Дзятлаўскім РУП ЖКГ – па ўборцы тэрыторый, у сферы абслугоўвання санаторый “Радон Альфа” запрашае для працаўладкавання афіцыянтаў, памочнікаў повара, памочнікаў бармэна, пакаёвак.

Варта памятаць, што пры працаўладкаванні непаўналетніх асоб ёсць пэўныя патрабаванні. Па-першае, гэта працягласць рабочага часу. На канікулах для падлеткаў 14-16 гадоў працоўны дзень не павінен перавышаць 4 гадзіны 36 хвілін, для моладзі 16-18 гадоў ён не можа быць большым за 7 гадзін. Па-другое, непаўналетнія работнікі не павінны быць задзейнічаны на цяжкіх работах і работах са шкоднымі ўмовамі. Падобным патрабаванням будуць адпавядаць усе працоўныя месцы для работнікаў ва ўзросце ад 14 да 18 гадоў, якія створаны ў Дзятлаўскім раёне.

Ірына СТЫРНІК

Фота арганізатараў   

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

About Author
administrator
View All Articles

Похожие публикации